Лепшае беларускае і замежнае паводле Ultra-Music Awards 2010


Заснавальнік сайту Ultra-Music.com Вячаслаў Радзівонаў

Музычны год 2010 працягвае падвядзеньне вынікаў. У паб-клюбе «Графіці» прайшло ўручэньне ўзнагародаў у межах другой прэміі Ultra-Music Awards. Лепшыя песьні і альбомы году ў Беларусі і за мяжою, падзея году і адмысловыя прызы ад рэдакцыі парталу сьвяткаваліся ўчора пад выступы Sang Sattawood, Clover Club і IQ48. І мы там былі, музыкаў віншавалі і фотарэпартаж рабілі. 

Ultra-Music Awards ладзіцца ўжо другі год запар. Галасаваньне праходзіла зноўку ў два этапы: на першым кожны ахвотны мог прапанаваць да дзесяці прэтэндэнтаў па кожнай намінацыі, а потым праходзіла онлайн-галасаваньне па найбольш узгаданых альбомах і выканаўцах.

Пераможцы Ultra-Music Awards 2010 (па выніках онлайн-галасаваньня)

  • Лепшы замежны альбом году — Gorillaz «Plastic Beach»
  • Лепшая замежная песьня году — Hurts «Wonderful Life»
  • Лепшы беларускі альбом году — Green Pepper «Get on the Right Road»
  • Лепшая беларуская песьня году — Ляпіс Трубяцкой «Грай»
  • Музычная падзея году ў Беларусі — Канцэрт Rammstein у «Мінск-Арэне»

Вядома, ня ўсе пераможцы, тым болей замежнікі, здолелі дабрацца ў суботу ва ўтульны менскі «Графіці». Аднак і безь іх было выдатна. А рэдакцыя Ultra-Music паабяцала вылавіць пераможцаў «па эўропах» і абавязкова ўручыць узнагароды. Хіба што кволы адміністратар гурта Green Pepper за шыльдачкай за лепшы беларускі альбом году зьявіўся. Ды адзін з арганізатараў прыезду Rammstein забраў узнагароду за музычную падзею году.

Інтрыгай сталі адмысловыя прызы ад музычнага парталу. Павал Юрцэвіч са студыі «Осмас» нездарма прыйшоў пры поўным парадзе — трыб’ют гурта Ы.Ы.Ы. «Васька Ж.Ы.В!», прысьвечаны памяці Васі Шугалея, адзначаны як лепшы праект году.


Павал Юрцэвіч


Sang Sattawood


Clover Club


IQ48

Усе з заяўленых на канцэрт музыкаў сышлі ўчора з ганаровымі шыльдачкамі. Sang Sattawood — дэбют году, Clover Club — адкрыцьцё году, IQ48 — за ўнёсак у разьвіцьцё беларускай музыкі. З такім настроем учора і сьвяткавалі: спачатку за дэбют, потым адкрывалі і адкрываліся, а напрыканцы поўны ўнёсак быў:) з танцамі на стойках.

Поўны фотарэпартаж з UMA’2010 — у нашым фотаблогу

tarka 00:00, 28/02/2011 | Рэпартажы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1478 seconds.