Амэрыканскую школу абвінавачваюць у шпіёнстве за вучнямі праз ноўтбукі

Школьнае кіраўніцтва шпіёніла праз вэб-камэры бясплатна раздадзеных вучням ноўтбукаў. За некалькі месяцаў было зроблена больш за 50 тысяч здымкаў школьнікаў, якія і не здагадваліся, што за імі назіраюць. Аб гэтым кажуць матэрыялы гучнага разбору, што распачаўся ў амэрыканскім судзе.


Blake Robbins (AP Photo/WTXF Fox 29)

Мінулай зімой мясцовае ўпраўленьне школьнай адукацыі аднаго з багацейшых прыгарадаў гораду Філядэльфія (штат Пэнсільванія) раздала 2 300 ноўтбукаў Mac старэйшым школьнікам з мэтай, як тады казаў кіраўнік упраўленьня Крыстафер Макгінлі, стварэньня «мабільнай навучальнай прасторы 21 стагодзьдзя».

Праграма каштавала $720 000, якія былі атрыманыя ў якасьці дзяржаўных грантаў і празь іншыя крыніцы. Школьнікам не дазвалялася інсталяваць на кампутары гульні і іншае праграмнае забесьпячэньне. Таксама іх папярэдзілі аб забароне выкарыстоўваць ноўтбукі ў «камэрцыйных, неэтычных і незаконных» мэтах.

«Падарунак» аказаўся з падвохам: школа магла аддалена назіраць за сваімі вучнямі праз убудаваную ў кожны ноўтбук вэб-камэру. Камэра магла быць актываваная ў любы момант. Здымкі зь яе паступалі наўпрост у офісы школьных супрацоўнікаў.

Пра вэб-камэры школьнікі даведаліся толькі тады, калі аднаго зь іх, Блэйка Робінса, выклікалі да асыстэнткі дырэктара Лінды Маска, якая прадэманстравала здымкі, зробленых з ноўтбуку хлопчыка і наклала на яго спагнаньне за «недапушчальныя паводзіны».

На здымках, якіх, як пазьней высьветлілася, цуда-ноўтбук пасьпеў нарабіць больш за 400 штук, хлопец быццам бы балаваўся наркотыкамі. Сам Робінс кажа што пілюлі ў кадры — гэта проста «цукеркі».

Калі Блэйк Робінс вярнуўся дадому, то адразу ж накідаў з бацькамі заяву ў суд і распачаў гучную справу, у ходзе якой адкрыліся цікавыя падрабязнасьці дзейнасьці мясцовага школьнага кіраўніцтва.

Спачатку прадстаўнікі школы заяўлялі, што вэб-камэры сапраўды могуць рабіць і адсылаць фотаздымкі, але тое — функцыя бясьпекі на выпадак прапажы ноўта, і яе ніколі не выкарыстоўвалі для таго, каб шпіёніць за дзецьмі. А выпадак з Робінсам — гэта нейкая памылка, зь якой, канешне ж, трэба разабрацца.

У час судовага разбору, распачатага Робінсамі, высьветлілася, што шпіёнакамэра пасьпела нарабіць 56 тысяч здымкаў Робінсана і іншых школьнікаў, у тым ліку часткова аголеных, і, што самае недапушчальнае, сьпяшчых. Камэра працавала аўтаматычна і кожныя 15 хвілін рабіла і адсылала здымкі ў IT-адзьддзел упраўленьня адукацыі. Адтуль яны, гледзячы па ўсім, і траплялі на стол да кіраўніцтва школ.

Справай ужо зацікавіліся ў ФБР і амэрыканскім сэнаце.

Паводле публікацый Guardian

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0866 seconds.