На чароўных сайтах усе адказы

Падаецца, збываецца прароцтва Ўладзіміра Пугача, які яшчэ на пачатку стагодзьдзя сьпяваў пра «чароўныя сайты», на якіх былі б усе адказы. За апошнія гады Сеціва нарыхтавала гэтыя адказы, засталося толькі сабраць іх у адным месцы.

Гэтым і зоймуцца нядаўна прэзэнтаваныя канкурэнты лідэра інтэрнэт-пошуку Google. Гэта «вырашальнік» Bing ад Microsoft і матэматычны разумнік Wolfram Alpha. Экспэрты загаварылі пра новае пакаленьне пашукавікоў, а простыя карыстальнікі зьвярнуліся зь вечнымі пытаньнямі да сэрвісаў.

Унівэрсальны вылічальнік адказаў

Wolfram Alpha пазыцыянуецца як «унівэрсальны вылічальнік адказаў», які здольны размаўляць зь людзьмі на зразумелай ім мове. Сэрвіс замест таго, каб на запыты карыстальнікаў банальна выводзіць сьпіс сайтаў, выдае прамы адказ на любое пытаньне. Ну, амаль любое :)

Вось, запытайцеся ў Wolfram правакацыйнае «дзе я?»  і атрымаеце прафэсійны адказ. Альбо «чаму нябёсы блакітныя?», альбо любое матэматычнае пытаньне, нават ня вельмі сур’ёзнае: мужчына + жанчына напрыклад.

Сыстэма, створаная фізыкам Стывэнам Вальфрамам, выкарыстоўвае зьвесткі з адмысловых базаў дадзеных і выдае адказы ў выглядзе табліц, графікаў, мапаў і графаў. Вельмі візуальна прыгожа і хутка. Але, на жаль, унівэрсальны вылічальнік можа вылічыць далёка ня ўсе адказы. Ды й зь лёгікаў ён ня вельмі сябруе.

Усе запыты да яго мусяць быць па-ангельску. Пра беларускую мову Wolfram, падаецца, і ня чуў ніколі.

Wolfram не ператворыцца ў забойцу Google хаця б таму, што апошні ўжо пасьпеў запусьціць адказ «вылічальніку адказаў» — сэрвіс Google Squared, які выводзіць усю інфармацыю ў выглядзе акуратных таблічак. Працуе ён, можа, і ня так прыгожа, затое вельмі ўпарадкавана.

Цікава параўнаць вынікі запыту «тэарэма Піфагора» у Wolfram і Google Squared. Нарэшце, кожны можа сам выбраць для сябе выніковую форму. Бо сутнасьць адказу, прынамсі, правільнага, пашукавікі зьмяніць ня здольныя.

У любым выпадку, Wolfram будзе карысны тым, хто вывучае ангельскую мову, альбо лянуецца запускаць калькулятар, каб падлічыць нешта. Пашукавікі новага пакаленьня дазваляюць чалавеку ўсё больш ленавацца.

Bing or not to be?

Карпарацыя Microsoft, якая ўжо шмат год стварае свой унікальны сэрвіс пошуку, ніяк не магла дамагчыся адпаведнага жаданаму ўзроўню папулярнасьці свайго прадукту. Вынік шматгадовых рэінкарнацый майкрасофтаўскіх пашукавікоў — сэрвіс Bing.

Bing прасоўваецца як «машына рашэньня», якая здольная арганізаваць шопінг, замовіць квіток на самалёт альбо знайсьці рэстарацыю хутчэй і лягчэй за іншыя сайты. Напрыклад, на запыт аб авіярэйсе, новы сэрвіс прапануе дадатковую інфармацыю пра надвор’е і гатэлі ў адпаведных гарадах.

На пытаньне, чаму людзі мусяць перастаць карыстацца паслугамі лідэра сусьветнага рынку пошуку Google, Microsoft сьцьвярджае, што цэлых 40% пошукавых запытаў застаюцца без адказу. Таму ў карпарацыі ёсьць яшчэ прастора для дзейнасьці.

Сярод іншых якасьцяў Bing экспэрты вылучаюць магчымасьці прагляду відэа без заходжаньня на сайт, чым Google пахваліцца пакуль ня можа.

Расейскую і беларускую мовы Bing падтрымлівае няблага. Прынамсі, у параўнаньні з Wolfram Alpha. Але асноўная моц сэрвісу, перш за ўсё рэклямная, на нашым рынку пакуль ня будзе выкарыстаная.

Сэрвіс стартаваў некалькі тыдняў таму. За гэты час экспэрты зьмянілі свае нэгатыўныя чаканьні ад новага прадукту Microsoft на даволі пазытыўныя водгукі:

«Я плянаваў назваць мой артыкул пра пашукавік „Bing ня лепш“, але перадумаў», — распавёў Ройтэрз рэдактар сайту CNet Рэйф Нідльман (Rafe Needleman).

«Пошукавая машына ад Microsoft дэманструе фантастычныя трукі ў часе пошуку па крамах і больш нагадвае каталёг Web 2.0 сайтаў, чым традыцыйны пашукавік», — кажа калумніст Seattle Times Брыер Дадлі (Brier Dudley).

Нягледзячы на ўсе посьпехі, Bing будзе заставацца на другасных пазыцыях у параўнаньні зь лідэрам рынку. Невялікае дасьледаваньне беларускага супрацоўніка Google гэта пацьвярджае.

На дадзены момант Google кантралюе больш за 64% рынку пошуку ў ЗША, за ім ідзе Yahoo з 20% і Microsoft з 8,2%.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1141 seconds.