На працягу амаль 2 гадзінаў зь Беларусі адсутнічаў доступ у Інтэрнэт

За выключэньнем карыстальнікаў дзяржаўнага правайдэра ByFly большасьць беларусаў не магла далучыцца сёньня да сэрвэраў, якія знаходзяцца па-за межамі краіны з 11.00 да 12.39. Найбольш верагоднай прычынай аварыі напачатку называліся працы па пашырэньні вонкавага каналу, аднак пазьней Белтэлекам абверг такія меркаваньні.

Каля 11.00 бальшыні беларускіх карыстальнікаў Сеціва раптоўна сталі недаступныя сайты, што месьцяцца за межамі Беларусі, таксама перасталі працаваць Skype, ICQ і іншыя сэрвісы інтэрнэт-камунікацыяў. Да 12.39 толькі сайты, якія хосьцяцца на пляцоўках Белтэлекаму адчыняліся ў браўзэрах.

За гэты час карыстальнікі высунулі дзесяткі магчымых варыянтаў збою. Сярод іх камічныя кшталту «цяжкі дзень пасьля ўчорашняга сьвята» і тое, што адзіны кампэтэнтны супрацоўнік Белтэлекам зараз знаходзіцца ў адпачынку.

Тым часам паступова стала зразумела, што доступ да замежных рэсурсаў адсутнічае толькі ў карыстальнікаў прыватных правайдэраў —  інтэрнэт ад дзяржаўнай кампаніі Byfly працуе без перашкодаў.

Пазьней неназваны супрацоўнік аднаго з прыватных правайдэраў пракамэнтаваў сытуацыю рэсурсу Electroname:

«Паводле нашай інфармацыі збой адбыўся з-за працаў па пашырэньні вонкавага каналу. На жаль, у першую чаргу збой «ударыў» па каналу для прыватных правайдэраў. Карыстальнікаў Byfly гэта амаль не закранула. Мы пакуль ня маем дакладнага часу яго выпраўленьня. Чакаем, ад нас зараз мала што залежыць»

У 12:39  Інтэрнэт у Беларусі запрацаваў і праз некалькі гадзінаў зьявіліся першыя афіцыйныя тлумачэньні Белтэлекаму.

Як паведаміў Interfax начальнік прэс-службы «Белтэлекам» Аляксей Федарынчык, праблемы з доступам у Інтэрнэт былі зьвязаныя з працамі на маршрутызатары, які забясьпечвае доступ беларускіх правайдэраў да замежных рэсурсаў.

vojur 13:55, 01/10/2009 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1807 seconds.