Унівэрсытэты ў аблозе: беларуска Саша Патапава на студэнцкіх пратэстах у Італіі

 

Былая беларуская студэнтка з БДУІР Саша Патапава стала студэнткай італійскай і раптоўна апынулася ў цэнтры падзеяў шматтысячных студэнцкіх страйкаў супраць рэформы адукацыі. Рэгулярная ўдзельніца звычайна сьціплых колькасна акцыяў у Менску распавядае пра аблогу ўнівэрсытэта ў Італіі і пра тое, што значыць ісьці ў калёне зь мільёну дэманстрантаў, пра параўнальнае і непараўнальнае з студэнцкай актыўнасьці дзьвюх краінаў.

Размова адбывалася ў адным з акупаваных будынкаў Флярэнтыйскага ўнівэрсытэта Італіі, у якім Саша жыве разам зь іншымі студэнтамі ўжо болей за два тыдні.

Некалькі тыдняў Італію страсаюць студэнцкія пратэсты супраць рэформы адукацыі. Рэформа прадугледжвае значнае скарачэньне фінансаваньня на ВНУ і школы, што адаб’ецца на дасьледчыцкай працы ўнівэрсытэтаў, а таксама пацягне за сабой скарачэньне выкладчыкаў. Студэнты ладзяць шматтысячныя акцыі пратэсту, захопліваюць унівэрсытэты і нават жывуць там.

Завітаўшы ў Флярэнцыю звычайным турыстам, я ня ведала, што там аказваецца адбываюцца такія жарсьці. Але на месцы беларуска — Саша Патапава, якая навучаецца ў Флярэнтыйскім унівэрсытэце і зараз прымае актыўны ўдзел у пратэстах, распавяла мне пра сутнасьць студэнцкіх неспакояў.

Саша ўжо некалькі тыдняў жыве ва ўнівэрсытэце і прымае ўдзел у падрыхтоўцы акцыяў пратэсту.


Саша Патапава ў аўдыторыі Флярэнтыйскага ўнівэрсытэту.

«Я была настроена вельмі скептычна, думала што будзе, як у Беларусі і нас прыйдзе меней, але людзей сабралася больш за 35 тысячаў!»

«Гэты законапраект быў прасунуты ў ніжнюю палату парлямэнту Італіі 6 жніўня. Зразумела, што лета і мала хто заўважыць. Потым, ужо ў верасьні, напрыклад, у маім унівэрсытэце, першы тыдзень заняткаў у першакурсьнікаў (яны пачынаюць раней) быў цалкам прысьвечаны тлумачэньню сэнсу рэформы. Супрацоўнікі ўнівэрсытэту проста замест заняткаў распавядалі, як зараз працуюць унівэрсытэты і што зьменіцца», — распавядае Саша.

Якраз у гэты час студэнты, якіх не задавальняе прапанаваная рэформа адукацыі, самі распачалі працу над тым, каб патлумачыць людзям, што адбываецца. Зрэшты, у гэтым і ёсьць вялікая праблема прапанаваных зьменаў: большасьць людзей не разумеюць, як адаб’ецца рэформа на рэальным адукацыйным жыцьці. Таму студэнты й выкладчыкі дагэтуль ладзяць адмысловыя лекцыі для ўсіх жадаючых, дзе тлумачаць сутнасьць рэформы.

«Унівэрсытэты бастуюць супраць 133-га закону, школы — супраць 137-га. Маніфэстацыі пачаліся ў кастрычніку. У Флярэнцыі першая маніфэстацыя была 10-га кастрычніка. Нас было недзе тысячаў пяць. Наступная плянавалася на 16-га ўвечары. Я была настроена вельмі скептычна, думала што будзе, як у Беларусі і нас прыйдзе меней, але людзей сабралася больш за 35 тысячаў. Была неверагодная атмасфэра!»

А ўжо 21 кастрычніка на рэгіянальную акцыю пратэсту ў Таскане сабралася каля 80-ці тысячаў удзельнікаў, сярод якіх студэнты, выкладчыкі, настаўнікі і бацькі.

«Нашыя выкладчыкі праводзяць заняткі на плошчах па ўсім горадзе! Самая цікавая лекцыя, якую я чула на адной з такіх плошчаў, была лекцыя па астрафізыцы. Чытала яе вядомая ня толькі ў Італіі жанчына-астафізык — Маргарыта Хак (Margherita Hack). Ёй больш за 86 год, але яна знайшла сілы, каб стоячы выступіць перад натоўпам у больш чым шэсьць тысяч чалавек».


Сярод удзельнікаў пратэсту і Саша Патапава (у цэнтры).
Выява: filodatorcere.lilik.it.

Аблога ўнівэрсытэтаў

«Бэрлусконі нават пагражаў прымяніць сілу і з дапамогай паліцыі выгнаць студэнтаў з будынкаў сваіх факультэтаў»

Саша жыве ў сваім унівэрсытэце з 20 кастрычніка. Але на іншых факультэтах Флярэнтыйскага ўнівэрсытэту аблога пачалася яшчэ ў пачатку мінулага месяца. Самым першым быў акупаваны факультэт навук, потым — аграрны, далей — матэматычны, паліталягічны і юрыдычны факультэты, за імі інжынэрны, дзе навучаецца Саша. Такім чынам, былі заблякаваныя ўсе 12 факультэтаў.

«На пачатку да нас ня было ніякай справы — ніхто нічога ня ведаў, прэса маўчала. Але ж калі пратэсты дасягнулі вялікай колькасьці ўдзельнікаў, то міністар адукацыі і прэм’ер-міністар рэспублікі Сільвіо Бэрлусконі правялі прэс-канфэрэнцыю. Бэрлусконі нават пагражаў прымяніць сілу і з дапамогай паліцыі выгнаць студэнтаў з будынкаў сваіх факультэтаў, калі яны будуць трымаць аблогу далей. Але пабачыўшы, што пратэстныя настроі не сьціхаюць, а студэнты атрымліваюць усё болей і болей падтрымкі, хуценька адмовіўся ад сваіх словаў».

Ужо на 30 кастрычніка студэнцкія пратэсты дасягнулі такога размаху, што на дэманстрацыю ў Рыме сабралася больш мільёну студэнтаў. На масавасьць мітынгу паўплывала таксама спроба міністаркі адукацыі Maria Stella Gelmini прапанаваць іншы праект рэформы ўнівэрсытэту, яшчэ больш спрэчны, але ж Бэрлусконі прытармазіў гэта. Праўда, за тыдзень да рымскай акцыі ўсё ж быў прыняты закон 137 пра рэформу школы, паводле якога скароцяць колькасьць гадзін навучаньня, колькасьць настаўнікаў на кляс да аднаго, увядуць у атэстат адзнаку за паводзіны і інш.

Жыцьцё ў акупаваным унівэрсытэце

«Жыць тут — значыць ночыць у спальніках у аўдыторыях, прачынацца перад тым, як адчыняць брамы, мыцца ў прыбіральнях»

«За больш чым два тыдні, якія мы працуем разам, мы ўсе ператварыліся ў адну вялікую сям’ю. Усё гэта праца ў калектывах. Кожны займаецца тым, на што ён здольны: робіць улёткі, зьбірае інфармацыю, наладжвае працу з выкладчыкамі і інш.

Жыць тут — значыць ночыць у спальніках у аўдыторыях, прачынацца перад тым, як адчыняць брамы (а гэта адбываецца раней за 8), мыцца ў прыбіральнях. Але ж гэта неабходна. Мы адзіная каманда. Разам гатуем вячэру, разам ладзім нашыя вечары, разам прымаем рашэньні».

Зараз сярод студэнтаў актыўным ходам ідуць абмеркаваньні акцыі «24 гадзіны заняткаў нон стоп» — ідэя ў тым, што 24 гадзіны без перапынку будуць ісьці заняткі. У корпусе Сашы навучаюцца студэнты з 4 розных факультэтаў. Такім чынам, іх 24 гадзіны будуць падзеленыя на лекцыі для інжынэраў, мэдыкаў, фармацэўтаў ды біёлягаў.

А напрыканцы гэтага тыдню ў Флярэнцыі адбудзецца нацыянальная студэнцкая асамблея, куды зьбіраюцца студэнты з усёй краіны. Толькі з аднаго рэгіёну ў Флярэнцыю едзе 5 аўтобусаў студэнтаў.

Пра Беларусь і Італію

«Калі да нас на лекцыях у БДУІР прыходзіла міліцыя, а потым нас усіх падымалі і пералічвалі то тут такое сабе складана нават уявіць»

Перад навучаньнем у Флярэнцыі Саша Патапава некалькі год вучылася ў Менску ў БДУІР, таму можа параўнаць ступень студэнцкіх свабодаў у Беларусі і Італіі. Будучы зараз у цэнтры пратэстнага руху ў Італіі, найперш Сашы зь Беларусі ўзгадваецца настрой вясны 2006 году.

«Калі да нас на лекцыях у БДУІР прыходзіла міліцыя, а потым нас усіх падымалі і пералічвалі то тут такое сабе складана нават уявіць. Студэнт у Італіі — вольны чалавек, ён заўсёды мае сваё меркаваньне. Калі мне нешта не падабаецца, я магу гэта выказаць, падзяліцца з усімі, з усёй краінай, сваім пратэстам, сваімі ідэямі.

У Італійскіх унівэрсытэтах ёсьць студэнцкія арганізацыі, але ты не абавязаны быць іх сябрам. І няма такога, каб на нейкае сьвята ці мерапрыемства студэнтаў прымусова заганялі.

Узгадваецца, як на другім курсе БДУІР нас усіх заганялі глядзець хакей зь беларускім прэзыдэнтам. А на наступны дзень у мяне быў іспыт па вышэйшай матэматыцы. Нам сказалі, што калі нехта ня пойдзе на гэты прагляд (там зьбіралі подпісы ўсіх прысутных), то ў ведамасьці будзе стаяць нядопуск да іспыту. У Італіі такога няма. Гэта тваё права — самаму выбіраць, дзе і калі ты хочаш быць. Студэнты значна больш вольныя».

Рэформа адукацыі й студэнцкія пратэсты падзялілі італійскае грамадзтва. Адныя выступаюць супраць рэформы і ўдзельнічаюць ў маніфэстацыях, іншыя асуджаюць маніфэстантаў і вінавацяць у змаганьні не з рэформай, а супраць улады і Бэрлусконі. Падзеі абмяркоўваюць і ва ўнівэрсытэтах, і на кухнях мікрараёнаў, бо рэформа адукацыі адаб'ецца на кожным. Хіба што яшчэ выбары ў ЗША так актыўна абмяркоўваюцца ў Італіі, як і ва ўсім сьвеце.

Але на 14 лістапада ўжо заплянаваная генэральная маніфэстацыя супраць адукацыйнага законапраекту ў Італіі, а пакуль аблога ўнівэрсытэтаў працягваецца. Студэнты з усёй Эўропы праз эўрапейскі студэнцкі зьвяз ESU падтрымліваюць студэнцкі рух у Італіі.

Фотарэпартаж зь італійскага ўнівэрсытэту ў аблозе

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0882 seconds.