ReGeneration у брытанскай амбасадзе

Фінал міжнароднага ангельскамоўнага конкурсу аратарскага майстэрства прайшоў у амбасадзе Вялікабрытаніі ў Менску. Па выніках спаборніцтва пераможцы адправяцца ў Лёндан для ўдзелу ў міжнародным фінале і, у выпадку перамогі, здолеюць трапіць на прыём да Яе Вялікасьці. Узровень ангельскай у выступоўцаў, а таксама ўласныя заняткі беларускай пракамэнтаваў для Generation.bY брытанскі амбасадар Найджэл Гулд-Дэвіс.

У спаборніцтве, арганізаваным Саюзам англамоўных (ESU), узялі ўдзел 14 маладых людзей, узрост якіх, па правілах, быў абмежаваны 16 і 20 гадамі. Прамоўцы мусілі падрыхтаваць выступ на тэму, неяк зьвязаную з «Regeneration and Renewal» (адраджэньне і аднаўленьне). Удзельнікі выбіраліся ў розных рэгіёнах Беларусі на папярэдніх спаборніцтвах, пасьля чаго 11 удзельнікаў са сталіцы і 3 удзельніка зь іншых рэгіёнаў Беларусі трапілі на менскі фінал.

ReGeneration у брытанскай амбасадзе

Журы, пад кіраўніцтвам амбасадара Вялікабрытаніі Найджэла Гулд-Дэвіса, назвала лепшымі прамоўцамі студэнтаў МДЛУ Вольгу Сьмірнову і Максіма Жбанкова малодшага (сына вядомага культуроляга Жбанкова).

ReGeneration у брытанскай амбасадзе
Адна з пераможцаў конкурсу Вольга Сьмірнова

ReGeneration у брытанскай амбасадзе
Максім Жбанкоў скарыў журы праблемай эмбрыянальных ствалавых клетак

Максім быў адзін з двух хлапцоў, якія дайшлі да фіналу. Магчыма, з-за гендэрнага дысбалянсу менавіта яго прамова на тэму «мэдычныя дасьледваньні, якія патрабуюць выкарыстаньня эмбрыянальных ствалавых клетак, мусяць быць дазволеныя» эфэктна вылучылася сярод іншых выступаў.

«Вынікі спаборніцтва прадэманстравалі, што ўзровень ангельскай мовы падвышаецца вельмі хутка, у тым ліку і дзякуючы моцнай працы арганізатараў», — адзначыў амбасадар. — «На маю думку, узровень выступоўцаў узрос з часоў леташняга конкурсу (спадар Гулд-Дэвіс уваходзіў у журы і год таму). І амбасада працягне падтрымліваць гэтыя спаборніцтвы ў будучым».

Як адзначыла адна з арганізатараў спаборніцтва Тацьцяна Любімава, «за тыя тры гады, у час якіх у Беларусі праводзіцца гэта спаборніцтва, колькасьць удзельнікаў узрасла больш чым у два разы». Сёлета арганізатары атрымалі каля 100 заявак на ўдзел.

ReGeneration у брытанскай амбасадзе
Тацьцяна Любімава спадзяецца на добрыя для беларусаў вынікі фіналу ў Лёндане

Кожнаму з выступоўцаў адводзілася пяць хвілін на тое, каб прадэманстраваць сваё майстэрства і яшчэ некалькі хвілін, каб адказаць на пытаньні іншых удзельнікаў. Большасьць выступоўцаў кранулі публіку высокім пілятажам у аратарскім майстэрстве, добрым кіраваньнем увагай залі, эфэктнымі рухамі і тэатральнымі прыёмамі. Галоўным крытэрам для перамогі быў зьмест выступу, а таксама стыль прамовы і некаторыя іншыя крытэры, якія, аднак, ня гралі вызначальнай ролі.

Гэта далёка ня першае культурніцкае мерапрыемства, якое падтрымлівае брытанская амбасада з часу прызначэньня ў 2008 годзе Найджэла Гулд-Дэвіса амбасадарам.

ReGeneration у брытанскай амбасадзе
Амбасадар Вялікабрытаніі ў Беларусі Найджэл Гулд-Дэвіс

«Нягледзячы на закрыцьцё менскага прадстаўніцтва брытанскай рады (british counsil) ў 2000 годзе, наша амбасада працягвае падтрымліваць культурніцкія праекты ў Беларусі. Мы арганізоўвалі мастацкае спаборніцтва для беларускіх дзяцей, сьвяткаваньне Хэлоўіна, вечар Шэксьпіра і шмат іншых падзей», — падкрэсьліў Гулд-Дэвіс.

Амбасадар, бадай, адзіны дыплямат зь іншай краіны ў Беларусі, які мае ўласны блог. Вядзе ён яго па-руску і па-беларуску.

«Я гавару па-руску, бо правёў чатыры гады, працуючы ў Брытанскай амбасадзе ў Расеі. Адно з маіх расчараваньняў, што я ня здолеў пакуль вывучыць беларускую мову ў тым памеры, у якім я жадаю. Я пачаў браць ўрокі беларускай мовы. Але, на вялікі жаль, я ня мог займацца беларускай мовай у дастатковым аб’ёме. Спадзяюся, што з часам здолею павысіць мае веды ў беларускай да належнага ўзроўню. Я вельмі жадаю гэтага», — дадаў брытанскі амбасадар, які некалькі дзён таму разам зь іншымі амбасадарамі ўзяў удзел у другой беларускай агульнанацыянальнай дыктоўцы.

Дыплямат выказаў спадзяваньне, што ў нашай краіне конкурс аратарскага майстэрства будзе арганізаваны і для беларускамоўных выступоўцаў. Каб падкрэсьліць значнасьць здольнасьці рабіць добрыя прамовы, амбасадар прыгадаў двух знакамітых аратараў сучаснасьці — Бараку Абаму і Ўінстана Чэрчыля.

«Мы былі вельмі радыя падтрымліваць гэтыя спаборніцтва. Арганізацыя ESU была заснаваная, каб дамагчыся большага распаўсюду ангельскай мовы за межы Вялікабрытаніі. І зараз, з падвышэньнем цікаўнасьці да мовы, значнасьць ESU толькі ўзрастае», — дадаў спадар Гулд-Дэвіс.

«Беларусы ўдзельнічаюць у спаборніцтве толькі трэці год, таму мы вельмі спадзяемся на пераможцаў сёлетняга фіналу конкурсу», — адзначыла Тацьцяна Любімава.

Саюз англамоўных (English Speaking Union ці ESU) — дабрачыннае таварыства, заснаванае ў 1918 годзе з мэтай аб’яднаць аднамоўных людзей ЗША і Вялікабрытаніі. Цяпер аб’яднаньне ахоплівае больш за 50 краін.

ReGeneration у брытанскай амбасадзе

Конкурс ESU праводзіцца з 1981 году. Адным з першых кіраўнікоў Саюза англамоўных быў прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Ўінстан Чэрчыль. Конкурс мае тры асноўныя мэты: разьвіцьцё ў маладых людзей практычных навыкаў публічных выступаў, стымуляваньне вывучэньня ангельскай мовы і атрыманьне камунікатыўных навыкаў у неангламоўных краінах, зьяднаньне студэнтаў з розных краін.

ReGeneration у брытанскай амбасадзе

Аўтар фота Julia Fox

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0627 seconds.