Лушчык і Булка прызнаюцца ў каханьні да Менску тройчы

У Сучасным мастацкім тэатры днямі адбудзецца прэм’ера спэктаклю, які пастаўлены па матывах знакамітага кінаальманаху «Парыж, я кахаю цябе». Але прызнавацца ў каханьні акторы будуць зусім не французскай, а беларускай сталіцы. Сярод сцэнарыстаў пастаноўкі значыцца Андрэй Курэйчык, а сярод актораў — Люся Лушчык і Яўген Булка.


Рэпэтыцыя гісторыі «Вясельля ня будзе!». Фота з блогу Дыяны Балыка

Героі менскай вэрсіі прызнаньня ў гарадзкім каханьні —  трасянкамоўныя вяскоўцы(Лушчык), менскія біёлягі і маскоўскія бізнэсоўцы. Пытаньні і тэмы стандартныя: «чаму я застаюся ў гэтым горадзе, нягледзячы ні на што?», «чысты горад» і «чортава талерантнасьць беларусаў».

Рэпрэзэнтаваць шараговых менчукоў у пастаноўцы будуць вядоўцы Яўген Булка і Люся Лушчык. Кожны зь іх сыграе ў трох гісторыях, зь якіх складаецца спэктакль. Але ва ўсіх мініп’ес розныя аўтары: Андрэй Курэйчык, Мікалай Рудкоўскі, Дыяна Балыка — і рэжысёры.


Булка і Лушчык на рэпэтыцыі. Фота СМТ

Гісторыя кінаальманахаў пра любоў да мэгаполісаў пачалася са стужкі «Парыж, я кахаю цябе», якая складалася з 18 любоўных гісторый, зьнятых майстрамі сусьветнага кінематографу. Прэм’ера «Парыж, я кахаю цябе» адбылася ў 2006 годзе на Канскім кінафэстывалі, пасьля чаго ідэю прызнаньня ў каханьне да гарадоў падхапілі ў Нью-Ёрку, а пасьля і ў Маскве.

Нядаўна ў стваральнікаў першых двух вэрсій фільму ўзьніклі прэтэнзіі да прадусараў фільму «Масква, я кахаю цябе», які выйшаў нядаўна. Генэральны прадусар «Парыжу…» і «Нью-Ёрку…» прыгразіў падаць у суд на стваральнікаў маскоўскай вэрсіі, калі тыя ня выплацяць яму кампэнсацыю, бо маскоўскія прадусары ліцэнзію на ўласную вэрсію не набывалі. Стала вядома, што права на здымкі аналягічнага фільму прададзеная жадаючым стварыць карціну аб Рыё-ды-Жанэйра і Іерусаліме. Ці вялі перамовы з праваўладальнікамі ідэі стваральнікі менскага спэктаклю, не паведамляецца.

Першы паказ адбудзецца на сцэне малой залі КЗ «Мінск» 3 кастрычніка.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0677 seconds.