Гордан Браўн папрасіў прабачэньня ў Алана Цюрынга

Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі ўсё ж такі прынёс пасьмяротныя прабачэньні «бацьку» кампутара Алану Цюрынгу, які пакончыў з жыцьцём у выніку судовага перасьледу з-за сваёй нетрадыцыйнай арыентацыі. Ліст, у якім Гордан Браўн прасіў прабачэньня, зьявіўся празь некалькі месяцаў пасьля старту збору подпісаў у Сеціве пад адпаведным зваротам да брытанскага ўраду.

Больш за 31 тысячу подпісаў атрымаў зварот, які заклікаў брытанскі ўрад прынесьці прабачэньні славутаму матэматыку Алану Цюрынгу, які меў нетрадыцыйную сэксуальную арыентацыю, з-за чаго, згодна з законамі тых часоў, перанёс «хімічную кастрацыю».


Артыкул Браўна ў The Daily Telegraph

Алан Цюрынг у часы Другой сусьветнай вайны ўзламаў знакаміты нямецкі шыфр «Энігма», без чаго, па словах прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі Гордана Браўна, вайна магла б скончыцца зь іншым вынікам. Раней гэты матэматык пабудаваў так званую «машыну Цюрынга», якая стала правобразам сучаснага кампутара.

У 1952 годзе Цюрынг быў прызнаны вінаватым у гомасэксуальных сувязях. У тыя часы за такое злачынства можна было лёгка сесьці за краты. Але навуковец выбраў іншае пакараньне: «хімічную кастрацыю», пры якой пад дзеяньнем прэпаратаў, што блякуюць тэстастэрон, мужчына цалкам страчвае лібіда. У 1954 годзе ён скончыў жыцьцё самагубствам.

«Ад імя брытанскага ўраду, і усіх тых, хто жыве свабодна дзякуючы працы Алана, я з гонарам кажу: мы просім прабачэньня. Вы заслужылі большага», — піша Браўн у сваім артыкуле, які быў апублікаваны тыдзень таму ў The Daily Telegraph.

Да 1969 года, калі закон адмянілі, праз такую ж працэдуру прайшлі некалькі тысяч чалавек.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0336 seconds.