Google Summer of Code: у студэнты да Google

Большую частку мінулых летніх вакацый Анатоль, тады чацьвёртакурсьнік адной з самых прэстыжных IT-спэцыяльнасьцяў БДУІРу, правёў у валянтэрскім праграмаваньні у кам’юніці іншых такіх жа як і ён маладых распрацоўшчыкаў. Прыклад вар’яцкай любові да праграмаваньня? Зусім не. Старшакурсьнік проста стаў стыпэндыятам праграмы Google Summer of Code, што за некалькі месяцаў папоўніла яго студэнцкі бюджэт ні многа ні мала на $4 500.

Карпарацыя Google ужо некалькі гадоў запар прапануе вялікія летнія стыпэндыі студэнтам-праграмістам з усяго сьвету. Завецца задавальненьне Google Summer of Code, і дапускаюцца да яго усе, хто носіць ганаровае найменьне «студэнт» і згодны аддаць немалую частку сваіх законных вакацыяў на дапамогу разьвіцьцю свабоднага праграмнага забесьпячэньня.

Дзеля любові да коду

Ігар Маханёк, беларус які цяпер працуе ў швайцарскім падразьдзяленьні Google, кажа, што асноўная прывабнасьць праграмы — у карысным вопыце працы па сваёй спэцыяльнасьці:

«Шмат студэнтаў дзякуючы гэтай праграме могуць атрымаць першы сапраўдны вопыт працы распрацоўшчыкам, заміж таго, каб, напрыклад, зарабляць улетку на хлеб непрафэсійнай працай».

За тыя пяць гадоў, што існуе праграма, празь яе прайшлі каля 3 500 студэнтаў на якіх былі выдаткаваныя страшэнныя грошы: каля 15 мільёну даляраў. Навошта гэта карпарацыі? Як кажуць самі «гуглаўцы», усё гэта дзеля любові да коду.

«Google падтрымлівае стварэньне і паляпшэньне адкрытага коду, бо гэта дае магчымасьці ўсім лягчэй ствараць новыя сэрвісы і праграмы. Акрамя таго, гэтая праграма дапамагае заахвочваць моладзь удзельнічаць у распрацоўцы праграм — і ў тым ліку з адкрытым кодам», — кажа Ігар Маханёк.

Ніякіх чыноўнікаў, дэканаў і лябараторый унівэраў — толькі ты і Google. Ну, яшчэ экран манітору і згода выдаткаваць на яго два летнія месяцы.

У выпадку Анатоля ўдзел у праграме пачаўся з выпадковай спасылкі ў Сеціве:

«Гэта было за некалькі дзён да сканчэньня запісу на ўдзел у праграме. Я пазнаёміўся зь інфармацыяй аб Google Summer of Code і падумаў: «а чаму б не рызыкнуць?»

«Свае шанцы я заўсёды ацэньваю па максымуму. Вывучыў усю інфармацыю аб праграме і адчуў, што патыхае грашыма».

Сапраўды, самая галоўная матывацыя для ўдзелу ў праграме — немалая, нават па амэрыканскіх мерках, стыпэндыя. Калі ў мінулым годзе памер яе складаў $4 500, то цяпер Google плянуе раскашэліцца на $5 000 на кожнага з тысячы ўдзельнікаў.

Большая частка студэнтаў праграмы — індусы і кітайцы. А вось колькасьць беларускіх удзельнікаў Google Summer of Code чамусьці мінімальная: у мінулым годзе ў праграме ўзялі ўдзел чацьвёрка беларусаў, а за ўвесь яе час — толькі 12.

Ігар Маханёк лічыць, што такая сытуацыя склалася з-за недастатковай інфармаванасьці пачынаючых беларускіх кампутаровых геніяў:

«Відаць, ня ўсе студэнты, якія маглі б паўдзельнічаць, яшчэ ведаюць пра праграму. Акрамя таго, напэўна, адыгрывае ролю тое, што шмат студэнтаў-праграмістаў у Беларусі працуюць па спэцыяльнасьці ўжо падчас вучобы і ня могуць выдаткаваць шмат часу на адкрыты праект».


Ігар Маханёк

Гуглагрошы на гуглафон

«Я хутка адчуў, што гэта клясная магчымасьць паспрабаваць сябе ў распрацоўцы праграмнага забесьпячэньня. Бо далучуся да стварэньня рэальнай праграмы, якой будуць карыстацца людзі», — распавядае першыя ўражаньні Анатоль.

Усё пачынаецца з рэгістрацыі на сайце праграмы. Пасьля таго, як вы азнаёміцеся са сьпісам арганізацый, якія ўдзельнічаюць у гэтым годзе, пасёрфіце па спасылках аб пошуках студэнтаў для Google Summer of Code, якія пакідаюць кампаніі на сваіх парталах. Некаторыя ідэі загадзя прапанаваныя. А можна падаваць свае.

Анатоль займаўся распрацоўкай дастасаваньня да праграмы Eclipse, якую стварае і падтрымлівае некамэрцыйная арганізацыя Eclipse Foundation:

«Я прапанаваў некалькі паляпшэньняў ідэі кампаніі. Пачалося ліставаньне з абмеркаваньнем таго, што я прыкладна хачу зрабіць».


Анатоль

Галоўны этап у час выбару ўдзельнікаў праграмы — дыялёг з мэнтарам (чалавекам, які прадстаўляе арганізацыю, зь якой студэнт зьбіраецца супрацоўнічаць). На кожную ідэю можа прэтэндаваць некалькі чалавек, таму мэнтар углядаецца ў кандыдатаў, спрабуе знайсьці лепшага.

Ужо напрыканцы красавіка Google абвяшчае тысячу шчасьліўчыкаў, якія ўлетку зоймуцца стварэньнем прадукту. На гэтым этапе ад студэнтаў патрабуюць доказаў таго, што кандыдат — сапраўды студэнт.

У сярэдзіне ліпеня трэба прадставіць доказ таго, што праца ідзе, пасьля чаго ў выпадку зацьвярджэньня працы, ён атрымлівае большую палову стыпэндыі.

Хаця атрымаць амэрыканскія грошы беларусу, вядома, ня так проста:

«Усё ж такі грошы было атрымаць лягчэй, чым я ад пачатку ўяўляў. Хаця спатрэбілася прайсьці некалькі паралельных шляхоў, каб стыпэндыя трапіла ў рукі», — кажа Анатоль.

Як высьвятляецца, з падобнай сумай разабрацца нават лягчэй, чым са звычайнай беларускай стыпухай:

«Прыдбаў добры ноўтбук, тэлефон, які я называю „гуглафонам“, бо набыў яго за гуглагрошы, дапамог сваякам».

Студэнты могуць падаваць свае прапановы на ўдзел у праграме ўжо з 9 красавіка.

«Галоўнае быць студэнтам на час падачы заяўкі. І верыць у сябе», — кажа Анатоль, які не выключае магчымасьці у гэтым годзе наноў паўдзельнічаць у конкурсе на стыпэндыі.

Іншыя магчымасьці ад Google

Google штогод прапануе некалькі цікавых магчымасьў для тых, хто плянуе зьвязаць сваё жыцьцё з праграмаваньнем. Некаторыя зь іх:

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0719 seconds.