Па мясьцінах баявога Славы

Цяжка назваць Менск горадам з разьвітай інфраструктурай грамадзкага харчаваньня і адпачынку. Але штогод тут зьяўляюцца і зьнікаюць шматлікія бары, рэстараны, клюбы. Большасьць зь іх накіраваная на даволі заможную аўдыторыю, здольную плаціць за дарагія стравы і напоі.

Тым ня менш, у Менску застаюцца сапраўдныя артэфакты мінулага — бутэрбродныя, закусачныя, старыя савецкія буфэты. Тут можна нядорага выпіць піва ці чагосьці мацней, пазнаёміцца са спэцыфічнай аўдыторыяй такіх установаў і не выпендрывацца наконт смаку Гінэсу ці якасьці аленіны пад вінным соўсам. У такіх месцах перад вамі ня будуць дэфіляваць ветлівыя даўганогія афіцыянткі, а грузныя жанчыны за барнай стойкай могуць адборна нахаміць.

У маім уласным сьпісе такіх мясьцінаў ня так і шмат, а частка зь іх ужо зьнікла, але я з радасьцю правяду вас па некаторых зь іх.

Піўны бар «Аліварыя»
Піўны бар «Аліварыя» (вул. Багдановіча, 39). Фота Slaver.

Пачнем, відаць, з вуліцы Багдановіча, з заводу «Аліварыя», дзе нараджаецца цудоўны пеністы напой. Культавы ў свой час піўны бар «Аліварыя» зараз звычайная піўнуха, дзе тусуецца «стрёмны» народзец з ваколіцаў. Але, час ад часу, туды можна завітаць — старыя сталы, якія пахнуць півам і рыбай, драўляныя вялікія лавы і, насамрэч, сьвежае піва. «Бровар» па 1950 і «Залатое» па 3560 за паўлітра. Бар працуе ў будныя дні з 13:30 да 22:00, а па выходных — з 8:00 да 22:00 зь перапынкам на паўгадзіны з 15:00 да 15:30. Там жа на рагу Багдановіча і Кісялёва зь іншага боку знаходзіцца яшчэ адна завадзкая ўстанова — рэстаран «Бровар», але гэта ўжо ня наш фармат :)

Бутэрбродная на вул. Пуліхава
Бутэрбродная на вул. Пуліхава, 3. Фота Slaver.

Цяпер мы можам накіравацца, напрыклад, на вуліцу Пуліхава. У будынку нумар 3 месьціцца даволі вялікі ўнівэрсам, але і ён нам нецікавы. Зьлева ад яго знаходзіцца бутэрбродная (належыць прадпрыемству з цудоўнай назвай «Доверие-94»). У гэтым душным закутку 5 на 5 мэтраў вы можаце выпіць піва «Крыніца» за 1710 з 9 раніцы і да 22 вечара.

Бар «5 хвілін»
Бар «5 хвілін» (вул. Сьвярдлова, 24). Фота Slaver.

Далей можна накіравацца ў бок вакзалу. На Сьвярдлова і Кірава месьціцца шэраг маленькіх бараў з даволі добрым півам. Напрыклад, на Кірава, 6 можна знайсьці рэдкае для Менску маладэчанскае піва «Петрович». Праўда, апошняя спроба атрымаць ад яго асалоду скончылася правальна: яно было занадта сьвежым — не пасьпела дасягнуць стану піва. На Сьвярдлова, 24 можна завітаць на «5 хвілін» і папіць недарагога «Рэчыцкага».

«Мядуху»
«Мядуху» (вул. Кірава, 17). Фота Slaver.

Пасьля мы пойдзем на праспэкт Незалежнасьці ад Скарыны. За адно па шляху паглядзім на «Мядуху», якая было раней утульным студэнцкім месцам, а цяпер пераўтварылася ў звычайны патасны рэстаранчык.

Кавярня на «Ўзвышшы»
Кавярня на «Ўзвышшы» (пр. Незалежнасьці, 16). Фота Slaver.

На праспэкце зойдзем у кавярню на «Ўзвышшы», што насупраць вядомага будынку з калёнамі. У апошні час там толькі бутэлечнае піва, затое даволі вялікі выбар віна-гарэлачных напояў (у тым ліку «беларускі» віскі ад «Крышталю») і гарачых недарагіх страваў для закускі. Асноўны кантынгент кавярні — супрацоўнікі ўсё таго ж будынку з калёнамі, выкладчыкі і студэнты навучальных установаў, якія знаходзяцца непадалёк, а таксама сталыя наведвальнікі сквэру «на Фэліксе», дзе ўвосень ужо холадна. Адпачываць тут можна з 8 да 22 гадзінаў.

«Чабурэчная»
«Чабурэчная» (вул. Валадарскага, 9). Фота Slaver.

Калі далей прайсьці па праспэкце і збочыць на вуліцу Валадарскага, мы ўбачым знакамітую «Чабурэчную», якая знаходзіцца ў будынку, дзе была абвешчаная Трэцяя ўстаўная грамата Беларускай народнай рэспублікі. Тыя, хто яшчэ памятае дату яе абвяшчэньня, абавязкова наведвае «Чабурэчную» кожныя ўгодкі, каб падняць келіх піва і зьесьці пару фірмовых чабурэкаў. У асартымэнце шмат бутэлечнага піва, а таксама «Kaltenberg» па 3980. Паспрабаваць адчуць пах беларускай гісторыі можна штодзённа з 10 да 23 гадзінаў :)

Былы ўнівэрсам, будучая крама Adidas
Былы ўнівэрсам, будучая крама Adidas (вул. Гарадзкі Вал, 10). Фота Slaver.

Яшчэ нядаўна пасьля «Чабурэчнай» заўсёды можна было завітаць у маленькі барчык ва ўнівэрсаме на рагу Гарадзкога валу і Інтэрнацыянальнай насупраць сквэру імя Адама Міцкевіча, ці прайсьці яшчэ далей да міні-бару «Хвілінка» з кідкай і запамінальнай шыльдай «Халоднае піва». Цяпер у першым месцы будзе крама Adidas, а другое ўжо больш за паўгады не падае прыкметаў жыцьця. Але побач ёсьць кулінарыя, дзе прадаецца піва, якое можна заесьці сьвежымі галубцамі ці салацікам.

Былы міні-бар «Хвілінка»
Былы міні-бар «Хвілінка» (вул. Інтэрнацыянальная, 13). Фота Slaver.

Калі ў вас засталіся яшчэ сілы, то скончыць такі насычаны трып можна ля станцыі мэтро «Пушкінская». Адразу на рагу дома па Прытыцкага, 32 ёсьць кавярня «Спатканьне», вядомая яшчэ як проста «СПТК». Пасьля яе, насамрэч, галоўнае не спатыкнуцца! Унутры алдовая атмасфэра з стойкамі ўздоўж сьценак і з шыльдамі, якія перажылі, гледзячы па ўсім, «сухі закон» Андропава, «перабудову» Гарбачова і «разброд нацыяналізму» пачатку 90-ых. У мэню... хаця, якое там мэню! Піва няма — толькі моцныя напоі. Раз-два-тры — і лепш ісьці дадому. Працуе з 11 да 22 гадзінаў (у нядзелю да 19).

Кавярня «Спатканьне»
Кавярня «Спатканьне» (вул. Прытыцкага, 32). Фота Slaver.

Гэта толькі некалькі цікавых месцаў, дзе пашчасьціла мне папіваць пабываць. У Менску яшчэ засталося шмат некранутых капіталізмам месцаў. Але гэтыя помнікі цікавай мінуўшчыны зьнікаюць. Так што не губляйце час — завітайце ў якую-небудзь чарачную на раёне. Будзеце потым унукам распавядаць, як вас там абмацярыла прадаўшчыца, а мясцовыя заўсёднікі далі ў лыч. Прыемнага і асьцярожнага спажываньня! :)

Усе кошты пазначаныя на дзень публікацыі

Прыкладны «злачны маршрут»:


View Па мясьцінах баявога Славы in a larger map

ПРА АЎТАРА

 

Slaver / Вячаслаў Радзівонаў

Жыве ў Менску, працуе ў сфэры сайтабудаўніцтва. Вядзе некалькі блогаў: пра інтэрнэт, вэб-распрацоўкі і асабістыя цікаўнасьці як спорт ці палітыка на Slaver.info, пра музыку — Ultra-Music, а таксама блог у LiveJournal. Актыўны ўдзельнік канфэрэнцыяў фармату Barcamp.

11:50, 20/10/09
Slaver
Тут павінен быў быць банэр, але ў вас старая вэрсія Flash-player. Аднавіце яе, каб бачыць сымпатычную анімацыю ;)

Камэнтары

tarka у 11:58, 20.10.09 #

О, Слава, малайчына! :)

Якраз ёсьць час да выходных падкачацца, каб быць гатовым прайсьціся па несапсаваных капіталізмам месцах на ўскрайках гораду :))


bezuher у 12:55, 20.10.09 #

чувак, зачот! асаблівы рэспект за мапу - наш фармат! )

калі ты ўжо чаго ў завадзкім раёне даследуеш. Чакаю рэпортаў з-за мкадзядзя! :)


kochegar у 13:47, 20.10.09 #

Ёсць яшчэ (ці можа ўжо і няма) Сустрэча на Бабруйскай, насупраць былога аўтавакзалу. 2 гады таму там было піва па 2 тыс., альбо што памацнее, і нават нейкая ежа. Бонусам мілыя столікі з кліёначкай. Кантынгент адпавядае прывакзальнаму становішчу + плюс студэнты (якія як і прусакі, выжываюць паўсюль)

Яшчэ адно месца - бар на вакзале, у самым нізе. Піва толькі бутэлячнае, але па коштах прыкладна як і ў краме ды да таго ж могуць пераліць у бакал. Інтэр'ер там у прынцыпе неблагі, каб толькі не равеў на ўсю тэлевізар. Адзіная наша пасядзелка там праз 2 гадзіны скончылася добрай такой бойкай з паламанымі стульямі і горамі разбітага посуда:)

Ну і ёсць яшчэ розныя бары пры сталоўках на прадпрыемствах - гэта ўвогуле не разведаны пласт.


Slaver у 14:37, 20.10.09 #

Дарэчы, камэнтуйце - дадавайце яшчэ цікавыя мясьціны, якія не пазначаныя ў даведніках, якія не рэклямуюцца і вядомыя толькі адэптам контркультуры Менску :)


Slaver у 16:04, 20.10.09 #

Дарэчы, заўважце, амаль усе шыльды - па-беларуску! :)


tarka у 16:30, 20.10.09 #

яшчэ зь 90-х трымаюць свае пазыцыі. трэ зрабіць па іх аўторкавы рэйд :)


Volha у 17:20, 20.10.09 #

Славер-малайчына,жжош! Класны аповяд! Адразу ўзгадалася страя-добрая Пінта і наш першы ў гэтым годзе Аўторак,дзе мы як раз і абмяркоўвалі ідэю такога маршруту. (да, шкада Пінты ўжо няма:()


bezuher у 18:48, 20.10.09 #

настальжы)


aleandra у 17:53, 20.10.09 #

А памятаеце паўлітровыя слоікі... у іх яшчэ на разліў разьлівалі разліўное піва. А калі з куфля пану захацелася хлебануць, то трэб было пакідаць залог:)

такая піўнуха была на Кульке (ун-м Магілёўскі)

Эх... студэнскія гады:))))))


kochegar у 18:12, 20.10.09 #

Яшчэ ў мяне ля дому ёсць аліварыеўская будка (у яе нейкая назва ёсць, але я яе не памятаю), праўда ўжо больш за год як зачынена. Там мае былыя аднакласнікі сядзелі ледзве не ўвесь дзень. А пад вечар збіраўся кантынгент пабрутальнее. Плюс яе быў у тым, што можна было прыйсці з пустою пластыкавай бутэлькай і набраць адносна неблагога разліўнога піва.

Раней, калі жыў на Розачке, так сама ля дому быў класічны сіні саўковы шапік з надпісам піва. У мяне такое ўражанне, што ён і дагэтуль павінен быў застацца. Аўтэнтыка ў чыстым выглядзе.


kochegar у 18:17, 20.10.09 #

Ну а ўвогуле адно з самых брутальных месцаў, дзе мне даводзілася быць - піўнуха ў Полацку, ля нейкага рынку. Разліўное піва 2 гады таму там каштавала 500(!!!) рублей. А прадавачка спытала з якога я гурта і дзе будзе канцэрт:))


Slaver у 18:32, 20.10.09 #

А магла спытаць зь якога раёну — гэта было б горш :))


tarka у 18:43, 20.10.09 #

трэ было браць піва паболей - быў бы канцэрт! :)))


bezuher у 18:49, 20.10.09 #

качэгар, цябе трэ было ў сааўтары браць)

не дарэмна пяць год на геафаке адвучыўся)


Slaver у 00:25, 21.10.09 #

Больш за тое, большасьць з апісаных у артыкуле артэфактных мясьцінаў была наведана разам зь ім! :)


bezuher у 18:50, 20.10.09 #

самая брутальная, падаецца, апошняя.

там толькі на дзверы паглядзіш, ужо всела становіцца)


tarka у 18:53, 20.10.09 #

напэўна, самая сапраўдная рамантыка - прызначыць спатканьне менавіта там :)


Slaver у 00:26, 21.10.09 #

Наўмысна фотак знутры не рабіў, каб быў сэнс наведаць :)


Sarmat у 01:48, 21.10.09 #

Рэспекцішча табе, Слаўка! У многіх месцах ня бываў, трэ будзе заглянуць ;)))

Пра гастраном "Давер-94" (да якога адносіцца бутэрбродная) афігенна распавядае Віктар Марціновіч у нумары "Суперменскія" мультымедыя-часопіса "34". Усім раю паглядзець-паслухаць! (калі што, можна праз мяне :)


Mixal у 15:38, 21.10.09 #

Ах, "Чабурэчная"... колькі ў слове гэтым сэрцу любага гучыць:)


shumski у 15:49, 21.10.09 #

Мусье ведае толк у вычварэннях.

Як па мне, дык лепш добра працаваць, зарабляць і адпачываць у прыстойных месцах, а свінарнікі наведваць выключна дзеля экзотыкі


meramo у 17:11, 21.10.09 #

Па мойму пазначыць у сваім профайле пад артыкулам "актыўны ўдзельнік баркэмпаў" гэта не зусім правільна, бо ахвіцыйная пазіцыя Славера да баркэмпаў (у асаблівасці беларускіх) усім вядома :)


Slaver у 18:00, 21.10.09 #

О, Божа! Даруйце, людзі! Як я мог!

Узяты быў стары варыянт дэскрыпшна як раз за артыкула пра баркэмп. Але я зьвяртаюся да рэдакцыі, каб абавязкова выдалілі гэты ганебны пункт! Ай-ай-ай!


Slaver у 18:03, 21.10.09 #

Да і пазацыя мая ВЕЛЬМІ ТАКАЯ нэгатыўная! (http://generation.by/news2731.html).

Асабліва пра беларускі (http://slaver.info/internet/bynet/about-bycamp.html)!


Spirt96 у 18:50, 22.10.09 #
Малайца!

Добрую справу ты зрабіў, Славер!

Твой артыкул можна раздрукаваць ды выкарыстоўваць у якасці дакумента для ўнутранага карыстання ў пэўных тусоўках.

Ва ўсіх табой пералічаных месцая я бываў не адзін раз. Мае любімыя з іх гэта Чабурэчка і кулінарыя насупраць к/т "Перамога". Зараз, дарэчы, якраз пачынаецца сезон! Надвор'я няма, таму можна тусіць па вышэйузгаданых кропках.

Ня ведаю як зараз, але раней на с/м Пралетарскай быў паўшапік у якім нават чарлік на разліў налівалі. Трэба будзе якніць праверыць ці нават патэсціць.


dukierman у 01:11, 27.10.09 #

у разьдзел "страчаная спадчына": я пачынаў у "Мінутцы" на нямізе - гэта кажысь 2000 ці 2001 год быў. да таго як там збудавалі паркінг і нават да таго як там былі прызнакі што там нешта плануеццца. мілая савецкая сьцякляшка. эталон можна сказаць. Зззаду - пустка, сьмецьце, нейкія шапікі і сьцяна ( была такая заябістая ружовая сьцяна ( адгароджвала двары Рэвалюцыйнай вуліцы) насупраць нямігі.

нота бэнэ - што да ўзвышша, то піўняк быў там з боку камсамольскай і была шыльда " піўны бар". яшчэ месца - тройка на рэвалюцыйнай. нават засталося, толькі называецца провінція. прызнакаў рэмонту беглым вокам не заўважыў. а яшчэ на сьвярдлова паміж ульлянаўскай і кірава была кропка на тры сядзячых месцы дзе прадавалі разьліўное нефільтраванае піва што каштавала ўдвая таньней за бутэлечнаею так і называлася "беларускае". зараз кажысь зачынена. своеасаблівае месца - цэкоўка ( не ташнілаўка, алеж танное месца са своеасаблівай аўрай - у 80-х быў проста шык на той момант было як ньюскафэ ці бронкс зараз - гламурна і маднява. - насупраць былога будынку ЦК партыі ў гасьцініцы акцябрская. зараз быцццам бы на тым месцы няма. застаўся рэстар што тожа нічаго алеж калі глядзець на прыбіральню то зьлева шатня а шчэ лявей дзьвер. там во й было. більярд разьліўная гарэлка піва з бутэлек. амаль па сабекошце. спрадвечнае месца неспадзяваных сустрэч студэнтаў і выкладчыкаў гістфаку. яшчэ на даўгабродзкай каля вайсковых могілак была нейка дзіра ( памятаю быў глінтвейн, піва) больш асабліва нічога не памятаю. быў п'яны ўжо да гэтага. больш там ня быў. Хлебны куток на старажоўскай - крама ад хлебзавода і кафетэрый з таннымі напоямі і выпечкай. асабліва палюбляны праз супрацоўнікаў НГАБ. універсам старажытны на чырвонаармейскай ( унізе за ульлянаўскай з парай пласмасовых сталоў і крэслаў дзе можна адно два півы хлябнуць было. ну яшчэ така рэч " СЕМЕЛА" была - ня ведаю ці існуюць. на пр. незалежнасьці каля букініста і бульбянай. магаз і лікёраводачны адзьдзел з кафетэрыем. і шчэ адна семела на камсамольскай паміж праспектам і карла маркса. там жа была нейкая ўстанова ціто "Чайная" ці то кафейня ці то што. яшчэ пару год таму дакладна была. з такімі чырвонымі абрусамі і сьценамі. пачатак 90-х мо інтэр'ер. Да таго як зьявіўся "бульвар" на рагу праспекта і энгельса насупраць панікоўкі была "Чашка" з шыльдай у выглядзе чашкі. не тое што цалкам аўтэнтычнае месца. але дэмакратычнае. нават сацыял дэмакратычнае бо пасьля там пару партрэтаў і бюстаў леніна было. таксама часта наведваліся студэнты гістфаку і выкладчыкі.побач кафэ бамонд штолі. можа й зараз існуе. ой, даўно гэта, паночкі, было.........


Slaver у 12:04, 27.10.09 #

Гістфак заўсёды быў у авангардзе алькагольнага нонканфармізму :)


Камэнтаваць могуць толькі аўтарызаваныя карыстальнікі.
Зарэгіструйцеся і ўвайдзіце на сайт, калі ласка.
 
In 0.4799 seconds.