Адзіныя здымкі Беларусі ў Сусьветнай лічбавай бібліятэцы зьявіліся дзякуючы ўнікальнаму альгарытму менскага праграміста

У штаб-кватэры ЮНЭСКА прайшла цырымонія адкрыцьця Сусьветнай лічбавай бібліятэкі. На wdl.org любы карыстальнік Сеціва можа пазнаёміцца з электронным сховішчам інфармацыі па культурных дасягненьнях розных народаў сьвету.

Чвэрць усіх дакумэнтаў, якія прадстаўляюць у бібліятэцы Беларусь — першыя каляровыя здымкі нашых земляў — зьявіліся ў сховішчы дзякуючы працы менскіх энтузіястаў. Аляксандар і Павал Вейнікі распавялі Generation.bY пра асаблівасьці працы над унікальнай калекцыяй.

Стварэньне Сусьветнай лічбавай бібліятэкі (World Digital Library) было прафінансаванае такімі кампаніямі, як Google і Microsoft. Фармаваньнем World Digital Library займаліся арганізацыі з 19 краін сьвету, а карыстацца бібліятэкай можна на сямі мовах.

Для першай фазы праекту было алічбавана каля 1200 дакумэнтаў, у тым ліку рукапісныя і друкаваныя кнігі, часопісы, фота, аўдыёзапісы, старыя кінахронікі. Дакумэнты можна праглядаць у розных рэжымах, павялічваць і памяншаць малюнак, некаторыя аб’екты даступныя для запампоўкі.

У разьдзеле «Беларусь» у бібліятэцы пакуль ёсьць толькі 12 дакумэнтаў, чацьвертая частка якіх — унікальныя каляровыя здымкі Полацку і Віцебску. Здымкі былі зробленыя ў 1912 годзе знакамітым фотамастаком Сяргеем Пракудзіным-Горскім па тэхналёгіі, цалкам скарыстацца плёнам якой чалавецтва здолела толькі на пачатку ХХІ стагодзьдзя. І бачыць здымкі зараз мы можам дзякуючы альгарытму, распрацаванаму ў Менску.

Вучань Мендзялеева, Пракудзін-Горскі выкарыстоўваў арыгінальную тэхналёгію сумяшчэньня трох фільтраў. Каб надрукаваць фатаграфію, фотамастаку трэба было спачатку на чорна-белую шкляную пласьціну зрабіць тры экспазыцыі з дапамогай чырвонага, сіняга і зялёнага сьвятлафільтраў. Розныя па колеры фрагмэнты сумяшчаліся — толькі тады атрымліваўся малюнак.

Пракудзін-Горскі эміграваў з Расеі, асеў у Парыжы. Пасьля яго сьмерці здымкі трапілі ў бібліятэку кангрэсу ЗША, дзе і знаходзяцца зараз. Пра фотаздымкі зноў узгадалі, калі некалькі фотапласьцін падараваў Міхаілу Гарбачову прэзыдэнт ЗША Буш-старэйшы.

Полацк
Віцебск. 1912 г. Фота Пракудзіна-Горскага.

Аднавіць здымкі ў колеры, нягледзячы на ўсе спробы зрабіць гэта, ні ў каго не атрымлівалася. Але у 2003 годзе справай сумяшчэньня выяваў заняліся Аляксандар і Павал Вейнікі.

«Праца над здымкамі заняла чатыры гады», — кажа праграміст Павал Вейнік, выкладчык БДУІР. «Шмат часу было аддадзена на вызначэньне месцаў, дзе яны былі зробленыя, клясыфікацыю здымкаў, стварэньне ўнікальнага альгарытму сумяшчэньня».

Для таго, каб пачаць працу над здымкамі, Вейнікі былі вымушаныя спампаваць каля 120 Гб зыходных файлаў з сайту бібліятэкі кангрэсу ЗША, што ў тыя часы ўжо было маленькім подзьвігам.

«Усе падобныя праекты сумяшчэньня фотаздымкаў скончыліся правалам», — кажа Павал Вейнік.

Усе здымкі Пракудзіна-Горскага, які вельмі шмат езьдзіў па Расейскай Імпэрыі, зараз можна знайсьці на сайце бібліятэкі кангрэсу. Туды, дарэчы, і вядуць спасылкі з Сусьветнай бібліятэкі. Але Вейнікі ня надта засмучаныя тым, што на іх працу спасылак няма:

«Тэрмін дзеяньня аўтарскіх правоў даўно сышоў. Добра, што людзі могуць даведацца пра гэтыя здымкі, бо яны належаць грамадзкасьці».
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0638 seconds.