Радзівілімонты — «найвыдатнейшы помнік беларускай архітэктуры»

Радзівілімонты

Што хаваецца за гэтай дзіўнай італійскай назвай цяпер? Ня што іншае, як вёска Чырвоная Зорка, якая разам з савецкай уладай прыйшла на зьмену славутай летняй рэзыдэнцыі князёў Радзівілаў. Чытайце новае праДарожжа ў апошнія дні трохсотгадовага палацу.

Гісторыя мястэчка зьвязаная з родам Радзівілаў. Да 1558 г. клецкія землі належалі каралеве Боне, але пасьля адышлі да славутага магнацкага роду. Але Радзівілы, як і іншыя сем’і, хутка памнажаліся, і прыйшоў нарэшце час, амаль як у казцы, дзяліць маёнткі паміж трыма сынамі. Так Клецак адыйшоў да сярэдняга брата Альбрэхта. Стаў тады Альбрэхт звацца «ардынатам», а яго маёнтак у Радзівілімонтах атрымаў статус ардынацыі.

Радзівілімонты
Палац стаіць бяз даху ўжо 16 год

Выпускнік Ляйпцыгскага ўнівэрсытэта, таленавіты дыплямат Альбрэхт Радзівіл зрабіў тут летнюю рэзыдэнцыю свайго роду. Пабудаваны першапачаткова ў рэнэсансным стылі, палац паступова зьмяняў свой выгляд, спалучаючы традыцыі драўлянага і каменнага дойлідзтва. У 1780–1783 гадах узьвядзеньнем новага палацу займаўся італьянец Спампані, які шмат працаваў у Беларусі.

Дзякуючы італьянскаму архітэктару палац набыў унікальную канструкцыю: цэнтральная крыло і ўнутраныя перагародкі зрабілі мураванымі, а вонкавыя сьцены выканалі з дубовага брусу. Дубовы брус абшылі дубовымі дошкамі, таму падаецца, што сьцены складзеныя з бэтонных блёкаў.

Радзівілімонты
Істотным элемэнтам архітэктурнай кампазыцыі зьяўляецца порцік з франтонам дарычнага ордэра, які выкананы ў дрэве, а таксама іншыя элементы, запазычаныя з каменнай архітэктуры.

Беларускі Фаўст

У пачатку XVIII ст. у палацы жыў Марцін Радзівіл — малавядомы дзівак, якога параўноўваюць з пэрсанажам Гётэ Фаўстам. Князь Марцін быў шырока адукаваным чалавекам. Ён ведаў шмат моў (у тым ліку старажытных), захапляўся навукаю і таму меў у Радзівілімонтах добра абсталяваную лябараторыю, дзе займаўся мэдыцынай, фізычнымі і хімічнымі досьледамі, вышукваў філязофскі камень. Прыняў іўдаізм і акружыў сябе выключна габрэямі.

Паступова выявілася спадчынная псыхічная хвароба, з-за якой апошнія вольныя гады жыцьця князя маглі б удастоіцца першых палос крымінальных хронік. Судовыя дакумэнты сьведчаць, што ён трымаў гарэм зь сялянскіх дзяўчат, якіх выкарыстоўваў для ўласных уцех. Народжаных ад іх дзяцей ён забіваў. Праўда, урэшце звар’яцелага распусьніка арыштавалі і асудзілі. Сваё жыцьцё князь скончыў у зьняволеньні ў Слуцку.

Апошнія дні

Раман Афтаназі, руплівы дасьледчык архітэктуры ВКЛ, называе Радзівілімонты найвыдатнейшым помнікам беларускай архітэктуры. Тым часам палац з кожным годам усё болей нагадвае выкінуты на памыйніцу кавалак гістарычнага сьмецьця, якому не знайшлося месца ў новай беларускай рэчаіснасьці.

Радзівілімонты

Парк і сядзіба ў Радзівілімонтах падобныя да Грозава (чытайце расповед пра радзіму слуцкіх паўстанцаў у наступным ПраДарожжы). Пажар 1992 году зьнішчыў страху, пасьля чаго сядзіба паступова пазбаўляецца ад каштоўнага дубовага брусу. Адсутнічае ахова гістарычнага помніку, на тэрыторыі сядзібы стаяць хаты вяскоўцаў.

Радзівілімонты
Стан Палаца Радзівілаў пагаршаецца з кожным годам

Хто яго ведае, можа ўжо праз некалькі год ад Радзівілімонтаў застанецца толькі прыгожая назва, пахаваная пад абыякавасьцю і сквапнасьцю мясцовых уладаў і жыхароў? Але ў вас ёсьць яшчэ шанец убачыць палац уласнымі вачыма.

Далей у гэтым ПраДарожжы вандроўкі ў Янавічы і Стралкава. А пачыналі мы гэтае ПраДарожжа зь Нясьвіжу (частка 1 і частка 2) і Клецку.

мапа Нясвіжу

Чытайце таксама пра гарады й мястэчкі папярэдніх ПраДарожжаў: Іўе, Юрацішкі, Жэмыслаўль, Суботнікі, Геранёны, Тракелі, Ліда, Заслаўе, Вязынка, Плябань, Дубрава.

Аўтар фота Алесь Bezuher, малюнак мапы — tarka

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.3277 seconds.