ПраДарожжа ў Клецк: габрэі саступілі месца беззаконьням

Клецк

Прадарожжа ў маленькі гарадок Клецак, дзе яшчэ стагодзьдзе таму стаяла тры касьцёлы і тры сынагогі. Цяпер яны альбо страчаныя назаўсёды, альбо беззваротна зьмянілі статус.

Драматычныя падзеі разгарнуліся гэтай восеньню ў Клецку. Былы касьцёл дамініканскага кляштару, перададзены пасьля паўстаньня 1833 г. праваслаўнай царкве, пачалі рэканструяваць. У выніку яго выгляд, у парушэньне беларускага заканадаўства, незваротна зьменены.

Клецк

Усе падзеі, як і патрабуе статус месца, у Клецку разгортваюцца на галоўнай плошчы. У цэнтры яе — вялікі сквэр, перад якім стаіць будынак райвыканкаму. А з правага боку ад будынка адзіны з ацалелых помнікаў 17 стагодзьдзя ў горадзе — былы касьцёл і кляштар дамініканцаў, а зараз Царква ўваскрэсеньня Хрыстова.

Клецк

Асьвечаны ў 1684 годзе, касьцёл пад кіраўніцтвам манахаў-дамініканцаў праіснаваў да 1832 года, калі пасьля паўстаньня быў перададзены спачатку расейскаму войску, а затым, згодна з рэзалюцыяй імпэратара Мікалая І, праваслаўнай царкве.

У савецкія часы па традыцыі наўпрост перад храмам пабудавалі цяпер ужо блакітны «Дом быту», да будынку прыляпілі жудасны цагляны корпус, а ўсярэдзіне зрабілі філіял мэханічнага заводу.

Клецк

У 1991 годзе тут пачалася рэканструкцыя, у Клецак прыехаў малады сьвятар Матфей Белавус. Першая служба прайшла ў 1994 годзе, але айцец дагэтуль ня можа прыпыніцца, што выявілася ў нядаўнім скандале, зьвязаным з усталяваньнем на новым чырвоным даху былога касьцёла залатога купалу ў лепшых традыцыях праваслаўнай Русі.

Так сьвятар набыў у журналістаў і мясцовай грамадзкасьці нядобрую славу злоснага парушальніка заканадаўства ў сфэры аховы культурнай спадчыны, бо зьмяніў выгляд помніка архітэктуры, які ахоўваецца заканадаўствам. На жаль, кампанія па абароне былога касьцёлу, распачатая таварыствам аховы помнікаў гісторыі і культуры, ня здолела зьмяніць сытуацыю.

Так ствараецца ўнікальны архітэктурны стыль Беларусі, і цуд, з наданьнем барочнаму касьцёлу псэўдарускага купалу, гэта пацьвярджае.

Мінаючы цэнтральную плошчу горада (Маякоўскага), на якой ужо не пабачыш зьнішчаных досыць унікальных мяшчанскіх хат папярэдняга стагодзьдзя, варта заглянуць у былы шпіталь.

Клецк

Яго чырвоныя цудоўна адрэканструяваныя карпусы выглядаюць на фоне іншых гаспадарчых забудоў даволі прыстойна. Зараз гэта будынкі ЖКГ. Зьдзіўленыя працаўнікі камуналкі зь цікавасьцю глядзяць на вялікія аб’ектывы камер, якія фатаграфуюць прымацаваны пад дахам былога шпіталя блакітны герб гораду. Вось ўжо самі «жэсаўцы» задзіраюць галаву, адчыняючы для сябе архітэктурныя асаблівасьці месца працы.

Крыху далей ад цэнтру стаіць будынак іешывы — вышэйшай габрэйскай навучальнай школы, пабудаванай ў ХХ ст. Зараз у будынку прэстыжнай установы звычайная крама.

Клецк
Габрэйская іешава ў Клецку

Яшчэ ў пачатку XVIII ст. у Клецку быў пабудаваны бэт-мідраш, а ў 1796 г. пры дапамозе ўладальнікаў Клецка князёў Радзівілаў узьведзеная галоўная сынагога. Няхай вас не бянтэжаць гэтыя мудрагелістыя габрэйскія слоўцы. Яшчэ стагодзьдзе таму іх разумелі мінімум 70% насельніцтва гораду — менавіта такі адсотак займалі жыды ў горадзе. Пасьля вайны, сьцьвярджаюць гістарычныя крыніцы, у горадзе засталося жыць «некалькі габрэяў». Так скончылася доўгая гісторыя габрэйскага Клецка.

Клецк
Дзеці гуляюць на гарматах ля краязнаўчага музэю

Нястомныя вандроўнікі канешне ж не забудуцца на царкву Покрыва Прасьвятой Багародзіцы (XIX ст.), на месцы былога драўлянага будынку ўніяцкай царквы (1626 г.). Гісторыкі адзначаюць, што той, яшчэ драўляны будынак здольны быў зьмесьціць да 1500 чалавек.

Чытайце таксама артыкул пра яшчэ адну вандроўку ў сучасны Клецк: «Купляйце беларускае: геаграфічны лікбез з пачаткам у Клецку»

Як даехаць да Клецку

Калі вы фанат менсктрансаўскіх аўтобусаў, то шлях у Клецак зойме 2 гадзіны. Падыходзіць ранішні маршрут з Менску-Ўсходняга ў 8:00 (у Клецку ў 10:35) альбо ў 10:00 (у Клецку ў 12:55). Назад у Менск ёсьць аўтобусы зь Пінску на 16:00 (у Менску ў 21:19 — толькі па суботах) і на 18:00 (у Менску ў 23:40).

Таксама ў Клецку ёсьць чыгунка. Курсуюць электрацыі Слуцак-Баранавічы. Калі ў вас хопіць моцы быць на Менску-Пасажырскім у 4:16, то электрацыямі да Клецку можна дабрацца ўжо ў 8:52. У 19:15 з Клецку выходзіць электрацыя на Баранавічы. Ужо ў 20:13 яна ў Баранавічах, дзе ў 20:30 можна перасесьці на Менскую электрацыю.

Калі вы едзеце па нашаму маршруту з Нясьвіжу, то з 10:15 да 20:25 прыкладна праз кожныя паўтары гадзіны да Клецку ходзяць аўтобусы, пераважна маршруту Менск-Пінск.

Далей у гэтым ПраДарожжы вандроўкі ў Радзівілімонты, Янавічы і Стралкава.А пачыналі мы гэтае ПраДарожжа зь Нясьвіжу (частка 1 і частка 2).

мапа Нясвіжу

Чытайце таксама пра гарады й мястэчкі папярэдніх ПраДарожжаў: Іўе, Юрацішкі, Жэмыслаўль, Суботнікі, Геранёны, Тракелі, Ліда, Заслаўе, Вязынка, Плябань, Дубрава.

Аўтар фота Алесь Bezuher, малюнак мапы — tarka

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0585 seconds.