Ігар Маханёк: «Кампутар без інтэрнэту мяне зацікавіць ня больш, чым на 5 хвілінаў»

Ігар Маханёк 

Некалькі год таму скончыў ФМПІ БДУ, а ўжо цяпер працуе ў Швайцарыі праграмістам у Google. Яшчэ ў студэнцкія гады стаў вядомым па некалькіх перамогах на Кубку Yandex па пошуку. На мінулым тыдні Ігар Маханёк завітаў у госьці ў Менск, дзе мы зь ім і паразмаўлялі пра ананімнасьць у Сеціве, працу ў Цюрыху, тайммэнэджмэнт, выхаваньне і наагул жыцьцё. ­

­

Сустрэліся мы зь Ігарам у кавярні побач з галоўным корпусам БДУ — якраз насупраць факультэту прыкладной матэматыкі і інфарматыкі.

«Вось быў на факульт­эце два дні таму — праўда, мяне там ніхто не пазнае, але затое там такія прыгожыя дзяўчынкі ў нас зараз:). Вучыўся на спэцыяльнасьці інфарматыка, тэорыя праграмаваньня. Ой, не тэорыя, а тэхналёгія праграмаваньня — усё забыў», — распавядае Маханёк. 

Асноўнай атрыманай адукацыяй Ігар лічыць школьныя алімпіяды па альгарытмам ды ўласную практыку. Працаваць пайшоў з 3-га курса. Пайшоў на фірму. Дарэчы, некалькі дзён таму завітаў на сваю першую працу ў «Авест» — яму там падаравалі фірмовую прадукцыю. Маханёк дастаў з кішэні зьвязку ключоў зь нейкай штуковінай:

«Выглядае як флэшка, але туды файлы запісваць нельга. Гэта ключ, якім можна падпісваць дакуманты, шыфраваць і гэтак далей. Вось увесь софт для гэтага я пісаў у свой час».

Зараз Ігар працуе як Software Engineer у Google. Аднак кажа, што ня можа распавядаць падрабязна, бо такая ўмова адна з асаблівасьцяў працы. У Менску працаваў у бясьпецы інфармацыі, а ў Google — хутчэй у аналізе.

Праграмаваньнем пачаў займацца яшчэ зь пятай клясы. Так пашэнціла, што сярод сваякоў былі і такія, якія яшчэ за савецкім часам абралі сваёй спэцыяльнасьцю праграмаваньне. Хоць тады, што фізык, што матэматык ці біёляг — заробкі атрымлівалі аднолькавыя. Маці ў Ігара праграміст, стрыечны брат, старэйшы на 10 год, таксама. Вось гэты брат аднойчы і падсунуў юнаму Маханьку кніжку па праграмаваньні. Маўляў, вось, чытай, хопіць гуляць у іншыя, пішы свае гулькі

«Наагул было клёва. Гэта як падзелкі рукамі робяць — вось такое было адчуваньне. Я ў дзяцінстве спрабаваў там падарункі нейкія рукамі рабіць — усё крывое атрымлівалася. Напэўна рукі не прызначаныя для гэтага:). А вось калі на кампутары — тое самае, што робіш рукамі, але яно раз — і працуе! І гэта зусім іншае. Гэта ўжо як сваё дзецішча».

У восьмай клясе пачалася інфарматыка. Будучы праграміст ужо з галавой займаўся ёй дома. У школе — на кампутары "Няміга-84", дзе быў толькі Бэйсік, а дома праграмаваў на Pascal у Windows. Далей пайшлі школьныя алімпіяды, якія і сталіся для Ігара «адкрыцьцём сьвету»:

«Дагэтуль я проста крышачку ўяўляў, як пісаць праграмы. Потым былі зборы алімпіяднікаў, лягера, дзе нас вучылі глыбей. Студэнты ФПМІ чыталі нам лекцыі. Я тады думаў: блін, такія рэчы даведваюся. Цэлы сшытак сьпісаў. Там атрымаў базу, потым алімпіяда, потым я ўжо ў ліцэй БДУ пайшоў. А ў 11-й клясе ўсё ўжо было проста — зьезьдзіў на рэспубліку, атрымаў сабе паступленьне без іспытаў і ні парыўся».

Яшчэ ў ліцэі Маханёк захапіўся гульнёй «Што? Дзе? Калі?». Туды яго запрасіў сябар, матэматык. Пазьней Ігар стварыў сваю каманду «Салярыс», якая ўдзельнічала ў чэмпіянаце Беларусі. Кантакт з набытымі сябрамі падтрымлівае і зараз: «Інтэлектуальны рух для мяне як палова жыцьця». Таксама Ігар актыўна ўдзельнічае ў беларускай Wikipedia і дапамагае ў перакладзе інтэрфэйсу Livejournal на беларускую.

Навучаньне, праца, перамогі ў Кубку Яндэкса па пошуку, праца ў Google. Што будзе далей, Маханёк пакуль не загадвае, але кажа, што да ўсяго гатовы.

Ігар Маханёк 

Адукацыя і выхаваньне 

Дыплём ці самаадукацыя?

«Я шчыра ня ведаю, як лепей. Я толькі ведаю, што ўсё, што я вынес з унівэрсытэту карыснага мне зараз, я мог бы ўзяць за адзін год, а не за пяць. Але я ня ўпэўнены, што гэта было б добра для ўсіх. Таму што іншыя вынесьлі нешта іншае. Вось што дакладна няправільна і што трэба мяняць — гэта стабільнасьць прадметаў. Набор спэцыялізаваных прадметаў мусіць быць дынамічны, як зараз на Захадзе. А ў нас усе маюць аднолькавы набор прадметаў і мусяць іх вывучаць.

Галоўнае — розум і веданьне базы. У любой спэцыяльнасьці шмат розных вузкіх кірункаў, куды можна пайсьці і чалавек мусіць умець лёгка адаптавацца. Вось праграміст, да прыкладу. Калі ён атрымаў дыплём computer science, ён мусіць быць здольны пайсьці на працу па любой мове праграмаваньня. Калі адукацыя добрая, ты на любой працы па спэцыяльнасьці за пару месяцаў ці пару тыдняў адаптуесься».

А выхаваньне, сваякі, падзеі вакол — наколькі ўплываюць на фармаваньне асобы? Тваё дзяцінства таксама прыпала на час зьнікненьня СССР і станаўленьня незалежнай Беларусі — усё вакол мянялася вельмі хутка.

«Выхаваньне ўплывае на ўсё. Насамрэч колькі я зь людзьмі стасуюся, спрабую аналізаваць статыстычна розьніцу паміж народамі. Ад выхаваньня, як комплексу ўсяго, што чалавек чуе і бачыць ад сваіх сваякоў, старэйшых, сяброў у дзіцячым садку і школцы, ад таго, што бачыць па тэлевізіі, залежыць усё. Ад таго, як разьвіваецца чалавек першыя 10 год, залежыць усё. І гэта потым не мяняецца. У гэтым я ўпэўнены. 

Датычна таго, як я рос. Калі разваліўся СССР, я не адчуваў таго моцна — мне было ўсяго шэсьць год. Так, я бачыў па тэлевізары танкі, белы дом, але мне гэта неяк па барабану было. І мае сваякі, як мне падаецца, таксама не асабліва зьвярталі на гэта ўвагу. Маці працавала, бацьку звольнілі з дзяржаўнай працы і ён пачаў нейкі бізнэс круціць. Але на мяне гэта мала ўплывала — зараз так падаецца. Я хадзіў у школу і вучыўся. Што адбываецца на ўзроўні краіны, розьніцу паміж нашай краінай і іншымі я пачаў разумець недзе ў канцы 90-х. Напрыклад, у нас інтэрнэт зьявіўся недзе ў 98-99-м, але там ужо ўсё ёсьць, а ў Беларусі ён толькі зьявіўся».

 Ігар Маханёк

Праца, Цюрых, адпачынак і камунікацыі

Колькі часу зараз праводзіш у Сеціве? 

«Я працую ў Сеціве штодня. 8–10 гадзін на працы. І яшчэ потым для сябе 2–3 гадзіны. Кампутар, які не далучаны да інтэрнэту, мяне больш чым на 5 хвілін, зацікавіць ня можа:)»

Працуючы ў іншай краіне, усю інфармацыю пра падзеі ў Беларусі, атрымліваеш празь інтэрнэт. Па прыезьдзе сюды, у інфармацыйным пляне не адчуваеш розьніцы?

«Большую частку інфармацыі пра тое, што адбываецца ў Беларусі, я атрымліваю. Не хапае хіба што нейкіх чутак — таго, што проста „ходзіць па вушах“. Заўважаў, што бывае ведаю пра тое, што адбываецца ў Беларусі, болей за людзей, якія тут жывуць і проста меней сядзяць у нэце. Навіны чытаю праз rss — cтужак 50, якія я спрабую чытаць. Сайтаў, у якіх няма rss, мабыць ніводнага не наведваю ўжо».

А з бацькамі як камунікуеш? Празь інтэрнэт ці тэлефон?

«З бацькамі кантактую таксама праз інтэрнэт — праз Google Talk. Дарэчы, цікава было ў офісе неяк. Кажу калегам, што толькі што з бацькам праз Google Talk размаўляў — дык яны моцна зьдзівіліся:)».

Як выглядае твой працоўны дзень? Ці не бывае такога, што пайшоў па спасылцы карыснай, а знайшоў сябе сярод ночы на левым сайце? Інтэрнэт зацягвае…

«Я кожны дзень прачынаюся не пазьней за 7. Самае позьняе — 7:30 дазваляю. Для таго, каб гэта працавала, я кладуся не пазьней за гадзіну. Наконт спасылак і часу — Google Reader вельмі эканоміць час, празь яго ня так лёгка пайсьці па спасылках куды-небудзь ў дзірку. Таксама патрэбна разумець, што табе ня так патрэбна. Патрэбна лягчэй разьвітвацца з рэчамі, якія для цябе ня так важныя, калі няма часу. Напрыклад, у мяне не прачытана там у рыдэры 500 навінаў — ну і ладна, пазначаю як прачытаныя і іду далей.

На працу прыходжу каля 10 гадзіны, зыходжу звычайна не раней за 19, але бывае застаюся да апошніх аўтобусаў каля апоўначы. І ня ўсё ж гэта толькі праца — напрыклад, у нас рэгулярна ёсьць «game evening», калі мы з калегамі зьбіраемся ў бібліятэцы гуляць у настольныя ці картачныя гульні.

Насамрэч ніхто ніколі не трымае мяне на працы, я вольны зыходзіць як мне трэба. Але нават банальна пошту праверыць ці ў Google Reader зайсьці зручней на працы ўвечары, чым з хатняга кампа».

Магчыма, карыстаесься адмысловымі праграмкамі ці гаджэтамі для плянаваньня ўласнага часу? 

«Насамрэч, спрабаваў усё — і папяровы нататнік у тым ліку. Для мяне гэта цяжка працуе. Ёсьць нейкія мінімальныя рэчы — магу ў тэлефоне пазначыць. Але па-большасьці, усё, што трэба зрабіць — трымаю ў галаве. Google Calendar толькі для працы карыстаю. А іншыя справы на дзень трымаю ў галаве. Ёсьць спэцыялісты па time management, у якіх усё супэр і яны ўсё трымаюць па паліцах. Я не такі».

А без чаго ня можаш працаваць?

«Клявіятура, мышка, кампутар, інтэрнэт — і зручнае крэсла. Каб у крэсьле можна было сядзець і адчуваць сябе чалавекам. І гарбата. Кава — толькі калі спаць хочацца».

Ipod — гэта толькі плэер? Што скажаш пра культ Apple і антыкульт Microsoft?

«Як для мяне, дык проста плэер. Што праўда, больш зручны і прыгажэйшы за амаль усе астатнія. Культы і антыкульты не люблю. Лепей, каб усё было болей лягічна».

Ці маеш там час на адпачынак і ці шмат сяброў у Цюрыху?

«Кожную суботу ці нядзелю катаюся на лыжах з горкі — вось гэта самы галоўны мой адпачынак. Мясцовых камунікацыяў у мяне ў Цюрыху ня так і шмат — мова, ёсьць свае цяжкасьці. Спрабую зь людзьмі знаёміцца, але збольшага ўсё па працы, з тымі, з кім працую. Але і гэтага дастаткова. З адным паехаў у адзін горад на адпачынак, зь іншым — у іншы, з кімсьці пайшоў на піва, а з кімсьці на сальса-вечарыну».

Ігар Маханёк 

Музычныя густы

Цой, Metallica, Nirvana, Gods Tower альбо Ace of Base, Кармэн, Scooter? Якая музыка цябе выхавала?

«Разнастайнасьць (ня толькі музычная) і выхавала :). Скутэр той жа ў дзяцінстве слухаў нейкі непрацяглы час. Але ўсё ж болей я заўсёды цягнуўся да року і мэталу».

Некалі ты хадзіў з даўгімі валасамі. Гэта зьвязана з музычнымі густамі? :)

«Валасатасьць зьвязаная і з музыкай, і з самастойнасьцю, зь нейкім жаданьнем праявіць уласную свабоду. Таксама быў такі час, калі я быў упэўнены, што ўсім дзяўчынам гэта падабаецца. З тых часоў я ўжо ведаю, што дзяўчыны дзеляцца пяцьдзесят-на-пяцьдзесят:). А потым проста надакучыла, бо, па-першае, даўгія валасы — дафіга працы, а па-другое — проста захацелася зьмяніцца».

Кансьпірацыя ў сеціве і давер да сыстэмы

Ананімы ў Сеціве, віртуалы ў жж — звычайная справа для Беларусі. Рэдкія блогеры выкладаюць сваё сапраўднае імя і фота ці наадварот у інтэрвію пазначаюць свае нікі. Але насамрэч большасьць віртуалаў у інтэрнэце вельмі лёгка расскакрэціць.

Пастаянна мець справы з пошукам у інтэрнэце — ці ня ўзьнікае параноі наконт уласнай кансьпірацыі?

«Не, у тым і розьніца, што калі ты больш-менш спэцыяліст, ведаеш, што можна знайсьці, а што нельга. І ў мяне няма параноі, бо я ведаю, што пра мяне можна знайсьці ў інтэрнэце, бо я сам гэта ўсё магу знайсьці. І я ведаю, чаго пра мяне нельга знайсьці. 

Насамрэч ўся гэта праблема ў інтэрнэце складаецца з двух рэчаў. Першае: ты сам падзяліўся інфармацыяй пра сябе зь інтэрнэтам па сваёй глупасьці ці па ўласнай шчырасьці і жаданьні з усімі падзяліцца. А другое — што пра цябе іншыя ведаюць і яны падзяліліся з усім інтэрнэтам. Вось другое, што пра цябе іншыя ведаюць, гэта давер. Гэта і да інтэрнэту было. Калі ты распавёў камусьці, што ў цябе ўсё дрэнна ў жыцьці, напрыклад, ты можаш чакаць, што ён усім распавядзе ці не распавядзе — як атрымаецца. У інтэрнэце ўсё тое самае. 

А першае — гэта такі паказьнік уласнай наіўнасьці і разуменьня ці неразуменьня сэнсу інфармацыі. Колькі я бачыў такіх выпадкаў. Калі, напрыклад, дзяўчына вядзе прыватны дзёньнік у ЖЖ, не пад сваім імём, нейкі быццам невядомы жж-юзэр, але яна не закрытыя пасты піша — а так, публічныя. А я адкрываю яе жж — і ведаю, што гэта за дзяўчына, бо гэта прасочваецца. І там з пастоў бачна, што яна думае, што гэтага ніхто ня здолее прачытаць. Бачна, што яна і на паперу так бы пісала ў хаце. Я лічу, што гэта такая наіўнасьць. 

Праўда, ёсьць давер да сыстэмы, што ёсьць нейкая колькасьць сэрвісаў ці фірм, якім ты давяраеш. Напрыклад, закрытыя пасты ў жж — ты давяраеш іх сыстэме Livejournal. І ты давяраеш, што заўтра гэта фірма ня вывесіць іх у агульны доступ. А без пэўнага даверу да сыстэмы наагул немагчыма. Усе мэйлы, размовы праз чаты, Skype — усе праходзяць праз кагосьці. І ў выніку ты давяраеш, што гэты хтосьці ў сярэдзіне ланцуга не скапіруе і ня вывесіць нідзе вашу размову. Вось нават мы з табой зараз сядзім тут і давяраем, што тут (паказвае на раму вакна) няма мікрафона, напрыклад. Я да таго, што трэба давяраць, але без наіўнасьці».

«Я не шукаю магчымасьці, я іх бачу»

«Я заўсёды займаўся тым, што мне цікава зараз. Я ведаю шмат людзей, якія значна болей дасягнулі, як мінімум, у пляне таго, што яны ведаюць, што яны могуць у той жа інфарматыцы, таму што яны гэтым займаюцца.

Я, напрыклад, кніжкі па тым жа альгарытмам год 5 не адкрываў. Я проста стараўся, калі бачыў нейкія магчымасьці, схапіць іх, але ніколі не імкнуўся да нейкай дакладнай мэты. Вось сваю першую працу я таксама не шукаў. Я проста быў у сетцы FIDO. Там пабачыў аб’яву, што нам патрэбен праграміст. Я пайшоў — мяне ўзялі. І ўсё. Ніколі не раскідаў свае рэзюмэ, не будаваў кар’еру, пакуль ня ўбачыў яшчэ адну магчымасьць. Так і жыву. І зараз таксама ня маю ніякіх далёкіх плянаў. Буду спрабаваць.

Я не шукаю магчымасьці, я іх бачу. І гэта вялікая розьніца. Насамрэч магчымасьці ёсьць ва ўсіх. Проста трэба здолець іх убачыць і пасьпець схапіць».

Не ўзьнікала думак пачаць рабіць нейкі ўласны праект ці пайсьці ў меншую кампанію, дзе твая роля будзе больш значнай?

«Якіх толькі думак не ўзьнікала! Узьнікаюць увесь час і розныя. Але думкі і пляны — рэчы розныя. Што тычыцца ролі, дык у якой яшчэ кампаніі я магу ўплываць на прадукты, якімі карыстаюцца ад дзесяткаў мільёнаў да мільярдаў чалавек?»

Аўтар фота Юра Сідун

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.071 seconds.