ЗША выдаткуюць 2 млрд $ на стварэньне вольных да капіяваньня падручнікаў
Дэпартамэнт працы і дэпартамэнт адукацыі ЗША абвясьцілі аб выдзяленьні двух мільярдаў даляраў на стварэньне адмысловага фонду, мэтай якога стане стварэньне адкрытых адукацыйных матэрыялаў (OER) для вучняў у каледжах і іншых вышэйшых адукацыйных установах ЗША.
У афіцыйнай заяве аб пачатку праграмы сьцьвярджаецца, што ўсё створанае на грошы фонду будзе распаўсюджвацца па ліцэнзіі Creative Commons Attribution (CC BY). То бок паводле прынцыпаў на якіх распаўсюджваецца мноства кантэнту ў Сеціве: дазваляецца бясплатна капіяваць і перапрацоўваць твор з пазначэньнем аўтарства.
Праграма зьяўляецца часткай ініцыятывы, агучанай прэзыдэнтам ЗША Баракам Абамай. Ідэяй Абамы ёсьць павялічэньне колькасьці вучняў каледжаў ў ЗША і дасягненьне самай вялікай ў сьвеце колькасьці кваліфікаваных работнікаў.
Матэрыялы выдадзеныя на ўмовах ліцэнзіі CC BY можна свабодна выкарыстоўваць, рэміксаваць, перакладаць, браць за аснову пры стварэньні іншых твораў.