«J:морс» адзначыць сваё 10-годзьдзе канцэртам у тэатры

У сьнежні гурту «J:морс» споўніцца 10 гадоў. Адзначыць гэту дату музыкі вырашылі эксклюзіўнай праграмай «Канцэрт у тэатры – сэанс з выкрыцьцём», якую калектыў прадставіць 8 сьнежня ў тэатры ім. Я.Купалы.

У межах выступу прагучаць ня толькі вядомыя гіты, але і песьні, якія ўжо даўно не выконваліся на публіцы, у тым ліку з самага першага альбома «Асарці» (2000). Прычым усе яны будуць прадстаўленыя ў адмысловых аранжыроўках.

«Па атмасфэры гэта будзе свайго кшталту канцэрт-спэктакль – крыху больш ціхае гучаньне, з рознымі нестандартнымі для нас прыладамі, з цікавымі гасьцямі і ў асаблівым месцы. Увогуле, такога кшталту выступаў у нас яшчэ ня было», – гаворыць Ўладзімір Пугач. 

«Сэанс з выкрыцьцём» не абыдзецца без магіі, але асабліва пазытыўнай і натуральнай, якая атрымліваецца ў выніку выкананьня жывой музыкі і максымальна блізкіх стасункаў з гледачамі.

«А яшчэ мы паспрабуем быць тымі, хто мы насамрэч ёсьць. У 10 гадоў можам сабе дазволіць», – усьміхаецца Ўладзімір Пугач.

 

8 сьнежня ў тэатры  ім. Я. Купалы гурт «J:морс» з праграмай «Канцэрт у тэатры – сэанс з выкрыцьцём».Пачатак у 19.00. Квіткі ад 10 да 100 тыс. Даведка: (017) 227 17 17.

11:32, 05/11/2009 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0606 seconds.