Квіткі на цягнік можна замовіць празь Сеціва

Цяпер і ў Беларусі можна празь Інтэрнэт набыць квіток на цягнік, праглядзець яго кошт, а таксама забраняваць і падабраць месца. Новы сэрвіс каштоўны актуальнай інфармацыяй аб цягніках.

На сайце сеціўных касаў Bilet.by адчынены разьдзел, у якім карыстальнікі Інтэрнэту могуць замовіць альбо забраніраваць квіток на цягнік. Гэта першы падобны сэрвіс у байнэце.


Новы сэрвіс дазваляе прагледзець вольныя і занятыя месцы, іх разьмяшчэньне ў вагоне

Па адрасе poezd.bilet.by можна праглядзець інфармацыю аб цягніках у рэжыме рэальнага часу, даведацца аб кошце квітка, нават аб разьмяшчэньні занятых і свабодных месцаў.

Як сьцьвярджаюць прадстаўнікі сеціўных кас, адразу пасьля сканчэньня працэсу браняваньня з кліентам зьвязваецца апэратар. Дастаўку білетаў абяцаюць на наступны дзень, але за яе трэба дадаткова заплаціць. Проста забраняваць квіток без дастаўкі не атрымаецца.

Паслугі сеціўнага браняваньня квіткоў таксама прапануе сайт Беларускай чыгункі. Аднак ён ня можа пакуль пахваліцца дастатковай юзабільнасьцю і паўнатой інфармацыі аб цягніках.

Як перадае агенцтва Мінск-навіны, Беларуская чыгунка сумесна зь Беларусьбанкам распрацоўвае канцэпцыю рэалізацыі квіткоў празь Інтэрнэт. Але пасажырам усё роўна трэба будзе зьвяртацца ў касы на вакзале. Іншыя схемы продажаў патрабуюць «дасканалай прапрацоўкі», кажуць прадстаўнікі менскай чыгункі.

Беларуская транспартная галіна ўсё лепей абжываецца ў Сеціве. Зь нядаўняга часу на абноўленым сайце Мінсктрансу, які займаецца пасажырскімі перавозкамі па Менску, даступныя расклады ўсяго транспарту сталіцы, нават мэтро. Дзякуючы гэтаму сэрвісу можна скласьці аптымальны маршрут перасоўваньня па горадзе, праглядзець схему транспарту.


Новы сайт Мінсктрансу не дазволіць заблукаць у Менску нават эстонцу

Адметнасьць сайту — інтэрфэйс на літоўскай, эстонскай і польскай мовах. Але аб беларускай у Мінсктрансе пакуль, як бачна, не задумваліся.

Таксама ў беларускім Сеціве даступны сэрвіс продажу квіткоў на самалёты ўсіх авіякампаній, якія працуюць у краіне.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1649 seconds.