Фіфці Вінсэнт: патрыятычна-лірычны рэп

Vinsent

Унікальны беларускамоўны «рэпэр, які піша вершы», Vinsent у пятніцу насьпяваў на канцэрце ў «Рэактары» сваім прыхільнікам патрыятычныя тэксты аб каханьні да радзімы і іншых лірычных радасьцях, чым паспрабаваў рэабілітаваць рэп у вачах масаў. Пра ярасную вострапалітычную гаркоту сучаснага беларускага рэпу Ales Bezuher.

Беларускамоўны рэп некалькі гадоў таму асацыяваўся ў лепшым выпадку з Кровам, які займеў посьпех на кавэрах гітоў Тартаку. Цяпер беларускамоўных рэп-камандаў набіраецца роўна столькі, каб зьняць пад патрэбы айчыннага рэпу клюб Рэактар.

Vinsent

Вінсэнт — упэўнены студэнт чацьвёртага курсу журфаку. На від — клясычны герой дошак унівэрсытэцкага гонару. У белай тэнісцы і красоўках з чырвонымі матузкамі. Дзяўчынкі з натоўпу дораць яму кветкі і вішчаць ад шчасьця быць зь ім на адлегласьці некалькіх мэтраў, а былы выкладчык запісвае для рэпартажу яго трэкі.

Зь Вінсэнтам на сцэне працуюць яго браты па зброі — менскія і рэгіянальныя рэпэры, а таксама DJ. Сярод першых былі выяўленыя грушаўскія хлопцы Lunclan, з тэкстамі пра Скарыну, БРСМ і краіну, «дзе не выключаюць за любоў да радзімы» і «галоўнае што там размаўляюць на мове такой, за якую іх продкі адышлі на пакой».

«Сапраўдныя рэпэры паходзяць з малых гарадоў — гарадоў, дзе ёсьць праблемы. Адтуль, дзе ёсьць пра што чытаць рэп», — анансуе вядоўца вілейскую каманду PANaNieba.

«Нашы вуліцы, вы тут?» — з рытарычнай надзеяй запытваюцца вілейскія хлопцы. У адказ нешта няўцямнае: вуліцы, але нейкія іншыя, напэўна. PANaNieba ужо куды бліжэй да паўночнаамэрыканскага рэпэрскага ідэалу. Такія сабе беларускамоўныя недагангстэры вілейскіх субабаў. Цікава, як бы гучалі іх песьні, калі б яны заняліся нечым з удзелам электрычных гітараў і валасатых мужыкоў?

Вожык

Яшчэ адзін герой вінсэнтавай сцэны рэпэр Вожык, вядомы па калісьці нашумелай складанцы Песьні свабоды. З часоў вясны 2006 Вожык пасьпеў перабрацца падалей ад шумных тралейбусаў на прыроду, таму цяпер, зарослы і барадаты, больш нагадвае вакаліста Beach Boys Карла Вілсана, чым мацёрага рэпэра.

«Маё сэрца бьецца, і яго не спыніць»

А вось Вінсэнт называць сябе рэпэрам ня любіць:

«Рэп у нас — слова апошленае. Рэпэр — гэта быццам бы недамузыкант нейкі з тэкстамі пра клюбы і пра бабкі. Але гэта такі ж паўнавартасны накірунак музыкі, як і астатнія».

«Таму я пішу вершы», — каротка характарызуе ён уласную творчасьць.

Хаця песьні ў Вінсэнта ўсё пра тое ж: каханьне, Менск, каханьне ў Менску, каханьне ў Парыжы. Ну і жыцьцё сапраўдных людзей, якім «пляваць на старшыню ўраду».

Так нечакана Вінсэнт ператвараецца зь лірычнага паэта ў героя бел-чырвона-белай моладзі. «Малады фронт» разыгрывае квіткі на яго выступ, а на самім канцэрце неяк незаўважна над натоўпам зьяўляецца бел-чырвона-белы сьцяг, схаваць які традыцыйна патрабуе ахова.

Дуалізм тэкстаў выліваецца ў яскравае дзяленьне публікі перад сцэнай: першыя шэрагі тры — цалкам дзяўчынкі-першакурсьніцы-старшаклясьніцы, для якіх Вінсэнт — нешта накшталт сэкс-сымбалю. За ашалелымі цінэйджэрамі стаіць больш сталая публіка, якую ў Сеціве прынята называць змагарамі. Вінсэнту, аднак, такое спалучэньне асаблівых клопатаў ня робіць:

«Так атрымоўваецца. Мне цікава і зь лірычнымі, і з патрыятычнымі тэкстамі працаваць. Нічога асабліва не зьмянілася, проста народ стаў інакш успрымаць».

«Чаму я люблю Вінсэнта? — паўтарае маё пытаньне першакурсьніца Каця. — Ну, Каліноўскі, беларуская мова, усё такое…» — не пасьпявае яна скончыць думку, бо трэба хутчэй бегчы зь сяброўкамі да Вінсэнта па аўтограф.

«Ня трэба глядзець на Ўсход і на Захад. У нас ёсьць свой беларускі рэп», — дасылае са сцэны свой галоўны мэсыдж Вінсэнт. І яму цяжка не паверыць.

Болей здымкаў — у фотарэпартажы.

Дэбютны альбо Вінсэнта можна спампаваць тут.

23:11, 10/05/10
Алесь Bezuher
Тут павінен быў быць банэр, але ў вас старая вэрсія Flash-player. Аднавіце яе, каб бачыць сымпатычную анімацыю ;)

Камэнтары

st.shadow у 09:39, 11.05.10 #
Хм...

I цi варта паслухаць?


Volha у 11:29, 11.05.10 #

Вінсэнт душка:), хоць я рэп асабліва і не люблю.


Vozhik у 20:13, 11.05.10 #

Пра дзяленне публікі я не згодна. Стаіш бліжэй да Вінсэнта - толькі лірыку слухаеш. далей - патрыятычныя. Так, хутчэй усяго, паловы дзяўчат гэта датычыцца. Але не ўсіх. Калі Зміцер пытаў, якую песню выканаць у канцы адсоткаў 80 крычалі восенькі вальс, асатнія ж глыбока "Слава героям" альбо штосьці падобнае. А такія выпады, могуць і пакрыўдзіць :)

Дзяўчаты, "для якіх Вінсэнт — нешта накшталт сэкс-сымбалю", трымайце сябе ў руках :)


Vozhik у 22:41, 11.05.10 #

st.shadow, паслухаць варта!


Камэнтаваць могуць толькі аўтарызаваныя карыстальнікі.
Зарэгіструйцеся і ўвайдзіце на сайт, калі ласка.
 
In 0.4062 seconds.