З 2012 году паступіць у беларускі ўнівэрсытэт можна будзе празь Інтэрнэт

Сыстэма электроннага залічэньня ў ВНУ, дзякуючы якой студэнтам можна стаць не выходзячы з хаты, а дакумэнты на залічэньне падаваць адразу ў некалькі ВНУ, ужо амаль распрацаваная ў Беларусі. Але запусьціць яе не даюць… ільготнікі. Так ці інакш, да 2012 году Мінадукацыі абяцае вырашыць праблему і дазволіць абітурыентам падаваць дакумэнты ў электронным выглядзе.

«Ужо ў 2012 годзе заплянавана апрабаваць [сыстэму электроннага залічэньня] ў рэальных умовах падачы дакумэнтаў», — заявіў першы намесьнік міністра адукацыі Аляксандр Жук.

Па інфармацыі naviny.by, новая сыстэма электроннага залічэньня ў ВНУ распрацоўваецца ў БДУІР. Яе сутнасьць палягае ў рэйтынгу ўнівэрсытэтаў, які сам для сябе будуе абітурыент. Рабіць гэта можна не выходзячы з хаты. Электронная падача дакумэнтаў дазволіць стаць абітурыентам адразу некалькі ВНУ.

Адзінае, што перашкаджае пачатку тэставаньня сыстэмы — льготнікі, якія паступаюць ва ўнівэрсытэты па асаблівых правілах. Да 2012 году праблема зь ільготнікамі мусіць быць вырашаная. Якім шляхам, пакуль невядома.

Праграмістаў стане на 30% болей

Але рэформа сыстэмы паступленьня будзе адбывацца ня толькі ў тэхнічнай частцы. Ужо абвешчана аб плянах пераразьмеркаваньня лічбаў набору на карысьць «спэцыяльнасьцяў галіны інфармацыйных тэхналёгій». Набор на іх у 2011 годзе, як перадае «Інтэрфакс-Захад», можа быць павялічаны на 30% адсоткаў.

Таксама з наступнага году пры паступленьні на «творчыя» спэцыяльнасьці большую ўвагу будуць надаваць дадатковаму іспыту ў сьценах ВНУ.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0608 seconds.