Беларускія сілавікі выходзяць у Twitter?

Усьлед за таварышамі з кітайскай паліцыі, што на мінулым тыдні ініцыявала масавае стварэньне мікраблогаў сваіх супрацоўнікаў для паляпшэньня іміджу, у беларускім Сеціве зьявіліся аналягічныя мікраблогі КДБ і Міністэрства абароны. Застаючыся пакуль на менш афіцыйным узроўні, чым іх сталыя калегі-юзэры з ГУУС Менску, якія вядуць Twitter даволі даўна, сілавікі пакуль вольна дыскутуюць у Сеціве з «простымі грамадзянамі».

Шэфы кітайскай паліцыі вырашылі ўзьняць уласны імідж у вачах шарагоўцаў праз масавы выхад супрацоўнікаў правааходных органаў у кітайскі аналяг сацыяльнай сеткі Twitter. Апошняя, дарэчы, ужо год як перакрыта на прасторах Паднябеснай з-за палітычнай небясьпекі для ўладаў. Як і ў арыгінальнай сусьветнай вэрсіі, у кітайскім сэрвісе мікраблогаў можна пакідаць допісы памерам ня болей за 140 сымбаляў.

Рупар кітайскіх уладаў агенцыя «Сіньхуа» патлумачыла раптоўнае зьяўленьне твітэр-акаўнтаў больш чым 500 супрацоўнікаў паліцыі імкненьнем «скіраваць грамадзкае меркаваньне» ў патрэбным накірунку. Акрамя таго паліцыя ў кітайскім Інтэрнэце зоймецца, у прыватнасьці, інфармаваньнем аб больш бясьпечных паводзінах у грамадзтве і ў хаце.

Выйсьці ў Твітэр паліцэйскія вырашылі пасьля закліку аднаго з шэфаў кітайскай паліцыі, які параіў ім лепей выкарыстоўваць магчымасьці сацыяльных сетак для працы з насельніцтвам. Працаваць прыйдзецца даволі шмат: як паведамляе BBC, у кітайцаў ня надта станоўчае стаўленьне да супрацоўнікаў праваахоўных органаў, бо тыя лічыцца карумпаванымі аматарамі жорстка абыходзіцца з уласнымі грамадзянамі.

У Твітэры зьявіліся акаўнты КДБ і Міністэрства абароны

Усьлед за кітайскімі калегамі мікраблогі завялі супрацоўнікі беларускага Камітэту дзяржаўнай бясьпекі і Міністэрства абароны. Пра асобаў, якія стаяць за гэтымі акаўнтамі, вядома пакуль няшмат.

Так, акаўнт Міністэрства абароны завецца сьціпла «Минобороны РБ» і крочыць за (то бок сябруе з) USArmy — афіцыйны Твітэр войскаў ЗША, а таксама Пэнтагонам, БРСМ, тым жа КДБ і ГУУС Менску.

І калі міліцэйскі акаўнт, бадай першы ў Беларусі афіцыйны мікраблог, вядзецца ўжо даволі даўна, то юзэр KGB_Minsk існуе непрацяглы час — паўстаў ён празь некалькі тыдняў пасьля падзеяў Плошчы.

Уладальнік KGB_Minsk сьцьвярджае, што ў КДБ працуе «шмат сапраўдных патрыётаў Беларусі», адказвае на пытаньні іншых юзэраў клясычным правапісам і прызнаецца, што працуе ў КДБ па разьмеркаваньні.

Ужо на наступны дзень пасьля зьяўленьня акаўнту КДБ-Мінск журналісты высьветлілі, што ён не належыць афіцыйным прадстаўнікам КДБ, хаця аўтар допісаў у мікраблогу сьцьвярджае, што зьяўляецца супрацоўнікам Камітэту дзяржаўнай бясьпекі. Праверыць гэта дакладна пакуль не атрымалася, хаця мікраблогер, па яго словах, ужо паслаў свае дакумэнты дзеля пацьвярджэньня статусу адміністрацыяй Твітэру.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0602 seconds.