Experty.by ладзяць музычны фэст з удзелам пераможцаў аднайменнай прэміі

14 траўня ў клюбе «Рэактар» адбудзецца фэстываль «Experty.by», у межах якога ўпершыню на адной сцэне выступяць гурты The Toobes, «Петля Пристрастия», Port Mone і Nevma. Фэстываль зьяўляецца пэўным працягам аднайменных штогадовых узнагарод па галасах вядучых беларускіх і замежных крытыкаў, вынікі якіх былі абвешчаныя ў лютым. Яго мэта — прасоўваньне калектываў, якія выпусьцілі лепшыя дэбютныя альбомы па выніках мінулага году.

Хэдлайнэрам мерапрыемства будзе гурт The Toobes, чый альбом «Hello» стаў галоўным трыюмфатарам узнагарод, перамогшы ў намінацыях «Лепшы дэбютны альбом», «Лепшы рок-альбом», «Прыз вялікага журы» і «Альбом года». У межах выступу на фэсьце The Toobes прэзэнтуюць канцэртны DVD, які павінен паступіць у продаж у траўні.

Таксама на фэстывалі выступіць гурт Port Mone з альбомам «Dip» (пераможца ў намінацыі «Прыз замежных экспэртаў») і «Петля Пристрастия» з альбомам «Всем доволен» (трапіў у топ-10 «Вялікага журы»). Адкрые ж фэстываль магілёўскі гурт Nevma, чый альбом «Стихия слез» трапіў у топ-10 па вэрсіі штатных экспэртаў.

«Гэта новае пакаленьне беларускай рок-музыкі. Усе гурты цалкам розныя, але пры гэтым сапраўды лепшыя зь лепшых. Думаю, гэта практычна ўнікальны шанец убачыць іх паўнавартасныя выступы ў межах аднаго канцэрту», — лічыць кіраўнік інтэрнэт-праекту «Experty.by» Зьміцер Безкаравайны.

Сайт «Experty.by» быў заснаваны ў 2008 годзе музычнымі журналістамі Зьмітром Падбярэзскім, Алегам Клімавым, Сяргеем Будкін і Зьмітром Безкаравайным для сыстэматычнага апісаньня запісаў беларускіх артыстаў. На сёньняшні дзень у працы сайта удзельнічаюць яшчэ 8 вядомых беларускіх экспэртаў, а ў падвядзеньні вынікаў года таксама 5 замежных крытыкаў з краінаў, зь якімі мяжуе Беларусь. За два гады аўтары сайта адрэцэнзавалі каля 150 беларускіх дыскаў.

Паслухаць запісы ўсіх удзельнікаў фэстывалю можна на сайце www.experty.by. Набыць усе гэтыя дыскі можна ў крамах «Містэрыя гуку». Фэстываль пройдзе 14 траўня ў клюбе «Рэактар», пачатак, а 18.00. Квіткі: 30 т. (танцпляц), 50 т. (столік). Даведка: (017) 288 61 60, (029) 196 00 09.

паводле прэс-рэлізу

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1415 seconds.