Дзяды Марозы працягваюць дзейнасьці нягледзячы на ліст ад Генэральнай пракуратуры

Генэральная пракуратура Беларусі пакуль не зьбіраецца прыцягваць незарэгістраваную групу Дзядоў Марозаў да адказнасьці, аднак гэта можа адбыцца ў выпадку працягу сыстэмнага ўдзелу Марозаў у арганізацыі. Пра гэта паведамляецца ў адказе пракуратуры на шчырае прызнаньне Дзядоў Марозаў.

 

Яшчэ месяц таму група Дзядоў Марозаў добраахвотна здалася ў генэральную пракуратуру. Тады ўдзельнікі арганізацыі ўласнаручна прынесьлі ў Генэральную пракуратуру чыстасардэчнае прызнаньне, дзе ня толькі абвясьцілі аб сваёй дзейнасьці ў незарэгістраванай арганізацыі цягам шматгадовага пэрыяду, але і папрасілі даць прававую ацэнку іх «дзедамарознай справе».

Па іх словах, штогод Дзяды Марозы «арганізоўваюць сьвяткаваньні Калядаў і Новага году ў розных населеных пунктах Беларусі, распаўсюджваюць калядныя і навагоднія падарункі (у тым ліку сярод непаўнагадовых), выступаюць на сходах, у сродках масавай інфармацыі зь віншаваньнямі й найлепшымі пажаданьнямі».

У лісьце да Дзедаў Марозаў загадчык аддзелу па наглядзе за захаваньнем правоў і свабодаў грамадзян П. У. Радыёнаў чарговы раз нагадаў, што дзейнасьць незарэгістраваных грамадзкіх аб’яднаньняў у Беларусі забараняецца.

«Пры ўстанаўленьні дакладных дадзеных аб сыстэмным і арганізаваным удзеле грамадзянаў у незаконнай дзейнасьці незарэгістраванага грамадзкага аб’яднаньня», — гаворыцца ў адказе, — можа быць разгледжанае пытаньне аб прыцягненьні да адказнасьці.

 

Як заўважае юрыст Асамблеі НДА Юрый Чавусаў, у сваім лісьце пракуратура не зьвярнула ўвагу на яўку Дзядоў Марозаў з павіннай . «На мой погляд, пракуратура вырашыла не разглядаць прававую сытуацыю, якая паўстала ў выніку гэткай дэманстрацыі абсурднасьці артыкулу 193–1, які рэгулюе дзейнасьць арганізацый, — зазначыў Юрый Чавусаў.

Зь іншага боку, пракуратура адзначае, што пры наяўнасьці сыстэмнага і арганізаванага супрацоўніцтва грамадзянаў у незарэгістраваных арганізацыях праваахоўныя органы могуць прыцягнуць гэтых людзей да адказнасьці. Так што з фармальнага пункту гледжаньня пытаньне аб крымінальнай адказнасьці Дзедаў Марозаў напэўна зноў паўстане бліжэй да Новага Году».

Але Дзядоў Марозаў гэта не пужае:

«Мы як і кожны год будзем выходзіць шчыльнымі радамі на вуліцы, дарыць падарункі, прыходзіць у хаты і віншаваць людзей, — кажа снягурка Алёна Валынец. — Дзяды Марозы ў складзе сваёй групы, як іншыя незарэгістраваныя арганізацыі, працягнуць дзейнічаць».

 

Па артыкуле 193.1 («Незаконная арганізацыя дзейнасьці грамадзкага аб’яднаньня, рэлігійнай арганізацыі альбо фонду, альбо ўдзел у іх дзейнасьці») за 4 гады было асуджана 17 чалавек. Артыкул працягвае дзейнічаць.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1282 seconds.