«Жывы гук ON-line» пройдзе ў гаражы

Пасьля ўдалага першага канцэрту вясновай сэрыі праекту «Жывы гук ON-line», які прайшоў у красавіку ў менскім Палацы Мастацтва, праект працягне радаваць музыкаў і аматараў музыкі незвычайнымі падзеямі. Наступны канцэрт адбудзецца 23 траўня ў аўтасэрвісе «Піт-Стоп».

Выбар гэтага месца не выпадковы. Шмат хто зь вядомых рок-музыкаў пачынаў сваю кар’еру рэпэтыцыямі і выступамі ў маленькіх гаражах, што паклала пачатак цэлай плыні ў музыцы, якую так і называюць «гаражны рок». Але канцэрт 23 траўня пройдзе не ў маленькім гаражы, а на тэрыторыі вялікага аўтасэрвісу «Піт-Стоп», які разьмешчаны на поўначы Менску. Гэта месца выдатна ўпісваецца ў мадэль існаваньня альтэрнатыўнай сцэны ў нашым горадзе, якую стварыў праект «Жывы гук ON-line» у мінулым годзе вялікім канцэртам у дворыку Дома афіцэраў. Як і ў той раз, уваход на канцэрт будзе бясплатным для ўсіх жадаючых.

Склад удзельнікаў, па традыцыі, арганізатары паведамяць за тыдзень да канцэрту. Але ўжо зараз можна казаць дакладна, што сярод іх будзе, як мінімум, адзін гурт з красавіцкага канцэрту, а таксама гурт Garadzkija, які ў мінулы раз не змог выступіць.


фотарэпартаж з фэсту 2.04.10

Акрамя таго, у фэстываля зьявіўся свой канал на Youtube, дзе можна паглядзець фрагмэнты фільма, запісанага ў мінулым годзе падчас інтэрнэт-канцэрту «Жывы гук ON-line», а таксама відэа-трэйлер з канцэрту ў Палацы Мастацтва.

Кастынг сярод музыкаў на права ўдзелу ў канцэртах праекта працягваецца. Кожны раз будуць выступаць 2–3 новыя калектывы, таму ўсе, хто ўжо раней падавалі заяўкі, захоўваюць магчымасьць быць запрошанымі. Свае запісы, інфармацыю аб гурце і ўсё, што можа дапамагчы скласьці меркаваньне аб творчасьці гурта, дасылайце на адрас: zyvyhuk@gmail.com.


павялічыць мапу

Канцэрт пройдзе 23 траўня на тэрыторыі аўтасэрвісу «Піт-Стоп» (вул. Стадыённая, 14). Праезд да месца правядзеньня на аўтобусах № 18 і № 26 ад станцыі мэтро «пл. Перамогі», № 105 і № 131 ад Д/с «Карастаянавай» да прыпынку «Водонасосная-1», а таксама трамваямі № 3 і № 4 ад станцыі мэтро «пл. Перамогі», № 5 ад станцыі мэтро «пл. Якуба Коласа» да Д/с «Возера». Уваход вольны. Даведкі па тэлефоне: +375 29 3404633.

Інфармацыя паводле прэс-рэлізу

11:50, 11/05/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0714 seconds.