Студэнты маскоўскай ВНУ пратэстуюць супраць праваслаўнага крыжа ва ўнівэрсытэце

«Крыжам на сьвецкім характары ВНУ» называюць студэнты Маскоўскага інжынэрна-фізычнага інстытуту ініцыятыву кіраўніцтва па замене скульптуры студэнта праваслаўным крыжом напярэдадні візыту патрыярха Кірыла. Незадаволеныя навучэнцы адправілі зварот у пракуратуру з патрабаваньнем прыбраць крыж і цяпер рыхтуюцца да «актыўных публічных дзеяньняў».

Напярэдадні візыту патрыярха Кірыла ў Маскоўскі інжынэрна-фізычны інстытут (МІФІ), дзе вучацца будучыя супрацоўнікі расейскай атамнай галіны, на месцы скульптуры пад назовам «МИФИческий студент» па рашэньню рэктара і навуковай рады ВНУ быў усталяваны праваслаўны крыж. Помнік увасабляў дэвіз «Дарогу адужае той, хто ідзе».

«Рэктар Міхаіл Стрыханаў проста напляваў на сьвецкі характар ВНУ і на меркаваньне студэнтаў, паставіўшы гэты крыж», — заявіла выданьню GZT.RU выпускніца МІФІ Марына. Сваё прозьвішча яна прасіла не агучваць.

На думку выпускніцы, «Стрыханаў зьнёс скульптуру, што ўвасабляла студэнта, які імкнецца да ведаў. І замест яе паставіў незразумелы крыж. Прычым, нават незразумела, што сымбалізуе крыж пасярод пустой прасторы».


Помнік і крыж перад будынкам МІФІ. Фота www.ibk.ru

У час візыту патрыярх атрымаў званьне Ганаровага доктара ўнівэрсытэту. У сваю чаргу рэктар МІФІ атрымаў з рух Кірыла ордэн князя Данілы Маскоўскага трэцяй ступені.

У інстытуце вучацца студэнты розных веравызнаньняў, але «наўрад ці нехта будзе маліцца ля крыжа насупраць прахадной», адзначаецца ў заяве студэнтаў. Яны патрабуюць зьнесьці крыж, бо яго ўсталяваньне парушае заканадаўства і канстытуцыю, а таксама ацаніць шкоду, якую, на думку студэнтаў, нанёс рэктар сваімі дзеяньнямі.

Студэнты паспрабавалі правесьці сымбалічную акцыю пратэсту супраць ўстаноўкі крыжа — насупраць брамы МІФІ паставіць фота зьнесенага помніка з жалобнай стужачкай і сьвечкай, але акцыю, як паведаміў адзін з актывістаў, прыйшлося перанесьці: «усё перакрыта, усюды камуфляж».

Цяпер студэнты, па іх словах, рыхтуюцца да «актыўных публічных дзеяньняў».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0862 seconds.