«Гараць» унівэрсытэты Эўропы і ЗША

 

Студэнцкі асяродак Эўропы працягвае бурліць: распачатыя захопам унівэрсытэцкіх будынкаў у Вене, пратэсты хутка перакінуліся ў Нямеччыну, Швэйцарыю, былі падтрыманыя італьянскімі актывістамі. Свой пратэстны рух аўстрыйскія студэнты назвалі «Унівэрсытэт гарыць!» Пратэстуючыя дамагаюцца зьменаў у фінансавай палітыцы ўнівэрсытэтаў і Балоньскай сыстэме.

Рыга, Латвія


1 сьнежня, Рыга

1 сьнежня некалькі тысяч студэнтаў сабраліся ў Рызе ля будынку кабінэту міністраў Латвіі. Яны пратэставалі супраць павелічэньня кошту навучаньня, плянаў аб’яднаньня некалькіх факультэтаў у адзін і закрыцьця латвійскіх унівэрсытэтаў. Студэнты ўсталявалі шыбеніцу з пудзілам, куды прымацавалі плякат з надпісам «павешаная адукацыя», перадае rus.DELFI.lv.

Каліфорнія, ЗША


Фота AP

Чатыры дзесяткі студэнтаў і некалькі выкладчыкаў захапілі адзін з будынкаў Каліфарнійскага ўнівэрсытэту ў знак пратэсту супраць рашэньня апякунскай рады ўзьняць кошты на адукацыю. Захопы будынкаў і мітынгі супраць падвышэньня коштаў на адукацыю пракаціліся і па іншых шматлікіх аддзяленьнях Каліфарнійскага ўнівэрсытэту. 

«Уся справа ў адміністрацыі ўнівэра, якая, на іх думку, разьмяркоўвае грошы не адпаведным чынам», - распавядае беларуская студэнта Ганна Фраліхіна, якая брала ўдзел у акцыях.

Прага, Чэхія


17 лістапада, Прага

У Дзень студэнта, 17 лістапада тысячы студэнтаў выйшлі на вуліцы Прагі. Як адзначае Воля Кузьміч, якая назірала за падзеямі на Вацлаўскім пляцы і ў Тунэлі свабоды, студэнты ня толькі імкнуліся адзначыць 20-годзьдзе пачатку падзеньня камунізму ў Чэхіі, але й выразіць пратэст супраць уладаў цяперашніх.

Вена, Аўстрыя


22 лістапада, Вена

У чацьвер, 20 кастрычніка, адбылося нешта нечаканае. Пасьля прэс-канфэрэнцыі студэнты Акадэміі выяўленчых мастацтваў у Вене захапілі галоўную залю ВНУ. Такім чынам яны выразілі пратэст супраць плянаў рэктарату па пераводзе факультэтаў Акадэміі на сыстэму бакаляўр-магістар, што прадугледжвае Балоньская сыстэма.

Праз два дні пратэстуючых падтрымалі студэнты Венскага ўнівэрсытэту, а за імі далучыліся іншыя ўнівэры краіны. Хутка захопленай апынулася галоўная заля Венскага ўнівэрсытэту. Галоўныя патрабаваньні — эканамічныя, але і на хібы згортваемай, на думку студэнтаў, унівэрсытэцкай дэмакратыі ў Аўстрыі пратэстуючыя не забыліся.

Нямеччына


17 лістапада, Бэрлін

У 20 гарадах Германіі прайшлі студэнцкія пратэсты, перадае Deutsche Welle. У Бэрліне, Мюнхэне, Гэйдэльбэргу студэнты занялі лекцыйныя залі сваіх альма-матэр, каб прыцягнуць увагу уладаў і грамадзкасьці да праблем адукацыі ў краіне. Усё пачалося з падтрымкі венскіх ініцыятываў, пасьля пратэстуючыя ўзяліся за раскрутку ўласных патрабаваньняў: зьніжэньня кошту адукацыі і адначасова — паляпшэньне фінансавай падтрымкі ўнівэрсытэтаў.


Фота The Local

Пакуль студэнты бунтуюць толькі супраць уласнага навучальнага працэсу. Але ў гэтых, найбуйнейшых за апошнія гады, хваляваньнях кропка яшчэ не пастаўленая.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.068 seconds.