Лукашэнка ня хоча адмаўляцца ад прызыву
Беларускае войска ня пойдзе ўсьлед за суседзямі і выключна прафэсійным ставіцца ня будзе. Аргумэнт просты: у нас войска і так прафэсійнае. Пра гэта заявіў прэзыдэнт Лукашэнка.
Хто яшчэ захаваў вайсковую павіннасьць? Чырвоны - прызыў ёсьць. Аранжавы - прызыў хутка плянуецца адмяніць. Схема wikipedia.org
«Пытаньне пераводу арміі на прафэсійную аснову ў нас не стаіць, — перадае словы прэзыдэнта БелТА. — І што значыць — перавод войска на прафэсійную аснову? У нас усё войска прафэсійнае».
На думку прэзыдэнта, кожны мусіць прайсьці службу ў войску. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што служыць у войску варта, калі «ты хочаш быць сапраўдным мужыком». Па яго словах, у беларускім войску адсутнічае дзедаўшчына.
Але некаторыя роды войскаў усё ж плянуецца зрабіць прафэсійнымі. У прыватнасьці, з 2015 году ў памежных войсках будуць служыць толькі кантрактнікі.
Лукашэнка адзначыў, што Беларусь імпэрыяй ня лічыць, таму і вялікае войска яму не патрэбнае. Цяпер у беларускім войску служыць 65 тысячаў чалавек (па іншым дадзеным 73 тысячы). Па колькасьці вайскоўцаў на тысячу грамадзян Беларусь займае 27 месца ў сьвеце (Расея на 29-м, Украіна на 99 месцы).
Прэзыдэнт называе праблемай тое, што армія пакуль не ахоплівае службай ўсё мужчынскае насельніцтва. Нагадаем, што з гэтай восені студэнты-завочнікі згубілі права на адтэрміноўку ад службы ў войску.
Сярод суседзяў Беларусі, толькі Расея яшчэ захоўвае прызыў у войска. Ва Ўкраіне плянуецца пераход на кантрактную службу, як тое ўжо зрабілі ў Польшчы, Літве, Латвіі. Нядаўна міністар абароны Нямеччыны таксама агучыў пляны адмены ад усеагульнай вайсковай павіннасьці, назваўшы існуючую мадэль войска «недастаткова эфэктыўнай».