Дзе сустрэнуцца рэктары ЭГУ і БНТУ?

Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт стаў сябрам Міжнароднай асацыяцыі ўнівэрсытэтаў. Знамянальна, што сярод 150 яго сяброў ёсьць яшчэ адзін беларускі ўнівэрсытэт — БНТУ. Такім чынам рэктары двух гэтых паважаных ВНУ атрымалі магчымасьць перакрыжавацца на бліжэйшым форуме арганізацыі.

Міжнародная асацыяцыя ўнівэрсытэтаў (International Association of Universities — IAU) займаецца вывучэньнем і выпрацоўкай агульных канцэпцый па вырашэньню глябальных пытаньняў вышэйшай адукацыі. Арганізацыя супрацоўнічае зь міжнароднымі, рэгіянальнымі і нацыянальнымі структурамі, якія праяўляюць актыўнасьць у гэтых пытаньнях. IAU таксама выконвае функцыю міжнароднага рэгістратара ўнівэрсытэтаў.

IAU існуе пад эгідай ЮНЭСКА і аб’ядноўвае болей за 150 унівэрсытэтаў па ўсім сьвеце ад Пакістану да ЗША. Штаб-кватэра заснаванай 60 гадоў таму арганізацыі знаходзіцца ў Парыжы.

Дарэчы, нягледзячы на крытыку беларускіх адукацыйных устаноў з боку эўрапейскіх структур з-за выключэньняў грамадзка актыўных студэнтаў, і Беларускі нацыянальны тэхнічны ўнівэрсытэт, і Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт захоўваюць і нават пашыраюць сваё сяброўства ў прэстыжных эўрапейскіх унівэрсытэцкіх асацыяцыях.

Так, акрамя IAU БНТУ і БДУ уваходзяць у Эўрапейскую асацыяцыю ўнівэрсытэтаў (European University Association — EUA) — там яшчэ каля 840 ВНУ з усёй Эўропы, якія разам аказваюць даволі істотны ўплыў на разьвіцьцё вышэйшай адукацыі ў рэгіёне.


Рэктар ЭГУ прафэсар Анатоль Міхайлаў

Усе сябры арганізацыі раз на некалькі гадоў сустракаюцца на глябальных канфэрэнцыях. Наступная будзе ладзіцца ў 2011 у Індыі. Як вядома, Анатоль Міхайлаў, рэктар зачыненага ў 2004-м у Менску і перадысьлякаванага ў 2006-м у Вільню ЭГУ даўна не бываў у Беларусі. Магчыма, яго калега, рэктар БНТУ Барыс Хрусталёў, знойдзе час на агульнай сустрэчы, каб распавесьці Міхайлаву што-небудзь з апошніх адукацыйных навінаў Беларусі. Напрыклад тое, што Беларусь ужо ў 2012 магчыма ўступіць у Балоньскі працэс.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0705 seconds.