Яны робяць мапы

Вы калі-небудзь задумваліся над тым, адкуль зьяўляюцца гарады і магістралі на сеціўных спадарожнікавых мапах? Некаторыя зь іх ствараюцца прафэсіяналамі, а некаторыя рыса за рысаю малююцца энтузіястамі на аснове здымкаў з космасу. У Менску адбылася першая ў гісторыі сустрэча стваральнікаў мапы Беларусі на аснове спадарожнікавых здымкаў сэрвісу Google Maps.

Тры дзесяткі маладых людзей у пятнічны вечар сабраліся разам, каб… маляваць мапы. Многія зь іх ужо даволі вопытныя ў гэтай справе. Дзякуючы такім валянтэрам любы карыстальнік Сеціва бясплатна можа знайсьці і прагледзець на мапе патрэбную вуліцу ці населены пункт Беларусі. А калі такі яшчэ не пазначаны, дапамагчы сабе і астатнім, дадаўшы адсутны аб’ект з дапамогай сэрвісу Google Map Maker (Картограф), спэцыяльна распрацаваным для стварэньня мапаў на аснове спадарожнікавых здымкаў.

«Мы вельмі рады, што сэрвіс Map Maker стаў даступны беларусам, — кажа Кацярына Губчык, спэцыяліст па прадуктам кампаніі Google. — Напрыклад, для Ўкраіны і Расеі Map Maker яшчэ не запушчаны. Хаця ўкраінцы вельмі моцна просяць, каб гэты сэрвіс быў адчынены і для іх краіны».

Па яе словах, пасьля адкрыцьця беларусам доступу да картографу ў сьнежні 2009 году, зьявілася кам’юніці валянтэраў, якія ствараюць мапу нашай краіны і «робяць шыкоўныя рэчы».

Мэта сустрэч, падобных да сёньняшняй, — аб’яднаць такіх валянтэраў і, канешне ж, намаляваць за вечар як мага болей мап.

Першая Mapping Party адбылася ў Вялікабрытаніі ў 2006 годзе. З тых часоў картографы ўсяго сьвету безупынна тусуюцца на падобных мерапрыемствах, малюючы мапы нашай плянэты. І ў Менску гэта ня першая сустрэча падобнага кшталту, хаця малявальшчыкі Google Map раней ня бачыліся ў такім фармаце.

Адзін з арганізатараў сустрэчы, беларускі праграміст Ігар Маханёк, які цяпер працуе ў швайцарскім офісе Google у Цюрыху, распавядае, што быў час, калі ён па дзьве гадзіны ў дзень праводзіў над стварэньнем мапы Беларусі. За гэты час Ігар выправіў і дадаў каля 1000 элемэнтаў мапы. Матывацыя для ўдзелу ў распрацоўцы мапы, да думку праграміста, нагадвае супольную працу над энцыкляпэдыяй Wikipedia.

«Людзям не хапае нечага. Людзі правяць і паляпшаюць, калі ім самім хочацца лепей карыстацца сэрвісам. Калі я ў Менску, і адкрываю мапу на маім тэлефоне, то хачу бачыць, дзе я знаходжуся, як завецца гэта вуліца».

«Я магу пазначыць [на мапе] гарадкі, дзе ніколі ня быў і ня буду, але гэта паляпшае якасьць, і людзі бачаць, што ты не адзін. Адчуваньне, што мы робім гэта разам, моцна дапамагае знайсьці матывацыю».

Сапраўды, шмат хто з прысутных прыйшоў на Mapping Party, каб адчуць дух кам’юніці.

«Раней я спрабавала крыху ўдасканальваць мапу Чэрвеня, бо гэта месца, дзе нарадзілася, і я б хацела бачыць яго на сусьветнай мапе», — кажа Надзея, якая працуе ў сфэры IT.

За час сустрэчы стваральнік сэрвісаў для Сеціва Глеб удасканаліў і дадаў некалькі вуліц роднай Гародні:

«Мы ўжо працавалі з Google Maps, і цяпер я хачу лепей вывучыць гэты сэрвіс, каб карыстацца ім для ўласных праектаў».

Кожны чалавек, які ўмее карыстацца Інтэрнэтам, можа зайсьці на сайт Картографа і нешта адрэдагаваць ці дадаць новае. Спэцыяльныя веды тут не патрэбныя (некалькі парадаў пачынаючым).

«Дзесьці праз паўгода-год усе буйныя гарады і іх вуліцы Беларусі будуць пазначаныя на мапе. А каб дабрацца да малых гарадоў, ня хопіць і некалькіх гадоў», — кажа Ігар.

Параўнальна зь іншымі краінамі, беларускае кам’юніці мэпераў, якое вылічаецца сотнямі карыстальнікаў, пакуль прайграе па колькасьці. Хаця яно значна вырасла і будзе расьці, лічыць Ігар:

«У Індыі картограф проста віруе. З эўрапейскіх краінаў самае актыўнае кам’юніці ў Румыніі. Але гэта ў першую чаргу дзякуючы значна большай долі карыстальнікаў Інтэрнэту і розных гаджэтаў».

Цяпер у Сеціве даступна даволі вялікая колькасьць мапаў, дзе Беларусь прадстаўлена больш ці менш актуальна і падрабязна. Гэта, напрыклад, мапа ад расейскага пошукавіка Яндекс, ці адкрыты праект Open Street Map (адкрытая вулічная мапа). Апошні сэрвіс асабліва папулярны сярод некаторых энтузіястаў: дадзеныя з гэтай мапы кожны можа выкарыстоўваць так, як жадае.

Дарафей, актывіст праекту Open Street Map, адмыслова прыйшоў на сустрэчу, каб «прапіярыць» сваю супольнасьць, якая, па яго словах, налічвае каля пяці соцень беларускіх удзельнікаў.

Але адным з самых папулярных падобных сэрвісаў застаецца ўсё ж мапа ад Google, якая ўключае магчымасьць гуляць па ЗША і некаторых гарадах Эўропы (Street View — праглядальнік вуліцаў), і нават дэталёва пазнаёміцца з мапамі Месяцу і Марсу.

Глядзіце фотарэпартаж з Google Mapping Party у Менску

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0849 seconds.