Кожны пяты хоча, каб беларуская мова стала адзінай дзяржаўнай

Толькі 19.8% беларусаў выступаюць за наданьне беларускай мове статуса адзінай дзяржаўнай, сьведчыць апошняе нацыянальнае апытаньне НІСЭПД. Большасьць выступае за захаваньне стану суіснаваньня дзьвюх дзяржаўных моў, што адпавядае вынікам папярэдніх дасьледаваньняў сацыёлягаў, прысьвечаных мове.

Калі б заўтра адбыўся рэфэрэндум аб тым, якая мова павінна быць у Беларусі дзяржаўнай, звыш паловы рэспандэнтаў НІСЭПД прагаласавалі б «за дзьве дзяржаўныя мовы — беларускую і рускую». Толькі «за рускую» прагаласавалі б 15% рэспандэнтаў, а толькі «за беларускую» — 19.8%.

Дадзеныя былі атрыманыя пад час апытаньня, зладжанага Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў у верасьні 2009 году.

Адносна пытаньня мовы замежных СМІ, якія вяшчаюць на Беларусь, меркаваньне рэспандэнтаў яшчэ больш катэгарычнае: амаль 30% лічаць, што замежныя радыё і тэлепраграмы для Беларусі павінны вяшчаць «і на рускай, і на беларускай» («на рускай» — 21%, «на беларускай» — 9.9%).

Гэта пытаньне задавалася у сувязі са зьмяненьнем мовы вяшчаньня Радыё «Швэцыя» на Беларусь. Нагадаем, што нядаўна вяшчаньне радыё з-за праблем з фінансаваньнем было пераведзенае зь беларускай на рускую мову.


Маніфестацыя ў Стакгольме супраць спынення вяшчання беларускамоўнай рэдакцыі "Радыё Швецыя". Фота "Радыё Швецыя" 

Згодна з папярэднімі дасьледаваньнямі цэнтру, цікаўнасьць да беларускай мовы падае. Так у чэрвені 2008 г. толькі 2.2% насельніцтва Беларусі карысталіся ў паўсядзённым жыцьці беларускай мовай (у пачатку 2007 г. гэты паказчык складаў 5.2%). Адначасова, колькасьць людзей, якія ўжываюць і беларускую і рускую, павялічылася на 3% (17.3% у чэрвені), як і колькасьць тых, хто ўжывае «зьмяшаную» мову (амаль 27%).

Рускай мовай у Беларусі карысталася тады крыху болей за палову насельніцтва (53.1%). За апошні час іх колькасьць зьменшылася на 1.1%.

Іншыя дадзеныя мае інфармацыйна-аналітычны цэнтар пры Адміністрацыі прэзыдэнта, які нядаўна абвясьціў вынікі дасьледаваньня аб ужываньні беларускай мовы ў грамадзтве. Згодна зь імі, 72% рэспандэнтаў карыстаюцца ў паўсядзённым жыцьці рускай мовай, 11.9% — беларускай. У хатніх умовах часта ці час ад часу ўжываюць беларускую мову 35,1% рэспандэнтаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0599 seconds.