Урок ад Барыса Кіта

Барыс Кіт

Сустрэча са старымі, ці проста старэйшымі за мяне людзьмі нагадвае чымсьці вандроўку ў часе. Бо ўспамінаючы мінулае, яны нібы праводзяць мяне па пакоях сваёй памяці, дазваляючы зазірнуць краем вока на тыя падзеі, сьведкамі якіх яны сталі, а таксама хоць трошкі адчуць той час, у якім яны жылі.

Даведаўшыся, што адзін з самых вядомых беларусаў Барыс Кіт жыве ў Франкфурце на Майне, мы зь сябрамі вырашылі наведацца да яго ў госьці. Да таго ж і нагода выдатная — 6-га красавіка Барысу Кіту споўнілася 100 год.

Барыс Кіт

Барыс Кіт быў такі адкрыты і гасьцінны, што тая няёмкасьць, якую я адчувала, прачытаўшы ягоную багатую біяграфію, неяк адразу растаяла як толькі мы яго сустрэлі. Сустрэўшы нас зь вясёлай усьмешкай, спадар Барыс пачынае завіхацца, каб нас рассадзіць. Мы інстынктыўна імкнемся яму нечым дапамагчы. Але ён махае рукамі: — Ня трэба, я сам, сам. Мы пераглядаемся са зьдзіўленьнем, бо нашыя ўяўленьні пра старасьць ужо неверагодна кантрастуюць з тым, што мы бачым — жвавы энэргічны чалавек, зь ясным розумам і добрай памяцьцю. На сьцяне простай андапакаёвай кватэры вісяць фотаздымкі родных, узнагароды і граматы, плякат з Францыскам Скарынам, беларускі нацыянальны і амэрыканскі сьцягі.

Я пачуваюся трохі разгубленай і ня ведаю, з чаго пачаць. «Сядайце, ну распавядзіце пра сябе», — падбадзёрыў Барыс Кіт.

Нашая прэзэнтацыя, вядома, была кароткай. А вось Барыс Кіт меў куды больш чаго нам распавесьці. Яго біяграфія зьдзіўляе і натхняе. Сусьветную славу ён атрымаў дзякуючы сваёй шматгадовай працы ў астранаўтыцы, куды ён трапіў на самым пачатку яе разьвіцьця. Але да гэтага была актыўная і плённая праца на ніве беларускай асьветы ў неверагодна складаныя для Беларусі гады — спачатку пад польскай уладай, а потым пад нямецкай акупацыяй.

«Мне вельмі пашанцавала, што я трапіў у астранаўтыку, якая тады толькі-толькі разьвівалася. Я працаваў у кампаніі North American Aviation, дзе рабілі самыя сучасныя ракеты. Там жа зрабілі і тую ракету, якая паляцела на Месяц. Мой начальнік аднойчы прыходзіць да мяне і кажа — нас цікавіць плыўкі вадарод, дайце нам усю інфармацыю. Ну і я пачаў пісаць. Мяне гэта так захапіла… Празь месяц я прадставіў вось такі таўшчэзны рапарт. Я сам сабраў усе зьвесткі і распрацаваў матэматычныя мадэлі розных відаў паліва — якая ў кожнага зь іх сіла. Ну, а потым ўсё пайшло і паехала…»

На аснове гэтай працы Барыс Кіт потым напіша падручнік, які стане настольнай кнігай усіх касьмічных станцый — Rocket Propellant Handbook (1960). У ім будуць апісаныя матэматычныя прынцыпы ракетнай тэхнікі, а таксама самыя найбольш прыдатныя віды паліва.

Барыс Кіт

Барыс Кіт распавядае, а мне падаецца, што я магу адчуць дух таго часу, тое натхненьне, зь якім чалавецтва засвойвала космас і спазнавала сусьвет. Запуск першага спадарожніка, палёт Гагарына, і ўрэшце — першыя крокі чалавека па Месяцы. Можна сабе толькі ўявіць, наколькі неверагоднымі і сэнсацыйнымі былі на той час гэтыя навіны і наколькі цікава было працаваць у гэтай галіне.

Матэматыка — каралева ўсіх навук

Барыс Кіт

Менавіта захапленьне матэматыкай прывяло Барыса Кіта ў астранаўтыку і дазволіла дасягнуць такіх навуковых вышыняў. А пачалося ўсё зь Віленскага ўнівэрсытэту Стэфана Баторыя, дзе малады Барыс Кіт атрымаў магістра філязофіі ў матэматыцы. А адным зь яго выкладчыкаў на той час быў сусьветнавядомы польскі матэматык Антоні Зыгмунд. Шмат дзесяцігодзьдзяў пасьля Барыс Кіт напіша і абароніць пра яго сваю дысэртацыю.

«Ён быў сусьветнавядомы матэматык і мой прафэсар у Віленскім унівэрсытэце. Мы блізка жылі і сябравалі нават. Калі я быў студэнтам, то часта дапамагаў яму чым. Раз захварэў яго сын і я езьдзіў у аптэку за лекамі. Пасьля вайны Антоні Зыгмунд уцёк у Амэрыку, дзе і далей займаўся матэматыкай. Я ня раз наведваўся да яго ў госьці. А сын ягоны навучаўся на эканоміцы і потым стаў вельмі вядомым і багатым бізнэсмэнам».

Дысэртацыю Барыс Уладзіміравіч пачаў пісаць, калі яму было 68 год. Ён тады ўжо жыў у Франкфурце і выкладаў у эўрапейскім філіяле Мэрылінскага ўнівэрсытэту. Скончыў і абараніў яе ён празь дзесяць год. Наш сябра Зьміцер, дактарант Хайдэльбэргскага ўнівэрсытэту, паслухаўшы гэтую гісторыю зазначыў, што дарма мабыць ён так сьпяшаецца са сваёй дысэртацыяй…

Барыс Кіт

Палкасьць да навукі як і да жыцьця — неад’емная рыса Барыса Кіта, якая дазволіла яму дасягнуць такіх вышыняў. Няспынная інтэлектуальная праца, нягледзячы на ўзрост і нястомная прага жыцьця — гэтае тое, што дзівіць і натхняе. Я слухала ягоны аповяд пра сваё жыцьцё і думала пра тое, што ягонай энэргіі можа пазайздросьціць і на паўстагодзьдзі маладзейшы чалавек. Ды што там, нават сярод трыццацігадовых людзей ня раз даводзілася чуць «а чаго я дасягнуў у свае 30?». У Барыса Кіта прафэсійная і навуковая кар’ера пачалася, калі яму было каля сарака. І за сваё жыцьцё ён пасьпеў зрабіць сапраўды шмат, бо проста ніколі не задаваўся гэтымі пытаньнямі, а няспынна вучыўся і адкрываў для сябе новыя гарызонты. Прыехаўшы пасьля вайны ў Нямеччыну ён амаль адразу паступіў на мэдычны факультэт Мюнхенскага факультэту, дзе правучыўся тры гады. Гэтая адукацыя дазволіла яму пазьней у Амэрыцы працаваць у хімічнай кампаніі адкуль ён і трапіў у астранаўтыку.

Заставацца верным сабе

Але, што яшчэ больш цікава і нязвыкла, гэта тое, што пражыўшы большую частку жыцьця ў эміграцыі, гэты чалавек захаваў вернасьць ідэалам беларушчыны. З самай маладосьці ён змагаўся за іх і пранёс у сабе праз усё жыцьцё. Раньнія гады Барыса Кіта прайшлі ў Заходняй Беларусі, якая была аддадзена да Польшчы па Рыскім мірным пагадненьні 1921 г. без удзелу беларусаў. Палякі імкнуліся падавіць беларускі рух, які тады быў даволі актыўны ў Заходняй Беларусі. Зусім яшчэ малады Барыс Кіт два разы пасьпеў трапіць у турму за польскай уладай. У пэрыяд, калі ён вучыўся ў Наваградзкай гімназіі на тэрыторыі Заходняй Беларусі актыўна дзейнічала Беларуская Сялянска-рабочая грамада. Палякі вырашылі разграміць яе і заадно зачыніць саму гімназію.

«Палякі нас душылі страшэнна. Яны былі нашыя ворагі. Зараз яны ўжо іншыя — ім атрута ўжо выйшла. Я быў у гімназіі першым матэматыкам, і да мяне астатнія вучні прыходзілі рашаць задачы. Паліцыя гэта заўважыла і падумала — што гэта там за сходы? Бо некаторыя вучні былі членамі камуністычнай партыі і за імі сачылі. Ну потым паліцыя прыйшла і арыштавала ўсіх. Мяне таксама, хоць я не належыў сам да партыі.

Арыштавалі тады чалавек 50, а выпусьцілі зь іх толькі пяцёх, астатнім далі па 5 гадоў турмы. Мяне пусьцілі, але чаму? Я вырашыў, што б не рабілі на допыце — нікога не прадам. Не скажу нічога! Вось колькі мяне ня мучылі, ня білі, не пагражалі — Кіта, скажы што вы там рабілі? Я нічога не сказаў. Біліся са мной біліся і праз 5 дзён пусьцілі. І такіх нас было пяць чалавек. А астатнія ва ўсім прызналіся».

Барыс Кіт

Барыс прыносіць нам кнігі і фотаальбомы. Мы разглядаем старыя фотаздымкі з таго неверагодна далёкага для нас пэрыяду яго жыцьця…

«Вы маладым былі вельмі прыгожы», — зазначаем мы зь сяброўкай. «Так? Дзякуй. Ужо ня тое, што зараз (сьмяецца)».

Барыс Кіт

Пэрыяд пад нямецкай акупацыяй бадай самы замоўчаны і неадназначны пэрыяд нашай гісторыі, зацёрты савецкай і беларускай прапагандай. Але і тады, у неверагодна складаных і страшных умовах Барыс Кіт рабіў усё магчымае, каб беларускія дзеці нават у тых умовах маглі атрымаць адукацыю. Ды ня толькі беларускія…

«Было вельмі страшна. Вайна была. Усе баяліся. Быў тады генэральны камісар Кубэ. Ён даў свабоду беларускай школе, але загадаў, каб у школах прымалі толькі беларусаў. Нельга было прымаць польскіх і расейскіх дзяцей, але я ціха прымаў усіх. Дык мяне потым злавілі і саслалі ў турму, быццам бы за сувязь з партызанамі, дзе я 30 дзён паміраў. Але во аднак — яшчэ жыву».

Гэтак 30 дзён Барыс Кіт чакаў сьмерці ў Глыбоцкай турме, дзе кожны дзень ён мог стаць адным з тых, каго на сьвітанку чакаў расстрэл. Але намаганьнямі сяброў зь Менску яго ўрэшце перавезьлі ў галоўнае Гестапа ў Вялейцы, дзе вызвалілі дзякуючы былому вучню зь Віленскай беларускай гімназіі, у якой ён выкладаў яшчэ да вайны.

Аднак гэта не напалохала Кіта і ён працягваў дзейнічаць так, як яму падказвала сумленьне.

«А потым я вярнуўся ў Маладзечна. І заснаваў там гандлёвую школу. Немцы не дазвалялі ўнівэрсытэтаў адчыняць, а толькі прафэсійныя школы. А я ціха замест сярэдняй школы зрабіў цэлы інстытут. Потым прыйшоў загад — усім школам прыслаць сваю праграму ў Менск на праверку. Быў там такі Шульц, немец — галоўны нямецкі камісар па адукацыі. Ён меў дарадчыкам майго калегу з унівэрсытэту. Той мне і распавёў, як той, калі прачытаў маю праграму, выбег з кабінэту белы ад злосьці: — Што там гэты зрабіў унівэрсытэт цэлы! Зачыніць, зараз жа! Зачыніць унівэрсытэт!»

Калі Барыс Кіт паехаў у Менск на Ўсебеларускі зьезд, сябры яго папярэдзілі, што яму пагражае арышт за самавольнае стварэньне ўнівэрсытэту. Але вярнуўшыся ў Маладзечна, Барыс Кіт ціхенька скончыў навучальны год, выдаў усім дыплёмы і пачаў уцякаць на Захад. Заставацца ў вызваленай Савецкім Саюзам Беларусі яму было небясьпечна.

Вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца

Барыс Кіт

Будаўніцтва нацыянальна сьвядомага грамадзтва пачынаецца з адукацыі. Гэта тое, што вельмі добра зразумеў Барыс Кіт яшчэ ў свае маладыя гады. Таму ўсё жыцьцё ён вучыўся і навучаў. У яго была мара — стварыць Нацыянальны ўнівэрсытэт, якой так і не было суджана спраўдзіцца.

«Як толькі я даведаўся пра незалежнасьць Беларусі, то адразу захацеў стварыць там Нацыянальны ўнівэрсытэт. Зь філіяламі ў Наваградку, Магілёве, Горадні… па ўсёй Беларусі. Я знайшоў сабе памочнікаў — вялікіх людзей ва ўсім сьвеце. Мой знаёмы амэрыканец, у якога было цэлае бюро, дапамагаў мне, пісаў лісты ў фундацыі розныя. І ўжо ўсё наклёўвалася, але як прыйшоў „бацька“… усё і скончылася».

Прыклад Барыса Кіта неверагодна захапляе і натхняе.

«Спадар Барыс, што б вы параілі маладым беларусам, якія жывуць у Беларусі і за мяжой?»

«Змагацца за незалежнасьць Беларусі! Але самае важнае дзьве рэчы: вучыцца, страшна вучыцца, вучыцца і вучыцца, і не забываць на сваю беларускасьць і Беларусь. Не прадаваць Беларусь нідзе і ніколі».

У той дзень мы былі не адзінымі гасьцямі. Спадар Барыс ужо сьпяшаўся на сустрэчу зь беларускай дэлегацыяй. У свой стогадовы юбілей увага людзей зь Беларусі да яго сапраўды вялікая. Праз гэту ўвагу ён і вяртаецца на Беларусь, ягонае імя наноў адкрываецца для беларусаў, каб яны вучыліся ганарыцца сваім суайчыньнікам.

Барыс Кіт

На разьвітаньне Кіт падзякаваў, што мы да яго прыехалі, бо кажа «вы прынесьлі мне маладосьць». Між тым як я ў душы адчуваю ці не большую ўдзячнасьць яму за тое, які цудоўны прыклад ён даў мне і маім сябрам — што нічога ня позна, і што нельга ні ў якім разе губляць надзеі. Варта проста змагацца да апошняга і заставацца верным сваім ідэалам, як гэта рабіў і працягвае рабіць Барыс Кіт.


Воля Дудко 13:29, 08.04.2010 | Артыкулы |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0461 seconds.