Сутыкненьні студэнтаў з паліцыяй адбыліся ў Кітаі

Сотні студэнтаў выйшлі на вуліцы гораду Нанкін, што знаходзіцца ў цэнтральна-ўсходнім Кітаі. Паведамляецца пра 30 пацярпелых і разьбітай студэнтамі паліцэйскай машыне.

Хваляваньні сярод студэнтаў Унівэрсытэту авіяцыі і касманаўтыкі распачаліся яшчэ 18 траўня, калі мясцовая ўзброеная ахова паспрабавала зачыніць пляцоўку, на якой студэнты, па меркаваньню ўладаў, займаліся нелегальным гандлем. Згодна зь сеціўнымі допісамі сьведкаў падзей, ахова зьбіла студэнтку ўнівэрсытэту. У той жа вечар некалькі тысяч студэнтаў выйшлі на вуліцы і часткова перакрылі рух у горадзе.

Пратэсты працягнуліся 19 траўня. Была разьбітая паліцэйская машына, пяць чалавек затрыманыя.

Як паведаміў агенцыі AP прадстаўнік мясцовых уладаў, ніякіх хваляваньняў і зьбітых студэнтаў у горадзе няма. Разам з тым, паведамленьні і фотаздымкі ў Сеціве сьведчаць пра адваротнае.

На здымках бачныя лёзунгі на кітайскай і ангельскай мовах, што трымалі студэнты падчас выступленьняў. Сярод іх «нягвалт і некаапэрацыя», а таксама «дапаможам неабароненым сацыяльным групам і пабудуем гарманічнае грамадзтва». Гэтыя словы высьмейваюць любімыя лёзунгі камуністычнага кіраўніцтва Кітаю.

 

Як паведамляюць ананімныя карыстальнікі Сеціва, адразу пасьля пачатку пратэстаў большасьць студэнтаў была заблякаваная на тэрыторыі інтэрнатаў. Але гэта не перашкодзіла апошнім разам з пратэстуючымі патрабаваць у аховы выбачэньняў.

Дадатковай пікантнасьці падзеям надае факт набліжэньня 20-х угодкаў крывавага разгону студэнцкіх выступленьняў на плошчы Цяньаньмынь у Пэкіне.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.061 seconds.