Бой падушкамі забаранілі, бо Ціцянкоў «не зразумеў» мерапрыемства

Падобна на тое, што чыноўнікам не па душы новы, пазытыўны моладзевы лёзунг — «Перакуём мячы на падушкі!» Чарговы Падушачны бой, які быў прызначаны на 8 верасьня, забараніў асабіста намесьнік старшыні Менгарвыканкама — Міхаіл Ціцянкоў. Прычына адмовы — Ціцянкоў «не зразумеў» мерапрыемства. Арганізатары падушачных баталій падазраюць чыноўніка ў таемнай апазыцыйнасьці і выклікаюць яго на дуэль.

Першыя падушачныя баі — 15 ліпеня і 8 верасьня 2009 г. — прайшлі ў Менску «на ўра», з морам радасьці і весялосьці для ўдзельнікаў. Іх фотаздымкі абляцелі Інтэрнэт і СМІ, прычым ня толькі блізкага замежжа. Беларуская моладзь заявіла сабе і сьвету: мы не панурая краіна «бульбы, Чарнобыля і дыктатуры», мы — яркія і пазытыўныя!

Трэці Падушачны бой арганізатары з МГА «Гісторыка» прызначылі на 600-ю гадавіну Грунвальдзкай бітвы — 15 ліпеня 2010. Месяц ішлі перамовы з Менгарвыканкамам і Міністэрствам культуры аб узгадненьні акцыі. Міністэрства культуры адобрыла праект — але гарадзкіх уладаў гэта, падобна, ня ўразіла. Падушкі апынуліся па-за законам. Каля 200 чалавек, якія прыйшлі на сьвята пуху і пяра, былі затрыманыя, а адзін з арганізатараў — Андрэй Кім — арыштаваны і аштрафаваны. Але нягледзячы ні на што, больш за 500 маладых мінчан усё-ткі змагаліся падушкамі ля Нацыянальнай Бібліятэкі.


Перад чарговым падушачным боем — 8 верасьня, у гонар нацыянальнай перамогі — Бітвы пад Воршай — арганізатары зноў паспрабавалі атрымаць дазвол на мерапрыемства ў гарадзкіх уладаў.

Каля месяца было выдаткавана на бясконцыя ўзгадненьні ў Менгарвыканкаме (ўпраўленьні ідэалёгіі). Гарадзкія ўлады фактычна абяцалі афіцыйна дазволіць маладым менчукам ўволю адвесьці душу ў парку Дружбы Народаў. Гэта зьняло б мноства пытаньняў зь «несанкцыянаванага» сьвята, з аховай і бясьпекай. Арганізатары ўжо пасьпелі анансаваць бой. Аднак 25 жніўня, на сустрэчы зь Міхаілам Ціцянковым, які павінен быў пацьвердзіць дазвол, яны атрымалі раптоўную адмову. Матывацыя чыноўніка ўражвае сваёй глыбінёй і ляканічнасьцю: «Мерапрыемства — глупства. Я яго не разумею. Таму я яго забараняю».

«Я абураны да глыбіні душы, — кажа актывіст МГА „Гісторыка“ Валянцін Сакалоўскі, — Баі падушкамі ўжо пасьпела ўхваліць Міністэрства Культуры, упраўленьне культуры і ўпраўленьне ідэалёгіі Менгарвыканкама. У падушачных бітвах ўдзельнічалі тысячы менчукоў, ім прысьвечаны сотні артыкулаў у газэтах і інтэрнэце. Атрымліваецца, усе разумеюць, а Міхаіл Ціцянкоў — не! Каб даказаць нашу правату, я гатовы выклікаць намесьніка мэра або любога прадстаўніка гарадзкога аддзела ідэалёгіі на дуэль. Зразумела — на падушках!»

Яшчэ адзін арганізатар баёў падушкамі Андрэй Кім мае сваю вэрсію забароны:

«Думаю, што адмова зьвязаная з тым, што Ціцянкоў — апазыцыянэр, які працуе на разбурэньне існуючага дзяржаўнага ладу. Інакш патлумачыць забарону, пасьля якой замест пазытыўнага іміджу Менска будзе ў чарговы раз стварацца чорная карціна „сталіцы апошняй дыктатуры“, нельга. Магчыма, ён таемны сябра БНФ, або „Кажы праўду“».

Менчукам застаецца толькі гадаць пра прычыны такой яркай нелюбові намесьніка мэра да лепшага сябра чалавека — падушкі. Тым часам, пасьля «неразуменьня» чыноўніка МГА «Гісторыка» і іншыя заяўнікі атрымалі ад уладаў афіцыйныя адмовы па трох з чатырох меркаваных пляцоўках для падушачнага бою. Матывацыя адмоваў абсурдная. На плошчы Бангалёр людзям з падушкамі забаронена зьбірацца ў сувязі з тым, што на суседняй вуліцы… кладуць цеплатрасы. Сквэр ім. Янкі Купалы і пляцоўка ля Нацыянальнай бібліятэкі трапілі пад забарону ў сувязі з тым, што падушкамі нібыта будзе нанесены ўрон зялёныя насаджэньням. А наконт заяўкі на правядзеньне мерапрыемства ў парку 50-годзьдзя Кастрычніка чыноўнікі проста не напружыліся адказваць — па сканчэньні вызначанага законам тэрміну адказу так і не зьявілася.

Падушачны бой 8 верасьня ў Парку дружбы народаў адменены. Аднак моладзь заяўляе, што сьвята ўсё роўна адбудзецца — проста зьменіцца фармат і месца.

Падушкі не перамагчы!

Паводле прэс-рэлізу

13:00, 06/09/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0618 seconds.