1300 км зь Менску: выяжджаем на Sziget!


Photo by Gergely Csatari

Намёты складзеныя, праграма вывучаная, пашпарты-страхоўкі ў кішэні, кідаем апошні позірк на сьпякотны жнівеньскі Менск і рушым у аўтападарожжа на адну з самых галоўных эўрапейскіх музычных падзеяў году — фэстываль Sziget у Будапэшце. Амаль тыдзень (10–15 жніўня) на 15 сцэнах будзе ўсё — ад рэгі да мэталу. Зацэнім Muse, Iron Maiden, Faithless, Papa Roach, Bad Religion, Nina Hagen, Il Nino, Paradise Lost ды яшчэ некалькі сотняў выступоўцаў з усяго сьвету. Аддацца сігетаманіі гатовыя!

Адзін з буйнейшых фэстываляў музыкі і культуры Эўропы Sziget ладзіцца штогод на востраве сярод Дунаю, адсюль і назоў: «сігет» па-вугорску — выспа. На фэстывальны тыдзень востраў насамрэч ператвараецца ў моладзевы шматнацыянальны горад з «колькасьцю жыхароў» да 400 тысячаў! Кажуць, там яблыку няма дзе ўпасьці, а намёт можна кінуць хоць пад мэйн стэйджам, калі ня страшна прачнуцца пад нагамі ў слэме пад якіх-небудзь Children of Bodom:)

Стартаваў фэст у 1993 годзе і ладзіўся тады вугорскімі нефармаламі ды мастакамі, не разбэшчанымі культурніцкімі івэнтамі за камуністычнай эпохай. Дэфіцыт ліквідоўвалі оўпэн-эйрам з удзелам вугорскіх музыкаў, усё ладзілася на голым энтузіязьме, ды й назоў тады фэстываль меў адпаведны — Diáksziget («студэнцкая выспа»). Аднак год за годам, фэстываль рос, зьявіліся грошы ды спонсар, і падзея шэсьць год ладзілася ўжо як Pepsi Sziget. А з 2002 году Сігет стаў проста Sziget’ам — колькасьць спонсараў толькі расьце, музыкі едуць з усяго сьвету, а за імі і сотні тысяч наведвальнікаў.

Сярод тысячаў выканаўцаў, ступала на сігетавую зямлю і нага беларускіх музыкаў: у 2000-м годзе адразу два гурты Gods Tower і Troitsa пасьпяхова адзначыліся на «высьпе». Сёлета беларусы зноў у праграме — «Ляпіс Трубяцкой» з «агітпопам». Лэсьлі з «годстаўэраў» , які пабачыў не адзін эўрапейскі фэст, Сігет прыгадвае асабліва: «Там добрае віно, — кажа шэптам і працягвае. — І вугорцы файныя. На фэстывалі — сама тое з усімі тусіць!»

Sziget карыстаецца папулярнасьцю ў лёгкіх на пад’ём беларусаў (сёлета едзе ля сотні дык дакладна). Прынамсі, тыя, хто хоць раз туды трапляў, падаецца, парабіліся «залежнымі» і канкрэтнымі сігетаманамі, прагнучы бываць там штогод:) Што стане там з намі — паглядзім, аднак да прыгодаў і авантураў гатовыя! Агледзімся, абжывемся ды паспрабуем вырывацца ў онлайн, каб дзяліцца нашымі адкрыцьцямі з вандроўкі ў мекку музычных аматараў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0616 seconds.