Задача мае рашэньне

Дацэнт катэдры агульнай матэматыкі і інфарматыкі БДУ Аляксандр Самадураў ужо 20 гадоў выкладае студэнтам толькі па-беларуску. Пра моўныя асаблівасьці ў матэматыцы, тэрміналёгію і паразуменьні матэматыкаў розных краінаў — у інтэрвію выкладчыка «Народнай газеце».


— Неяк мне лёсам наканавана, што добра ведаю ангельскую мову, здольны падтрымаць размову на італьянскай ці нямецкай, — кажа кандыдат фізыка-матэматычных навук і любімы выкладчык некалькіх пакаленьняў студэнтаў Аляксандр Самадураў. — Праз тое крыху разумею моўныя магчымасьці. Ну дык вось, да матэматыкі беларуская мова больш здатная, чым, напрыклад, руская.

У доказ гэтага тэзіса Аляксандр Аляксандравіч звычайна прыводзіць студэнтам прыклад: рускі тэрмін «решаемая задача» шматзначны: гэта і «задача, якую рашаюць» і «задача, якая мае рашэньне». А ў беларускай мове непажаданай двухсэнсоўнасьці няма. І такіх прыкладаў шмат.

Расейскія карані і шаноўны ўзрост майго суразмоўцы дыктуюць наступнае пытаньне:

— Але ж вы выкладаеце больш за дваццаць гадоў… Што прымусіла рускамоўнага выкладчыка матэматыкі аднойчы рашуча і назаўсёды пераступіць моўны бар’ер?

— У канцы 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя я працаваў у славяна-балтыйскім унівэрсытэце горада Осла. У адным з тамтэйшых часопісаў знайшоў навуковы артыкул пра такую зьяву, як памоўе. Асэнсоўваючы прачытанае, успомніў сваё студэнцкае юнацтва. У нас была завядзёнка: да іспытаў рыхтаваліся разам і ганялі адзін аднаго па пытаньнях білетаў. Самым лепшым знаўцам матэматыкі сярод нас быў адзін хлопец, якога, на жаль, няма ўжо на гэтым сьвеце. Але ў залікоўцы ў яго былі тройкі, а ў нас — «выдатна». Толькі на пятым курсе, калі ён абараняў дыплём, старшыня дзяржкамісіі адзначыў у сваёй справаздачы яго асаблівыя веды. Калі я сам стаў старшынёй дзяржкамісіі — некалькі гадоў прысутнічаў на абароне дыплёмаў у Гарадзенскім дзяржаўным унівэрсытэце, пераканаўся, што гэтая выснова абы-каму не пішацца. Я зразумеў, што мой таленавіты сябар проста саромеўся гаварыць: мова ў яго была невыразная, беларуска-руская трасянка. Вырашыў гэтую сытуацыю зьмяніць — і стаў выкладаць па-беларуску. Дарэчы, на нашай катэдры я такі не адзіны. І лекцыі чытаюцца, і вучэбная літаратура выдаецца на роднай мове.

У пачатку 90-х, калі Аляксандр Самадураў чытаў першыя лекцыі па-беларуску, шмат хто казаў пра неабходнасьць вярнуць беларусам матчыну мову. Але, пагадзіўшыся з неабходнасьцю гэтага кроку, навукоўцы часам скардзіліся: няма ў беларускай мове сучаснай, па апошняму слову навукі тэрміналёгіі. Маўляў, вялікая навука ў часы Расійскай імпэрыі і СССР рабілася па-руску.

— Гэта казалі тыя, каму не хацелася перабудоўвацца, — пярэчыць матэматык. — Тэрміналёгію ў нас яшчэ ў 30-я гады стварылі. Да таго ж тэрміналёгія жывая рэч і з цягам часу мяняецца. Вось усім вядомы матэматычны знак «нуль» — па-руску зараз кажуць «ноль». Сто гадоў таму яго і ў рускай мове не было — быў «олік», ці «нал». А зараз тэрмін «нуль» знаёмы кожнаму дзіцяці!

Руская матэматычная навуковая тэрміналёгія таксама зьявілася параўнальна нядаўна — у 1866 годзе, нагадаў мне суразмоўца. Тады пачаў выдавацца першы матэматычны часопіс па-руску. А да той пары матэматыкі Расійскай Імпэрыі пісалі па-француску. Дарэчы, першы расійскі падручнік па матэматыцы склаў і выдаў беларускі асьветнік, перакладчык і выдавец Ільля Капіевіч яшчэ на мяжы ХVII–XVIII стагоддзяў. Гісторыя таксама сьведчыць, што былі ў нашага суайчыньніка вялікія праблемы з тым, каб прабіць у Пятра Першага грошы на аплату выданьня… А Міхайла Ламаносаў ужо вучыўся па больш вядомай «Арыфмэтыцы» Магніцкага.

Аказалася, наша мова ня толькі дакладна перадае зьмест матэматычных задач, але і спрыяе паразуменьню матэматыкаў розных краін і народаў. Колькі гадоў таму Аляксандру Самадураву давялося ўдзельнічаць у міжнароднай канфэрэнцыі ў Сэрбіі. Даклад ён чытаў па-беларуску, прычым прысутныя засьведчылі, што не маюць патрэбы ў перакладзе: беларуская і сэрбская мовы вельмі падобныя. Мясцовае тэлебачаньне нават зьняло спрэчку беларускага матэматыка Самадурава з сэрбскім прафэсарам Багданавічам:

— Ён мне даводзіў, што Беларусь — гэта паўночная Сэрбія, а я яму — што Сэрбія ёсьць паўднёвая Беларусь. Кажу: вось я ў Менску жыву на вуліцы паэта Багдановіча, а ты — матэматык Багданавіч… Тут ён дастае кніжку сваіх вершаў і падпісвае яе для мяне.

Сюжэт з навуковай спрэчкай двух матэматыкаў-мовазнаўцаў круцілі ў кожным выпуску навін. У Прышціне тым часам трэба было хадзіць з дакумэнтамі: аўтаматчыкі маглі любога спыніць для высьвятленьня асобы. Аляксандра Самадурава таксама некалькі разоў спынялі, але, зірнуўшы ў твар, пашпарта не пыталіся: «Знамо, знамо!».

— Студэнты сёньня не тыя, што дваццаць гадоў таму, — дзеліцца назіраньнямі суразмоўца. — Бо сёньня за грошы можа вучыцца амаль кожны, у каго яны ёсьць. У тыя часы платнікаў на курсе было некалькі, яны не ўплывалі на агульны ўзровень падрыхтоўкі: калі з сотні першакурсьнікаў 80 былі моцнымі студэнтамі, 20 — горшымі, дык тыя 20 паступова падцягваліся. Цяпер на першы курс паступае 200 чалавек, і на тыя ж 80 моцных прыходзіцца 120 слабейшых. Пачынаецца «раўненьне на сярэдзіну»: кожны думае, што ён не горшы за большасьць. І выкладчыкі міжволі павінны выцягваць слабейшых, а не ісьці ўперад зь лепшымі… Не так даўно рэктар Маскоўскага дзяржаўнага унівэрсытэта Віктар Садоўнічы казаў, што платнае навучаньне ў МДУ павінна каштаваць сама меней 8 тысяч эўра штогод… Мусіць, даступнасьць вышэйшай адукацыі не заўсёды на карысьць яе якасьці.

Студэнтам-гуманітарыям, якія ў БДУ таксама вывучаюць матэматыку, дацэнт Самадураў часта задае адно пытаньне: ці бясконцае мноства ўсіх тэкстаў, якія ўжо напісаны і будуць напісаны сёньняшнімі студэнтамі? І даказвае, што яно канечнае: значыць, калі-небудзь усе кніжкі, вершы і артыкулы пабачаць сьвет. Так што гуманітарыям, у тым ліку журналістам, трэба загадзя думаць, чым яны займуцца потым.

Падамся ў матэматыкі, падумала на гэта я. Мову ж, здаецца, крыху ведаю…

Аказалася, наша мова не толькі дакладна перадае зьмест матэматычных задач, але і спрыяе паразуменьню матэматыкаў розных краін і народаў.

Ірына Дзяргач, «Народная газета»

12:30, 16/01/2010 | Артыкулы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0629 seconds.