Музычная прабежка з нагоды глябальнага пацяпленьня

Міні-фэстываль «Глябальнае пацяпленьне» ўжо ў другі раз прайшоў у Менску — 18 чэрвеня ў клюбе «Рэактар». Ініцыятарка фэсту Стася з гурта «По глазам» літаральна бегала ўвесь вечар з залі-у-грымёрку-на-сцэну, прадстаўляючы сваіх сяброў — удзельнікаў фэстывалю, апрануўшы для зручнасьці не глямурную канцэртную сукенку ў паетках, а зручныя спартовыя нагавіцы ды майку. Гурты The Pure, Rahis, Rockkeepers, «По Глазам» і Litesound — у фотарэпартажы Generation.by.

Мабыць, якраз з-за глябальнага пацяпленьня большасьць патэнцыйных наведвальнікаў фэсту ў цёплы пятнічны вечар кінуліся бліжэй да вадаёмаў ці абралі нясьпешныя гарадзкія шпацыры. У «Рэактары» было вольна. Падавалася, што многія прысутныя паміж сабою знаёмыя. Стася паміж выступамі зьяўлялася на сцэне побач з харызматычным вядучым і ўзгадвала гісторыі, як пазнаёмілася з тымі ці іншымі ўдзельнікамі фэсту, жартавала ды прадстаўлялася глямурнай дзеўкай, у якой «Рэактар» проста на заднім дворыку катэджу, таму менавіта тут і сабраліся.

Rahis

Ад таго атмасфэра нагадвала творчы дзень народзінаў у вялікім клюбе: з музыкай, кактэлямі, конкурсамі, сябрамі на сцэне і танцпляцы. Гурт Rockkeepers якраз з танцпляцу і перабраўся на сцэну, выдатна напрактыкаваўшыся заводзіць публіку ў бэрлінскіх клюбах. Rahis прадставіў у «Рэактары» песьні са свайго новага альбому, але ў сяброўскай акустычнай манеры, характэрнай раньнім «рахісам». Стася і гурт «По глазам» сабралі пад сцэнаю добрую частку мужчынскай паловы публікі. А дзяўчаты нясьпешна папівалі кактэйлі ў чаканьні хлопцаў з Litesound, якія і завершылі фэст.

Яшчэ 25 здымкаў з фэсту — у фотаблогу Generation.by

tarka 12:00, 22/06/2010 | Рэпартажы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1482 seconds.