«Каму ўвогуле можна верыць?» — Лявон Вольскі і Ганна Хітрык прэзэнтавалі супольны кліп

Лявон Вольскі і Ганна Хітрык прэзэнтавалі сёньня відэакліп на супольную песьню «Вера, надзея, любоў». Здымкі відэа, рэжысёрам якога стаў Мацей Сабураў, адбыліся два месяцы таму, усяго за тры дні да таго, як Ганна нарадзіла сына.

«Назва кліпа гаворыць сама за сябе. “Вера, надзея, любоў” — тое, што цяпер, як нам падаецца, так патрэбна і беларускаму народу, і ўсяму сьвету, — распавёў аўтар песьні Лявон Вольскі ў эфіры TUT.BY-ТВ, прэзэнтуючы кліп. — Мы паспрабавалі даць людзям пазытыўныя эмоцыі ды дапамагчы задумацца пра спрадвечныя каштоўнасьці, якія неабходныя кожнаму ў любой сытуацыі».

Кліп раскрывае дзьве чалавечыя натуры: адна зь іх увесь час сумняецца, а іншая верыць. «Памятаеце, "Дзве душы" у Максіма Гарэцкага», — кажа Вольскі.

«Мы жывем у век сумневаў. Верыць у гэта ці ў тое? Каму ўвогуле можна верыць? Што рабіць? Для чаго мы жывем? Усе задаюць гэтыя пытаньні, але пры гэтым не перастаюць спадзявацца і верыць, — дзеліцца сваімі ўражаньнямі акторка Купалаўскага тэатра Ганна Хітрык.

Рэжысёр кліпа Мацей Сабураў, які запазычыў ідэю здымак у клясычным фільме Аляксея Германа «Проверка на дорогах», перакананы, што задума атрымалася, бо яе рабілі «дарослыя людзі».

«Рок-музыкаў у нас прынята лічыць тынэйджэрамі зь ветрам ў галаве і стымулятарамі. Мы дарослыя людзі зь сем’ямі, дзецьмі і думкамі ў галаве. Таму хацелася, каб гэтая праца ўспрымалася менавіта ў такой сыстэме каардынатаў», — падкрэсьліў Сабураў. 

Паводле tut.by

13:35, 22/03/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0899 seconds.