Тры ў адным: галерэя «Ў» адчынілася

 

«Новая культурная прастора, якую даўно чакалі», — так анансавала адкрыцьцё сваёй даўняй мары, галерэі сучаснага мастацтва «Ў», былая арт-дырэктарка зачыненай «Падземкі» Ганна Чыстасердава. Напярэдадні пачатку працы «Ў» галерэйшчыкі зладзілі ўрачыстую тусоўку, дзе кожны здолеў адчуць, чым пахне сучаснае мастацтва.

Адкрыцьцё галерэі шмат для каго пачалося з блуканьня па дварох раёну плошчы Перамогі — ня ўсе запрошаныя на ўрачыстую тусоўку ведалі, дзе знаходзіўся былы пункт прыёму шклатары «Дыянісій». Шклатара разам з пунктам сышла ў гісторыю, а на яго месцы паўстала «мастацкая галерэя Ў».

Унутры першых гасьцей «Ў» чакалі некалькі беласьнежных заляў, наглуха забітых публікай: галерэі ў Менску адчыняюцца ня кожны дзень. У гэты момант памяшканьні «Ў» яшчэ захоўвалі пах сьвежай фарбы, а клясычна савецкая «магазінная» падлога выдавала нялёгкае былое гэтага культавага для пэўнага кантынгенту месца.

«Любы чалавек, які хоць неяк цікавіцца культурай, ужо вельмі даўно адчувае недахоп падобнага месца ў нашай краіне, — кажа мастацтвазнаўца Лізавета Міхальчук, якая супрацоўнічае з галерэяй. Гэта адчыненая пляцоўка, пляцоўка свабоднай творчасьці маладых, дынамічных людзей, мастакоў, куратараў. Гэта месца сустрэчы, што вельмі істотна».

Акрамя ўласна карцін, інсталяцыяй, пэрформансаў і іншых прыкмет «contemporary art», у галерэі можна будзе набыць альбо пачытаць за кубкам гарбаты кнігу, уліцца ў рух бук-кросінгу, скарыстацца e-рыдэрам. Прадавацца тут будуць і прадметы творчасьці беларускіх дызайнэраў, сувэніры і падарункі. Часткай галерэі стане кавярня, канешне ж з вайфаем.

Іра, нядаўняя студэнтка, якая толькі пачынае сваё супрацоўніцтва з галерэяй, кажа, што «гораду даўно патрэбная пляцоўка, як гэта кнігарня і галерэя, дзе кожны можа адчуць сябе як дома, на сваім месцы».

«Ёсьць патрэба сустракацца, ёсьць патрэба зносінаў у людзей, якія працуюць у розных сфэрах. Не было яшчэ такога цэнтру, дзе ты мог ня толькі павесяліцца, але яшчэ і атрымаць візуальную і інтэлектуальную асалоду, а таксама інфармацыю, прасунуцца ў сваёй адукацыі. І пры гэтым, усё адбывалася б натуральна», — дадае спадарыня Міхальчук.

«Можна маляваць на сьценах у туалеце»

Тым часам першыя наведвальнікі пачалі разбрыдацца па памяшканьнях галерэі: нехта глядзеў мульцікі Макса Сірага, нехта ўслухоўваўся ў трапяткія галасы маладых паэтаў, кагосьці паглынула інсталяцыя Сяргея Кірушчанкі. А хтосьці задавольваў заклікі галерэйшчыкаў, разьвешаных па сьценах тут і там: «можна маляваць на сьценах у туалеце» ; «прыходзь на адкрыцьцё выставы ў кедах і рваных джынсах»; «можна ўсё, што нельга ў іншых месцах».

Патэнцыйныя пакупнікі прыглядаліся да дызайнэрскіх цацак у выглядзе баксёрскіх пальчатак; прадукцыі кампаніі «адліга»: віртуальная прастора выйшла на рэальныя паліцы. Ужо заўтра на іх налепяць цэньнікі і сёньняшнія экспанаты ператворацца ў тавар.

«Гэта пляцоўка мае ўсе тэхнічныя магчымасьці для прадстаўніцтва на патрэбным узроўні сучаснага беларускага і эўрапейскага мастацтва. Не адна зь іншых пляцовак проста не гатовая прымаць эўрапейскага выставы», — кажа Лізавета Міхальчук.

Вяртаньне

Раней каманда «ўшнікаў» стварала культавую галерэю «Падземка», якая нядаўна ператварылася  ў «проста краму». Тады Менск страціў выспу творчай свабоды, а на «беларускім павільёне 53-яй Вэнэцыянскай Біенале» папулярнай стала тэма «закрытай падземкі».


Працы фатографаў на «беларускім павільёне 53-яй Вэнэцыянскай Біенале»

Ганна Чыстасердава і Валянціна Кісялёва сышлі з «Падземкі», каб заняцца стварэньнем таго, што зараз мае назоў «Ў». «Падземка вырашыла займацца толькі камэрцыяй, мы ж будзем займацца мастацтвам», — кажуць супрацоўнікі галерэі.

«Гэта галерэя вельмі цяжка адчынялася, мы вельмі доўга шукалі гэта памяшканьне, але мы знайшлі яго, — кажа Ганна Чыстасердава. — І цяпер Менск атрымаў новую вялікую культурную прастору».

«Таксама мы будзем імкнуцца да таго, каб стварыць новыя беларускія і падтрымліваць старыя імёны», — дадае яна.

Пра будучыню ня самага бесклапотнага ў фінансавым пляне праекта казаць рана. Але можна быць упэўненым у тым, што нарэшце ў беларускай Вікіпэдыі зьявіцца паўнавартасны артыкул на літару Ў. І яна таго заслугоўвае.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0639 seconds.