Google будзе шукаць па-новаму

Google будзе шукаць па-новаму. Пошукавік запускае новы мэханізм індэксаваньня пад кодавым назовам Caffeine, які дазваляе зрабіць вынікі пошуку на 50% сьвяжэйшымі. Зьмены выкліканыя павялічыўшайся канкурэнцыяй і разнастайнасьцю кантэнту ў Сеціве.

Як піша інжынэр па распрацоўцы праграмнага забесьпячэньня Кэры Граймс у блогу кампаніі, цяпер у незалежнасьці ад таго, шукаеце вы навіну, блогавы допіс альбо форум, вынікі ад Google будуць як ніколі раней актуальнымі.

Дагэтуль Google зьбіраў сайты ў свой індэкс быццам бы ў кнігу. Але з пашырэньнем сацыяльных сетак і колькасьці кантэнту ў Сеціве такі мэтад састарэў. Кантэнт на адной старонцы можа абнаўляцца па некалькі разоў у дзень. Цяпер Google здолее аналізаваць сайты па меры зьяўленьня інфармацыі на іх, а ня раз у пэўны прамежак часу.

Як піша Граймс, новая база Google папаўняецца кожныя суткі колькасьцю дадзеных, параўнальнай з 625 тысячамі самых ёмістых Айподаў. Чакаецца, што ў выніку дзейнасьці новага мэханізму пошукаў, Google назьбірае каля 100 мільёнаў гігібайтаў інфармацыі — колькасьцю, зь якой нават няма чаго параўнаць.

Як адзначае The Daily Mail, новы пошук ад Google мусіць быць адказам на выклік хутка набіраючай прыхільнікаў пошукавай сыстэмы Bing ад Microsoft.

Хаця ня ўсе вынікі пошуку будуць да такой ступені актуальнымі, як таго, магчыма, чакаюць карыстальнікі. Так, калі вы пажадаецца даведацца нешта новенькае аб аварыі на буравой плятформе ў Мэксыканскім заліве, першы вынік на Google будзе тычыцца вэрсіі віноўніка аварыі — кампаніі BP. Нафтавы гігант нядаўна выкупіў у пошукавіка ўсе ангельскамоўныя запыты, датычныя разьліву нафты. Пагадненьне паміж Google і BP будзе каштаваць апошняй, па ацэнцы экспэртаў, каля $10 тысячаў у дзень.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0844 seconds.