Студэнт, які скончыў жыцьцё самагубствам, хацеў пераразьмеркавацца
24-гадовы выпускнік Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту Павал Ступак скочыў з 13-га паверху роднага ўнівэрсытэту пасьля таго, як ня здолеў пераразьмеркавацца зь вясковай школы ў Рагачоўскім раёне, дзе адпрацоўваў першыя шэсьць месяцаў. Выпускнікі БДПУ кажуць, што падобных выпадкаў яны ня памятаюць.
З гэтага будынку скочыў Павал Ступак. Фота Аляксандр Нікіцін
Як паведамляе БелТА, былы студэнт БДПУ прыехаў у Менск вырашаць пытаньне з разьмеркаваньнем. Што зь ім здарылася ў Менску, не вядома, але 27 лютага хлопец скочыў з вакна аўдыторыі будынку на Плошчы Незалежнасьці і загінуў.
Пракуратара Маскоўскага раёну, якая займаецца справай Паўла, «асноўнай» вэрсіяй гібелі выпускніка лічыць «няўдалае разьмеркаваньне», паведамляе naviny.by.
У БДПУ ад камэнтароў адмаўляюцца, сьцьвярджаючы, што «гэта гісторыя ніяк з разьмеркаваньнем не зьвязаная». Тое ж кажуць і выкладчыкі факультэта прыродазнаўства, дзе вучыўся Павал, дадаючы, што праблем з навучаньнем у яго не было.
«Ня кожны чалавек здольны нешта зьмяніць пасьля двух гадоў»
Дзьмітрый, выпускнік прыродазнаўчага факультэту БДПУ 2004 году, кажа, што ў яго час звычайна разьмяркоўвалі па месцы жыхарства, а тым, хто паходзіў зь Менску, прапаноўвалі адпрацоўваць у Менскім раёне.
«Звычайна пасьля разьмеркаваньня людзі выходзілі ня тое каб з расчараваньнем, хутчэй з усьмешкай. Можа, студэнты гэта ня цалкам яшчэ асэнсоўвалі. Звычайна, калі ім паведамлялі аб месцы разьмеркаваньня, то выглядала гэта так, быццам яны нейкую навіну пачулі. Але ніхто не адчайваўся».
«З майго выпуску амаль што ўсе людзі ўладкаваліся так, як, напэўна, хацелі», — кажа Дзьмітрый, які ад пачатку ведаў, што яго разьмяркуюць у школу роднага Валожынскага раёну, бо паступаў ён ва ўнівэрсытэт па мэтавым накіраваньні.
Зьмітра Язьвінскага, выпускніка таго ж прыродазнаўчага факультэту БДПУ, разьмеркавалі ў Гарадзею, што ў некалькіх кілямэтрах ад роднага Нясьвіжу. Але тады «сыстэма разьмеркаваньня толькі набірала абароты», таму Зьміцер Язьвінскі нікуды не паехаў і застаўся ў Менску.
«Тэлефанаваў пракурор, але часу сустрэцца зь ім не было, на тым справа і скончылася», — кажа Зьміцер. Нехта зь яго былых аднакурсьнікаў зрабіў настаўніцкую кар’еру ў правінцыі, за два гады стаўшы дырэктарам школы, нехта як настаўнік атрымаў катэдж пад Нясьвіжам, а хтосьці кінуў настаўніцтва праз год, хаця марыў аб ім ад пачатку.
«У кожнага свой лёс», — філязофскі разважае дыплямаваны настаўнік Зьміцер, які цяпер працуе ў будаўнічым бізнэсе і грае ў
рок-гурце .
Менш чым праз два гады сытуацыя зьмянілася: у 2006 г. быў прыняты закон, згодна зь якім разьмеркаваныя студэнты ў выпадку адмовы адпрацоўваць мусілі выплачваць увесь кошт адукацыі.
Максымум, які можа атрымаць малады спэцыяліст у вясковай школе — 500 тысяч рублёў, кажа Дзьмітры з Валожыну. Як адзначае ў інтэрвію для naviny.by Тамара Рагожнікава, дырэктарка школы, куды накіравалі Паўла Ступака, «ад самага пачатку было бачна», што выпускнік быў незадаволены месцам разьмеркаваньня. Тым больш замест таго, каб навучаць дзяцей геаграфіі, ён выкладаў хімію і біялёгію.
«Атрымліваецца, ён працаваў у вёсцы, ды яшчэ не па сваёй спэцыяльнасьці», — кажа спадарыня Рагожнікава.
«Калі я ўпершыню прыехаў у школу, куды мяне разьмеркавалі, я зразумеў толькі адно: ад таго, што я буду працаваць у гэтай школе, нічога ня зьменіцца. Праца настаўніка — доўгатэрміновая, вынікі бачныя ня так хутка, таму сэнсу ад таго, што я два гады ў ёй адпрацаваў, прыкрыў дзірку, было мала», — лічыць Дзьмітрый.
Аб тым, што Павал Ступак зьбіраўся ехаць у Менск па пытаньні пераразьмеркаваньня, ніхто зь ягоных калег ня ведаў. «Проста ў пятніцу ён не выйшаў на працу», — кажа дырэктарка вясковай школы Паўла.
«Толькі пасьля таго, як мы даведаліся пра тое, што здарылася, настаўніца, зь якой ён меў зносіны, прыгадала яго размовы пра самагубства. Ён пытаўся, хто якому спосабу аддае перавагу, прызнаваўся, што ён бы абраў скокнуць з „высоткі“ або перарэзаць вены».
«Разьмеркаваньне паўплывала на маё жыцьцё. Я не заняўся бізнэсам. Можа быць, калі б я не паехаў па разьмеркаваньню, усё магло скласьціся інакш. Але ня кожны чалавек здольны нешта зьмяніць пасьля двух гадоў», — кажа Дзьмітрый, які застаўся на малой радзіме і дагэтуль працуе ў сыстэме адукацыі.