70 год Міжнароднаму дню студэнта і 20 — аксамітавай рэвалюцыі

Абедзьве гадавіны вяртаюць у тагачасную Чэхію да студэнцкіх пратэстаў 17 лістапада 1939 і 1989 гадоў. Абедзьве зьвязваюць з студэнцкімі дэманстрацыямі — напачатку супраць нацысцкай дыктатуры, а праз пяцьдзесят год — супраць камуністычнага рэжыму. Сёньня Чэхія рыхтуецца да дзяржаўнага сьвята з нагоды 17 лістапада.

Арганізатары і ўдзельнікі студэнцкай дэманстрацыі 1989-га зьбіраюцца з нагоды юбілею ў праскіх кавярнях, на вуліцах Прагі і ў галерэях ладзяцца выставы, ва ўнівэрсытэтах — канфэрэнцыі з удзелам палітыкаў, дзеячаў культуры, студэнтаў, а ў дзень гадавіны людзі з павязанымі чырвона-сіне-белымі стужкамі зноўку пройдуць ад Альбэртава да Нацыянальнага праспэкту — шляхам дэманстрацыі 1989 году. Напярэдадні Міжнароднага дня студэнцтва Generation.bY робіць агляд ролі студэнтаў у палітычных падзеях Чэхіі дваццатага стагодзьдзя і пачынае сэрыю публікацыяў з сэрца аксамітавай рэвалюцыі — Прагі.

17 лістапада 1939 году: 9 студэнтаў забітыя, 1200 — кінутыя ў канцлягеры

У 1939 годзе пасьля дваццаці год дэмакратычнага ладу Прага была акупаваная гітлераўскімі войскамі. У Чэхіі распачаліся акцыі пратэсту і забастоўкі на заводах. А ў часе самай буйной дэманстрацыі з нагоды дваццаць першай гадавіны Чэхаславацкай Рэспублікі на вуліцы выйшла болей 100 000 чэхаў, супраць якіх выступіла ня толькі паліцыя, а таксама войскі СС. У часе разгону мірнай дэманстрацыі, арганізаванай студэнтамі, быў паранены студэнт мэдыцыны Карлавага ўнівэрсытэту Ян Оплэтал, які ў выніку памёр ад агнястрэльнага раненьня.

Пахаваньне студэнта прайшло 15 лістапада пад наглядам паліцыі, але з удзелам дзесяткаў тысяч людзей. Дэманстрацыі працягваліся. На наступны дзень пасьля пахаваньня ў Бэрліне прайшла нарада з удзелам Гітлера, на якой ён заявіў:

«Загадваю спыніць працу чэскіх ВНУ на тры гады. Любыя дэманстрацыі адразу ж разганяць… Я не пабаюся нават паставіць на вуліцах гарматы. У кожную купку людзей будуць страляць з кулямётаў. Калі адбудзецца яшчэ хоць якая дэманстрацыя, я зраўняю Прагу зь зямлёй…».

У выніку ў ноч з 16 на 17 лістапада прайшлі масавыя затрыманьні лідэраў студэнцкага руху. Усе ВНУ былі зачыненыя і перададзеныя нямецкім войскам. У канцлягеры былі кінутыя каля 1200 студэнтаў і выкладчыкаў, а 9 прадстаўнікоў студэнцкіх арганізацыяў былі пакараныя сьмерцю. Большасьць з затрыманых студэнтаў была вызваленая ў 1942—1943 гг., аднак 35 зь іх ня выжыла ў пакутных канцлягерах.

17 лістапада 1941 году: абвешчаньне Міжнароднага дня студэнцтва

Але нягледзячы на вайну падзеі ў Пратэктараце Чэхіі і Маравіі 1939 году не забыліся. Праз два гады пасьля трагічных падзеяў 17 лістапада ў Лёндане прайшоў сход прадстаўнікоў студэнцкіх арганізацыяў 26 краінаў, дзе была падпісаная заява, у якой студэнты адзначылі: «каб ушанаваць памяць пакараных сьмерцю і закатаваных студэнтаў, якія першымі ўзьнялі свой голас на знак нязгоды з нацысцкімі прыгнятальнікамі ў 1939 годзе, абвяшчаем 17 лістапада Міжнародным днём студэнцтва…»

На працягу дваццатага стагодзьдзя чэхаславацкія студэнты неаднакроць прымалі ўдзел у палітычных падзеях. У 1948 годзе студэнты пратэставалі супраць прыходу камуністычнай улады, а таксама ладзілі акцыі напярэдадні Праскай вясны 1968 году. Тады першая дэманстрацыя ўвосень 1967 году была арганізаваная студэнтамі. У жніўні 1968 году студэнты зноўку выступілі з акцыямі пратэсту — супраць прысутнасьці на тэрыторыі краіны савецкіх войскаў. Праз 50 год пасьля падзеяў 17 лістапада 1939 году, зноўку дзякуючы студэнтам, пачалося падзеньне камуністычнага рэжыму.

17 лістапада 1989 году: пачатак аксамітавай рэвалюцыі

Загінулы ў 1939-м студэнт Ян Оплэтал стаў сымбалем змаганьня супраць нацыстаў. Камуністы ў тым ліку прысьвячалі гэтым падзеям шмат увагі. А праз 50 год, у лістападзе 1989-га, акцыю прымеркаваную да ўгодкаў трагічных падзеяў, узялася рыхтаваць камсамольская арганізацыя Чэхаславакіі. Але праз няўпэўненасьць у шматколькаснасьці і посьпеху акцыі камуністы зьвярнуліся па дапамогу да незалежнай арганізацыі студэнтаў. Такім чынам, акцыя была санкцыянаваная. Студэнты скарысталі дазвол для інфармаваньня людзей пра дэманстрацыю. У выніку сабралася ля 30 тысячаў студэнтаў, акадэмікаў, настаўнікаў і сьведкаў падзеяў 1939 году. Большая частка дысыдэнтаў на чале з Вацлавам Гаўлам адмовілася браць удзел у шэсьці. Як адзначае сёньня адзін з арганізатараў студэнцкай дэманстрацыі Шымон Панэк, тады Гавэл прапанаваў даць магчымасьць маладым паспрабаваць сябе ў змаганьні і не кампрамэтаваць іх.


Прага, лістапад 1989 // фота Radio.cz

Студэнцкая дэманстрацыя 17 лістапада праходзіла ў атмасфэры палітычных зьменаў у іншых краінах Эўропы: пала Бэрлінская сьцяна, Вугоршчына адчыніла межы, у Польшчы прайшлі першыя свабодныя выбары, Латвія, Літва і Эстонія абвясьцілі сувэрэнітэт…

Шымон Панэк адзначае: «Камунізм бы ў нас усё адно паў — не за месяц, як адбылося, а за год-два. Мы студэнцкімі забастоўкамі паскорылі гэты працэс — узялі ўсё ў свае рукі, што было вельмі важна для будучыні».

Але тады, 17 лістапада, ніхто ня ведаў, што з студэнцкай дэманстрацыі пачнецца крах камуністычнага рэжыму ў Чэхаславакіі. Кіраўніцтва Кампартыі не магло адмяніць санкцыянаванай акцыі і пастанавіла органам бясьпекі ўтрымліваць парадак, але не прымяняць сілу супраць дэманстрантаў. Тысячы студэнтаў рушылі у цэнтар Прагі да Вацлаўскай плошчы. Аднак па шляху паліцыя перагарадзіла дарогу студэнтам і пакінула толькі вузкае выйсьце для адыходу назад, дзе дэманстрантаў жорстка зьбівалі. Пазьней незалежныя мэдыкі паведамілі пра 568 параненых. Для падкантрольнай і падцэнцурнай Чэхаславаччыны гэта быў зломны момант.


Прага, лістапад 1989 // фота Radio.cz

На наступны дзень студэнты ў знак абуранасьці на дзеяньні ўладаў абвясьцілі забастоўку. А ўжо 21 лістапада на вуліцы Прагі выйшла болей 200 тысяч дэманстрантаў. Тады на дэманстрацыі выступіў і вядомы прадстаўнік апазыцыі Вацлаў Гавэл, які агучыў пра стварэньне Грамадзянскага форуму з патрабаваньнямі зыходу ў адстаўку карумпаваных палітыкаў і вызваленьня палітычных вязьняў. Пасьля акцыі Грамадзянскія форумы пачалі ўзьнікаць і ў іншых гарадох Чэхаславакіі. Тэатры ператварыліся ў пляцоўкі для абмеркаваньня падзеяў і распаўсюду інфармацыі.


Прага, лістапад 1989 // фота Radio.cz

Зломны момант настаў увечары 24 лістапада, калі лідэр Камуністычнай партыі Мілаш Якеш паведаміў пра складаньне паўнамоцтваў кіраўніцтва ЦК КПЧ. 27 лістапада па ўсёй Чэхаславакіі прайшоў генэральны страйк пад лёзунгам «Канец улады адной партыі», удзел у якім узяло каля 75% насельніцтва, большасьць прадпрыемстваў і заводаў. На Вацлаўскай плошчы тады сабралася каля 300 000 чалавек. Студэнцкі страйк завершыўся толькі 29 сьнежня 1989 году адзінагалосным абраньнем Вацлава Гаўла на пасаду прэзыдэнта. Так адбылася аксамітавая — гладкая — рэвалюцыя.

14 лістапада 2009 году

Сёньня Вацлаў Гавэл, выступаючы перад студэнтамі ў Карлавым унівэрсытэце на канфэрэнцыі з нагоды 20-х угодкаў падзеяў 17 лістапада, паўтарае свой ужо крылаты выраз, агучаны на шматтысячнай дэманстрацыі ў 1989-м: «Праўда і любоў заўжды перамагаюць падман і нянавісьць».

Чакайце на Generation.bY расповеды ўдзельнікаў студэнцкіх дэманстрацыяў 1989 году і рэпартаж з урачыстасьцяў у Празе з нагоды 20-годзьдзя аксамітавай рэвалюцыі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0889 seconds.