Фольк-фэст «Камяніца» абвяшчае хэдлайнэраў і шукае таленты

4 верасьня ў Музэі народнай архітэктуры і побыту мае адбыцца фольк-фэст «Камяніца». У гэтым годзе хэдлайнэрамі мерапрыемства будуць этна-трыа «Троіца» і гурт «Палац». Сродкі ад продажу квіткоў пойдуць на рахункі музэю.

Музэй народнай архітэктуры і побыту знаходзіцца ў вёсцы Азярцо ў 5 кілямэтрах ад Менску (за аўтарынкам «Малінаўка»). На маляўнічых лугах пад блакітным небам стаіць унікальная калекцыя помнікаў драўлянай архітэктуры 18–20 стагодзьдзяў з усёй Беларусі: дамы і цэрквы, млыны і гаспадарчыя будынкі.

Фэстываль упершыню адбыўся год таму, сабраўшы каля 2 тысяч гледачоў. Тады музычную праграму ўзначалілі гурты Kriwi, «Стары Ольса», «Нагуаль», «Джамбібум».

«У мінулым годзе мы хутчэй спрабавалі свае сілы, таму гэтым разам мы павінны ўсё зрабіць яшчэ лепш на ўсіх узроўнях, ад транспарту да музычнай праграмы, — распавядае каардынатар фэстывалю Сяргей Чыгрынец. — Акрамя хэдлайнэраў будуць іншыя досыць вядомыя гурты, але галоўнае — мы шукаем новыя таленты, каб паказаць іх на нашым фэсьце. Бо нешта ўсе кажуць, што новых фольк-выканаўцаў няма, але мы не жадаем верыць у гэта».

Запісы трэба дасылаць на мэйл kamyanitsa@gmail.com да 15 жніўня. Лепшы гурт абярэ аўтарытэтнае журы на чале з Алегам Хаменка («Палац») і Іванам Кірчуком («Троіца»).

Кошт квіткоў на мерапрыемства будзе звычайны для музэю — 6300 руб. для дарослых, 3150 руб. для школьнікаў. Фэст працягнецца з 15 да 22 гадзіны. Папярэдняя рэгістрацыя і дадатковая інфармацыя на сайце http://fest.kamyanitsa.by. Даведка: (029) 670 13 30, (017) 507 69 37.

10:00, 26/07/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0758 seconds.