У Беларусі будуць вучыцца яшчэ і гамбійскія студэнты

На сустрэчы зь міністрам замежных спраў Гамбіі міністар адукацыі Маскевіч пагадзіўся прыняць гамбійскіх студэнтаў на навучаньне ў Беларусь. Таксама было абвешчана аб праграме ўзаемных абменаў выкладчыкаў і студэнтаў.


Гамбія - маленькая краіна дзесьці ў Афрыцы

Паводле БелТА, у час сустрэчы двух міністраў высьветлілася, што ў асобе далёкай афрыканскай краіны Беларусь знайшлі яшчэ аднаго «стратэгічнага партнэра»:

«Беларусь для нас — стратэгічны партнэр, і мы хацелі б, каб беларускія ВНУ прынялі на навучаньне моладзь з нашай краіны», — заявіў міністар замежных спраў Гамбіі Мамаду Тангара.

У адказ міністар адукацыі Сяргей Маскевіч прапанаваў гамбійцам падвучыцца ў Беларусі. Ён асоба прарэклямаваў БДУІР як адзінае беларускае ВНУ, дзе ёсьць адна ангельскамоўная праграма. Па яго словах, студэнты з гэтай краіны вучацца ў нас ужо з 1963 году.

Таксама міністры ўзгаднілі праекты акадэмічных абменаў і паездак у Гамбію і Беларусь рэктараў, выкладчыкаў і студэнтаў дзеля «цікавых праектаў». Таксама ёсьць магчымасьць беларускім выкладчыкам ВНУ уладкавацца для працы ў гамбійскіх унівэрсытэтах.

У беларускіх ВНУ пераважае азіяцкі вэктар навуковага супрацоўніцтва зь іншымі ўнівэрсытэтамі. Так, той жа БДУІР, паводле інфармацыі Ўпраўленьня міжнароднага супрацоўніцтва ўнівэрсытэту, асабліва ганарыцца супрацай зь кітайскімі, расейскімі і віетнамскімі ВНУ.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0644 seconds.