Прабачэньні для «бацькі» кампутара

Брытанскі праграміст распачаў кампанію, у межах якой заклікае падпісаць зварот да прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі з патрабаваньнем прынесьці прабачэньні славутаму матэматыку Алану Цюрынгу. Асуджаны за гомасэксуалізм вынаходнік кампутара, Цюрынг скончыў жыцьцё самагубствам не ў апошнюю чаргу дзякуючы судоваму перасьледу з-за сваёй нетрадыцыйнай арыентацыі.

Джон Грэм-Каммінг (John Graham-Cumming) ужо пасьпеў дзякуючы Сеціву сабраць больш за 12 тысяч подпісаў пад пэтыцыяй. У ёй гаворыцца, што брытанскі ўрад мусіць папрасіць прабачэньня за перасьлед Алана Цюрынга і прызнаць, што вынікам перадузятага стаўленьня з боку ўраду стала раптоўная сьмерць матэматыка.

Алан Цюрынг названы ў пэтыцыі «найвялікшым навукоўцам у галіне кампутараў, што калі-небудзь нараджаўся ў Брытаніі».

Менавіта гэты чалавек у 1936 вынайшаў так званую «машыну Цюрынга», якая стала правобразам сучаснага кампутара. Акрамя гэтага, Цюрынг вядомы тым, што падчас Другой сусьветнай вайны ўзламаў код знакамітай Энігмы — шыфравальных машыны, якой карысталіся ў фашысцкай Германіі.

Пасьля вайны Цюрынг быў прызнаны вінаватым у гомасэксуальных сувязях. У тыя часы за такое злачынства можна было лёгка сесьці за краты. Але навуковец выбраў іншае пакараньне: «хімічную кастрацыю», пры якой пад дзеяньнем прэпаратаў, што блякіруюць тэстастэрон, мужчына цалкам страчвае лібіда.


Алан Цюрынг вынайшаў кампутар і стаў ахвярай дзяржавы

І паколькі ў склад прэпаратаў уваходзіў эстраген — жаночы гармон — пабочным эфэктам так званай «тэрапіі» стаў рост грудзі і іншыя зьмены арганізма «ў жаночай» бок. Праз год пасьля прысуду Цюрынг памёр ад атручваньня цыянідам, якім ён нашпігаваў яблык, што сам і зьеў перад сьмерцю.

Незайдросны лёс «бацькі» кампутара так усхваляваў брытанскага праграміста, што той вырашыў патрабаваць ад урада афіцыйных прабачэньняў:

«Алан Цюрынг ня быў прызнаны ў Вялікабрытаніі за той вялікі ўклад, які ён унёс у навуку, бо памёр, не дажыўшы і да пяцідзесяці гадоў, і прычына гэтага, відавочна, заключалася ў тым, што ён быў геем, — распавёў Джон Грэм-Каммінг сайту PinkNews.co.uk. — Тое, што мы не прызнаем гэтага чалавека — блюзнэрства, і адзіны шлях дамагчыся гэтага — прынесьці яму прабачэньні».

Цікава, што подпісы пад пэтыцыяй у абарону навукоўца зьбіраюць адразу на афіцыйным сайце прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.059 seconds.