«Дзецідзяцей» прэзэнтавалі «Рух» у тэатры

Детидетей

Гурт «Дзецідзяцей» прэзэнтаваў свой беларускамоўны альбом «Рух» — канцэрт прайшоў пры поўным аншлягу 4 траўня на роднай для ўдзельнікаў гурта сцэне Купалаўскага тэатру. Як тое было — у словах-уражаньнях «не карэспандэнта, а маркетоляга», а ў фотаблогу Generation.by — традыцыйны фотарэпартаж з канцэрту.

Детидетей

Сёньня бягом ляцела на працу, каб хутчэй падзяліцца эмоцыямі з канцэрту. Так, атрымаўшы заданьне на рэпартаж зь месца падзей, я ўважліва старалася ацэньваць сытуацыю зь першых хвілінаў наведваньня канцэрту. Хутчэй як маркетоляг, а зусім не як карэспандэнт, адзначыла канцэпцыю, якая была старанна прадуманая і прасочвалася ў аздабленьні імпрэзы — ад афіш, шакалядачак да маечак «Дзецідзяцей».

У галаве круціліся думкі: на што ж зьвяртаць увагу і што занатоўваць на паперы, каб гэта было потым цікава чытаць, чаму ж вучаць на сэмінарах карэспандэнтаў і якія ў іх ёсьць прафэсійныя сакрэты?… Пачала адзначаць для сябе новае — так, у Ані новая прычоска насычанага аптымістычнага колеру (я яе яшчэ такой ня бачыла), зьявілася ў сьвятле пражэктару як сапраўдны праменьчык. Вось і пачатак.

Детидетей

Так, Дзеці неяк пасталелі, песьні і музыка ў іх пацяжэлі — першая палова канцэрту была прысьвечаная песьням з новага альбому. Пачала запісваць назовы песень: «Ад нараджэньня», «Раптам», «Люты», «Мы не зьнiкнем», «Мне падалося», «Як на раку дзеўкi хадзiлi»… А потым зь першых імгненьняў песьні «Чаму дзеўкi плачуць» я апынулася ў залітым сонцам лесе, пачула зязюлю… І раптам я ўбачыла добрай якасьці і абсалютна праўдзівае кіно пра тое, што здарылася 69 гадоў таму — і з абарванай струной нізка пакланілася ўсім тым, чые жыцьці перарваліся дзеля маёй… Дзякуй, дзецi, за абуджаную памяць!

Детидетей

Пасьля гэтага я нічога не занатоўвала — проста атрымлівалі асалоду ад канцэрту. Ад Аніных сьпеваў, Юлінай віялянчэлі, хлопцаў, якія стваралі аснову ўсяму, парадавалася баяну, захаплялася сьвятлом — адным словам, гарманічным адзінствам і непаўторным настроем, які яны стваралі.

Детидетей

Нават самы надзвычайны рэпартаж і самыя выдатныя здымкі не перададуць тую гаму эмоцый, якія ты перажываеш на жывым канцэрце пад жывую музыку. Аня сказала, што мы ўсе зрабілі яе ўчора шчасьлівай. Значыць, шчасьце артыста ў захопленых аплядысмэнтах, у ахрыплых крыках «офісных фіф», у сівавалосых дзецях і іх радасным размахваньні ў такт рукамі, у прысутнасьці дзяцей іх дзяцей на руках у сваіх мамачак, у поўнай залі зь няспынным хорам аплядысмэнтаў, у выкліках на біс, у людзях, якія разьяжджаюцца па дамох і напяваюць на прыпынках «раптам-ааа-раптам»…

Учора ўсе былі шчасьлівымі, таму што шчасьце — гэта паўнавартаснае пачуцьцё смаку жыцьця, у яго шматгранных і рознага настрою эмоцыях — і кожны ўчора гэта перажыў. Пабыў сталеючым падлеткам, задуменным і патрыятычным, захопленым і аптымістычным, дзіцём і закаханым, кожны перажыў сваю ўнутраную трагедыю, якая заўсёды з намі і якую хаваюць ад чужых вачэй паглыбей, узгадаў пра свае расчараваньні і махнуў на іх рукой, пабываў рамантыкам і летуценьнікам, і абавязкова паверыў, што мары спраўджваюцца. Ня ведаю, пабываў хтосьці «Крысай» ці не — але ўсе ў поўным захапленьні атрымлівалі асалоду ад Анінай гульні. Дзякуй вам за «Чумадриху», «Театр», «Мишек», «Небо», «Человека», «Осу», любімую песьню Анінай сястры, «Раз-рассказ», «Мечты» … За ўсё, за ўсё, нават калі я паблытала назвы:) А яшчэ калі старанна пляскаць у далонькі, яны пачынаюць казытацца, дык вось учора яны ажно гарэлі ад эмоцыяў.

Детидетей

За сваю 4-гадовую гісторыю «Дзецідзяцей» выпусьцілі ўжо тры альбомы: «Конверты для снов», «ОтЛично» і першы для гурта беларускамоўны альбом «Рух». «Дзецідзяцей» маюць моцны фан-клюб, вельмі шмат канцэртуюць у Беларусі і за мяжою, а беларускамоўную праграму ўпершыню выканалі год таму — на фэстывалі «Басовішча». Новы альбом «Рух» ужо можна шукаць на паліцах беларускіх музычных крамаў.

Вялікія здымкі з канцэрту «Дзецідзяцей» глядзіце ў фотаблогу Generation.bY

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.11 seconds.