За добрыя навіны можна і заплаціць

Што чакае папяровыя газэты: сьмерць альбо трыюмф у онлайне? Апошнія дасьледаваньні кажуць, што чытачы, у прынцыпе, ня супраць заплаціць за падпіску на онлайн выданьне. А пакуль наклады газэт падаюць, і чытачы аддаюць усё больш перавагі онлайн вэрсіям вядомых выданьняў, працягваецца спрэчка аб тым, ці варта газэтам рабіць платнымі іх інтэрнэт-вэрсіі.

Галоўная праблема сусьветнай індустрыі вельмі простая: з узрастаньнем значнасьці вэб-кантэнту выдаткі газэт ужо не пакрываюць іх даходы. І сытуацыя становіцца горш літаральна з кожным днём, бо ўсё болей і болей чытачоў пераходзяць з папяровай прэсы на чытаньне газэт у Інтэрнэце.

Напрыклад выданьне The Boston Globe (уладальнік The New York Times Company) згубіла $50 мільёнаў у мінулым годзе і згубіць яшчэ $85 мільёнаў у гэтым. А ў Вялікабрытаніі знакаміты The Telegraph губляе больш за $300 тысяч кожны тыдзень. У выніку некаторыя выданьні вымушаныя зачыняцца і ператварацца ў мэдыйныя сайты. Але ці магчыма гэта ў выпадку агульнанацыянальнай прэсы?

 

Адзіным выйсьцем многія экспэрты бачаць пераход выданьняў да платнага кантэнту. Журналіст і адзін са стваральнікаў сэрыялу The Wire Дэвід Сайман у сваім артыкулы для часопісу Columbia Journalism Review заклікае буйнейшыя выданьні ЗША, The New York Times і The Washington Post, скаапэравацца і ў адзін цудоўны дзень абвесьціць аб зачыненьні бясплатнага доступу да ўсіх артыкулаў на іх сайтах.

Ці пажадаюць чытачы плаціць за навіны, якія пры жаданьні можна будзе знайсьці і на іншых рэсурсах? Калі чалавек набывае газэты, кажа блогер Джон Грубэр, ён плаціць за сам факт дастаўкі і друку копіі газэты. Але за што будзе плаціць чытач, калі яму прыйдзецца набываць кантэнт онлайн, яго спажывецкая філязофія не тлумачыць.

Нядаўнія дасьледаваньні кажуць, што чытачы ва ўсім сьвеце гатовыя плаціць за онлайн навіны, перш за ўсё фінансавага характару. У апытаньні арганізацыі Pricewaterhousecoopers прынялі ўдзел больш за 4900 спажыўцоў з ЗША і Эўропы. Вынікі пазытыўныя перш за ўсё для газэт, разьлічаных на бізнэсоўцаў.

Паводле апытаньня, рэспандэнты гатовыя плаціць 97% ад кошту традыцыйных дзелавых газэт. І гэта ў выпадку, калі онлайн навіны будуць такой жа якасьці, як і іх папяровыя  варыянты. Да прыкладу ў спартовых выданьняў атрымаецца зарабіць ня больш як 77% ад іх папяровага кошту за інтэрнэт падпіску, кажа апытаньне.

Варта дадаць, што падпіска на газэты для бізнэсоўцаў звычайна каштуе ў два разы болей за падпіску на звычайныя выданьні, а падпіска на онлайн вэрсію такой газэты, як Financial Times, існуе даўно і прыносіць нядрэнны прыбытак.

Таму буйныя выданьні вымушаныя шукаць новыя тэхнічныя рашэньні, якія б дазволілі і прадаваць кантэнт у Сеціве, і даваць карыстальнікам нешта большае, чым набор літар на экране манітора. Адзін з прыкладаў такога падыходу — праграма Times Reader 2.0, якая дазваляе ў офлайне чытаць артыкулы The New York Times. Збольшага, за невялікую плату. Праз сайт тыя ж артыкулы даступныя абсалютна бясплатна.

Газэты так ці інакш будуць вымушаныя альбо адаптавацца да новых умоў, альбо зьнікнуць, кажуць экспэрты. А пакуль прагнозы Pricewaterhousecoopers для індустрыі ня надта суцяшальныя: у гэтым годзе глябальны рынак газэт зьменшыцца на 10.2% і будзе падаць на 2% штогод да 2013 году.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1279 seconds.