Блогеры за экалягічны дабрабыт

Блогеры — даўно ня новае і не незразумелае слова, гэта ўжо мэйнстрым. Іх публікацыі перадрукоўваюцца ў звычайных СМІ, а па некаторых зь дзёньнікаў пішуцца кнігі.

Эўрапейскі Журналісцкі Цэнтар каторы год зьвяртае ўвагу на грамадзкіх журналістаў і ўжо другі раз ладзіць «Міжнароднае спаборніцтва блогераў». Другі тур гэтага спаборніцтва прайшоў у сталіцы Даніі Капэнгагене з удзелам болей 90 блогераў, у тым ліку і зь Беларусі.

 

Тэмай мерапрыемства абралі вельмі актуальныя зараз кліматычныя зьмены. У госьці да сучасьнікаў Ганса Хрысьціяна Андэрсана прыехалі больш за 90 блогераў з амаль 70 краінаў сьвету — усе краіны Эўропы, ЗША, Канада, Кітай, Індыя, Японія. З постасавецкіх прастораў дэсант быў невялікі: прадстаўнік Казахстану і я зь Беларусі.

Першы дзень праходзіў у звышсучасным цэнтры «Bella Centre», дзе перад удзельнікамі спаборніцтва выступілі Таша Эшэнсэр (рэдактар часопісу National Geographic), Рамэш Яўра (рэгіянальны дырэктар Міжнароднага прэс-цэнтру), Геральд Трафэтэр (журналіст нямецкай газэты «Spiegel»), Ашбёрн Ёргэнсэн (Дацкая школа мэдыя і журналістыкі).

Кожны ўдзельнік атрымаў у падарунак маленькую камэру Flip minoHD, а таксама шанец у выпадку перамогі стаць уладальнікам лэптопу MacBook Pro. Тры лепшых блогеры патрапяць на канфэрэнцыю па падпісаньню міжнароднай дамовы аб скарачэньні брудных выкідаў у атмасфэру, якая пройдзе ў Капэнгагене 15 студзеня.

На другі дзень усе дружна накіраваліся глядзець экалягічную вёску Дзюбэльсбро, якая знаходзіцца ў 70 кілямэтрах ад сталіцы. Лялечныя домікі, ветраныя электрастанцыі і сучасныя тэхналёгіі спалучаюцца ў гэтым месцы. Блогераў пакармілі экалягічнай ежай і адказалі на ўсе іх пытаньні.

Гэта былі апошнія справы ў мерапрыемстве, і пасьля вёскі ўдзельнікі разьехаліся/разьляцеліся па дамох. Але само спаборніцтва яшчэ толькі пачалося!

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1045 seconds.