Новая «Крамбамбуля» з новымі песьнямі
«Крамбамбуля» вяртаецца да публікі пасьля 3-гадовага перапынку з новым складам і прэзэнтуе новы сінгл гурта «Раз-два-тры – усе за стол!».
«Крамбамбуля» — адзін з найбольш яскравых і папулярных беларускіх музычных калектываў дзесяцігодзьдзя. Менавіта гэтаму гурту на чале з Лявонам Вольскім мы мусім дзякаваць за сапраўдныя народныя хіты «Абсэнт», «Госьці», «Турысты» і шмат іншых цудоўных песень.
На новым сынгле «Крамбамбуля» вяртаецца да публікі пасьля 3-гадовага перапынку з новым складам, новымі песьнямі і фірмовым добрым настроем!
«Крамбамбуля» захавала свае лепшыя якасьці і набыла новых колераў, стыляў і нават галасоў. Цяпер у нас усе не толькі граюць і танчаць, але яшчэ і сьпяваюць! - распавядае Лявон Вольскі. — Энэргіі назапашана шмат, таму зараз мы распрацоўваем адразу некалькі новых творчых вэктараў. Па-першае, рыхтуецца вясельная праграма, у межах якой мы спалучаем лепшыя здабыткі рок-н-ролу, сонечнага ска і вясковага калярыту. Да яе і адносіцца гэты сінгл. Па-другое, рыхтуем праграму народных песень Беларусі і іншых краін. Да яе таксама зробім сінгл.
Зараз «Крамбамбуля» — гэта Лявон Вольскі (вакал, гітара), Паўлюк Рысь (гітара, вакал), Альгерд Гарус (гітара, вакал), Алесь-Францішак Мышкевіч (бас, вакал), Сяржук Штэндэр (бубны, вакал), Радаслаў Сасноўцаў (труба, вакал), Кастусь Карповіч (трамбон, вакал).
Пры канцы года «Крамбамбуля» плянуе вялікі канцэрт з новай праграмай, а да гэтага музыкі зьбіраюцца зьняць кліп на адну з песень сінгла «Раз, два, тры - усе за стол!». А на якую - вырашаць слухачы праз адмысловае інтэрнэт-галясаваньне, якое ужо пачалося.
Спампаваць новыя песьні, караоке-вэрсіі гэтых песень, а таксама прагаласаваць за лепшую песьню сінгла (на яе і будзе зьняты кліп) можна на афіцыйнай старонцы krambambula.by.
Паводле прэс-рэлізу