Праект «Жывы гук ON-line» пачынае веснавы сэзон

Першы канцэрт сэрыі адбудзецца 2 красавіка ў самым цэнтры Менску, у Палацы Мастацтва, у межах арт-фэстывалю «Fun House». Леташнія канцэрты праекту «Жывы гук ON-line» стварылі новую мадэль існаваньня альтэрнатыўнае сцэны ў нашым горадзе і сталі ў шэраг найбольш адметных імпрэзаў году.

Атмасфэра чэрвеньскага фэсту ў Дворыку Дома Афіцэраў, які наведалі каля тысячы чалавек, нарэшце нагадала ўсім прысутным і тым, хто далучыўся да інтэрнэт-трансьляцыі і глядзеў фотарэпартажы, што Менск — эўрапейскі горад. «Жывы гук ON-line» плянуе сэрыю рок-канцэртаў і ў гэтым годзе.

Галоўная задача праекту — даць музыкам сцэну, а публіцы — магчымасьць завесьці звычку рэгулярна хадзіць на рок-канцэрты, а значыцца знайсьці сабе новае кола знаёмстваў. Мерапрыемствы будуць праходзіць на працягу году ў розных месцах, якія магчыма прыстасаваць пад рок-канцэрт — на вуліцы, у кватэрах, гаражах, альтанках ды клюбах. А завершыць сэзон — вялікі фэстываль.

«„Жывы гук ON-line“, звычайна, працуе на розных пляцоўках. Непрадказальнасьць у нашым выпадку не эпітэт, а ўмовы існаваньня, — кажа Піт Паўлаў, ідэйны кіраўнік праекту. — Анансуючы кожную наступную акцыю мы выкарыстоўваем бліц-рэжым і разьлічваем на ўважлівасьць, як уласьцівасьць нашае аўдыторыі».

Захоўваючы інтрыгу, поўны склад удзельнікаў арганізатары абвесьцяць на наступным тыдні. Але дакладна вядома, што ў межах канцэрту 2 красавіка будуць паказаныя фрагмэнты фільму, зьнятага падчас папярэдняга канцэрту. А ўсе, хто прыйдзе, стануць ўдзельнікамі on-line трансьляцыі і героямі наступнага музычнага фільму. Трансьляцыя будзе арганізаваная пры тэхнічнай падтрымцы інтэрнэт кавярні «Саюз On-line». У цэлым праект рэалізуецца ў партнэрстве з Эўрарадыё і пры падтрымцы варшаўскай галерэі ZOYA.

Кастынг сярод маладых музыкаў на права ўдзелу ў канцэртах праекту працягваецца. Свае запісы, інфармацыю пра гурт і ўсё, што можа дапамагчы скласьці уяўленьне пра творчасьць каманды, дасылайце на адрас: zyvyhuk@gmail.com.

Slaver 11:00, 19/03/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0707 seconds.