Будзьма абноўленымі

Беларускую культуру будуць пашыраць па-новаму. Прафэсійныя распаўсюднікі беларускасьці аргкамітэт кампаніі «Будзьма» абвясьціў аб рэбрэндынгу. Цяпер кампанія сфакусіруецца на новай генэрацыі беларусаў.

Праз паўтары гады пасьля запуску «Будзьма беларусамі!», кампанія мяняе свой твар і аўдыторыю. Пачаць вырашылі зь лягатыпу і сайту, а таксама запуску новых праектаў: іх стане менш па колькасьці, але якасьць сваю, спадзяюцца каардынатары, яны палепшаць. Зьявіцца нават уласнае сеціўнае радыё.

«Цяпер мы будзем рабіць усё, каб пашырыць кола тых, хто цікавіцца беларускай культурай», — кажа каардынатарка кампаніі Алена Макоўская.

Нічога падобнага да «Будзьмы» раней у Беларусі не было. Пасьпяховы сынтэз вядомых твараў, Сеціва і фірмовых значкаў і торбачак як мінімум нагадаў камусьці пра існаваньне беларускай мовы. У пэўны момант стала здавацца, што ніводны канцэрт на некаторых менскіх пляцоўках цяпер проста ня можа адбыцца без будзьмаўскай расьцяжкі.

«Для многіх людзей адкрыцьцём стала само існаваньне сучаснай беларускай культуры», — кажа каардынатарка «Будзьмы» Ніна Шыдлоўская.

Паводле вынікаў сацыялягічнага дасьледаваньня, праведзеным лябараторыяй «Новак» у межах гэтай кампаніі, большасьць насельніцтва краіны лічыць беларусамі тых, хто «выхаваны на беларускай культуры і лічыць яе сваёй». Але беларускай мовай — паводле апытаньня «нацыянальным здабыткам» — карыстаюцца ня больш за 6% насельніцтва краіны.

І менш за ўсё сярод беларускамоўных людзей ва ўзросьце ад 18 да 24 гадоў.

«Я ня бачу розьніцы паміж „Будзьма беларусамі“ і „За Беларусь“. Так, я хачу, каб у маёй краіне размаўлялі па-беларуску. Але прыкладна так жа я хачу Анджаліну Джолі», — прызнаецца лідэр гурту Da Vinci Дзяніс Дудзінскі, які на першым курсе ўнівэру кінуў сьпісваць тоўстыя сшыткі беларускамоўнымі вершамі.

«Я не разумею, што значыць, адчуць сябе беларусам? Я разумею, што значыць, адчуць сябе хворым. А што значыць, адчуць сябе беларусам, я не разумею».

І цяпер «Будзьма» возьмецца за выхаваньне «новай генэрацыі беларусаў». Гэтым амбіцыям адпавядае новы лягатып кампаніі, дзе да былой схематычнай выявы «хлопчыка і дзяўчынкі» дадалася істота, меншая па росьце ў разы два, і яўна прэтэндуючая на найменьне нашчадка ранейшых герояў лягатыпу.

Новы сымбаль, па словах Алены Макоўскай, дэманструе, «што мы расьцем. Ёсьць цэлы пласт людзей, якія прынялі ідэі „Будзьма“, і цяпер яны пераносяць іх на сваіх дзяцей».

«Ніхто зь беларусамі нармальна па-беларуску не размаўляе. Дзеці ведаюць, што такое цукеркі, але слова „поўня“ выклікае ў іх праблемы», — кажа Зьміцер Вайцюшкевіч, якому атрымалася зьдзейсьніць, па словах Уладзімера Арлова, неверагоднае: выступіць на радзіме Аляксандра Лукашэнкі ў пасёлку Копысь.

«Беларусы ня ведаюць ніводнай беларускай песьні. Няшчасная Купалінка — пакіньце яе ў спакоі».

«Але людзі ў нас харошыя», — дадае Вайцюшкевіч.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0617 seconds.