Вясна. Студэнты пратэстуюць

Нямецкая моладзь выйшла на вуліцы баварскіх гарадоў. Зачыненыя ў інтэрнатах кітайскія студэнты пратэстуюць на ўсходзе Паднябеснай. У Турыне студэнты з усёй Эўропы ладзяць пагромы. Апошнія тыдні вясны афарбавалі сьвет у колеры студэнцкіх пратэстаў.

У Аўганістане ёсьць даўняя народная прыкмета: «набліжаецца вясна — даставай калашнікаў». Гэты звычай па-свойму рэалізуюць зараз студэнты ва ўсім сьвеце, якія напрыканцы вясны выйшлі на шматтысячныя акцыі пратэсту ў Эўропе і Азіі. Агульны матыў ва ўсіх — крызыс. А вось вынік у кожнага свой.

500 эўра за сэмэстар ў Нямеччыне

Пра зьбіцьцё студэнткі і двухдзённыя пратэсты ў адным з унівэраў Кітая мы ўжо пісалі. А вось у Нямеччыне студэнты на мінулым тыдні выйшлі на вуліцы з патрабаваньнямі адмены платы за навучаньне. Як перадае Deutsche Welle, у акцыях пратэсту ўзялі ўдзел каля 13 тысяч чалавек.


У час студэнцкіх пратэстаў у Баварыі

Два гады таму у нямецкіх унівэрсытэтах пачалі спаганяць грошы за навучаньне. Як правіла, гаворка ішла пра 500 эўра за сэмэстар. З тых часоў моладзь рэгулярна пратэстуе. На гэтым тыдні на барыкады выйшлі студэнты ў Баварыі. Дэманстрацыі адбыліся па усёй фэдэральнай зямлі.

Пакуль улады сьцьвярджаюць, што існуючая сыстэма платы за навучаньне сацыяльна справядлівая, бо ўтрымлівае шэраг выключэньняў, і не зьбіраюцца яе зьмяняць.

Турынская яйкакідалаўка

Тым часам у Турыне некалькі дзён працягваліся баі паміж студэнтамі і паліцыяй. Усё пачалося з таго, што ў горад на сэмінар зьехаліся каля 40 рэктараў розных эўрапейскіх унівэрсытэтаў.

«Для студэнтаў гэта вельмі добрая магчымасьць адстаяць свае правы і сказаць, што яны не задаволеныя тымі справамі, якія зараз адбываюцца ва ўнівэрах», — распавядае нам студэнтка другога курсу ўнівэрсытэту Флярэнцыі Саша.


Сутыкненьні студэнтаў з паліцыяй у Турыне

Пратэсты распачаліся ў тым ліку і з-за таго, што ўдзельнікам нефармальнай канфэрэнцыі студэнтаў Шэрвудзкі кэмп не дазволілі вольна перамяшчацца па тэрыторыі ўнівэрсытэтаў Турыну. У выніку студэнты перакрылі пад’езды да будынкаў, дзе мусіў адбывацца сэмінар рэктараў, нацягваючы дрот паміж сьвятлафорамі і запальваючы дымавыя шашкі.

Карабінэры адціснулі маніфэстантаў ад месца правядзеньня сустрэчы, ужыўшы сілу. У адказ студэнты закідалі паліцыю яйкамі. Некалькі маніфэстантаў былі затрыманыя, піша «Независимая газета».

«Агулам Шэрвудзкі кэмп зьбіраўся як фэст глябальных ідэяў. Студэнты зьехаліся для таго, каб напісаць некалькі сваіх праграмаў разьвіцьця і пасьля прадставіць іх рэктарам, а ня кідацца яйкамі ў паліцыю», — кажа Саша, чые сябры мусілі ўзяць удзел у акцыях у Турыне.

Адна зь ідэяў кэмпа, як сьведчыць сайт канфэрэнцыі, — «прапаганда сапраўднай «дэмакратычнай рэвалюцыі».

Асноўным матывам для незадаволенасьці італійскіх студэнтаў сталі новыя антыкрызысныя правілы, па якім працуюць цяпер італійскія ВНУ. Скарачаюцца альбо скасоўваюцца стыпэндыі дактарантам, зьявілася забарона на прыняцьце на працу новых выкладчыкаў на працягу бліжэйшых 2 год. У той жа момант, як сьцьвярджаюць італійскія студэнты, затраты на войска ўрад зьмяншаць не зьбіраецца.

Ва ўсім вінаватая вясна?

Усплёск студэнцкіх пратэстаў увесну можна таксама патлумачыць меркаваньнем псыхіятраў, згодна зь якім вясна — самая цяжкая для псыхікі пара году.

Так, паводле дадзеных брытанскай сеткі клінік The Priory Group, найвялікшая колькасьць самагубстваў прыходзіцца на травень. Усяму віной, лічыць кіраўнік дасьледаваньня прафэсар Крыс Томпсан, ўзрослая інтэнсіўнасьць сонечных прамянёў.

У пэрыяд біялягічнай вясны ў арганізьме парушаецца ўзаемадзеяньне біярытмаў розных ворганаў і сыстэм. У выніку, у вясновы пэрыяд прырост суіцыдальных намераў і дзеяньняў можа скласьці да 10%.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0889 seconds.